Пятница, 13 июня 2025

Самалёт МіГ-17, што ўстаноўлены каля гарадскога возера, «паляцеў» на рэстаўрацыю

457

У рэдакцыю паступіў званок ад жыхара горада. Грамадзяніна хвалявала пытанне: «Куды знік самалёт?». Гутарка ішла пра помнік лётчыкам 33-га знішчальнага палка, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, — самалёт МіГ-17, устаноўлены каля гарадскога возера.

З пытаннем мы звярнуліся ў КУВП «Камунальнік». Начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела Галіна Гардзей паведаміла, што райвыканкам даручыў выканаць рамонт помніка да 9 мая 2023 г. Таму самалёт быў зняты з пастамента, які, дарэчы, таксама будзе дэманціравацца. Згодна з гэтым распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя.

Спецыялісты ўзвядуць новы пастамент, а самалёт пачысцяць і пафарбуюць. Таксама рабочыя паклапоцяцца аб добраўпарадкаванні падыходаў да помніка: тут будзе пакладзена новая тратуарная плітка.

Юлія Янушка. Фота аўтара