Четверг, 17 апреля 2025

Салодкія мары ўвасабляе ў жыццё кандытар-самавучка Наталля Ануфрыенка

640

Калі ўпершыню заказала набор капкейкаў у кандытара, якая працуе на даму, хвалявалася: а раптам не спадабаюцца афармленне і смак дэсертаў? Але пераступіла парог кватэры, дзе жыве Наталля Ануфрыенка, — і нечакана адчула: ад маладой гаспадыні зыходзіць рэдкая па сваёй сіле, прыцягальная энергетыка… Тады і зразумела: гэты кандытар не падвядзе.

«Хтосьці добра пахваліў»

Назіраючы за Наталляй і яе кандытарскай дзейнасцю, я не магла паверыць, што ў настолькі неардынарнага чалавека ў дзяцінстве не было ніякага хобі.

У школьныя гады, якія прайшлі ў Хараве, дзяўчына лавіла сябе на думцы, што, напэўна, магла б стаць някепскім арганізатарам вяселляў, аднак куды мацней яе цягнула да настаўніцкай дзейнасці. Пасля заканчэння БрДУ імя А.С. Пушкіна выкладала гісторыю ў Шаняўской школе, у СШ №5, дзе потым заняла пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. Але неўзабаве маладая настаўніца пачала збірацца ў дэкрэтны водпуск. Прыкладна ў гэты час у Наташыным жыцці ўжо з’явілася захапленне кандытарскай справай.

— Аднойчы вырашыла прыгатаваць торт на дзень нараджэння камусьці з блізкіх. Відаць, на сямейным свяце мяне пахвалілі так, што захацелася працягнуць гэтую справу, — усміхаецца мая суразмоўца.

Канечне, не ўсё з першага разу атрымлівася ідэальна, аднак заўсёды падтрымлівалі родныя. І вось настаў момант, калі яны ж падштурхнулі Наташу да стварэння тортаў на заказ для шырокага кола кліентаў. Больш за два гады таму, ужо пасля нараджэння дачушкі Арыны, Наталля Ануфрыенка завяла старонку ў Instagram, дзе пачала публікаваць фотаздымкі сваіх дэсертаў. І людзі пацягнуліся…

«З’есці ўсё… і яшчэ трошкі»

Асновы кандытарскай справы Наталля спасцігала самастойна. Дапамагалі ў гэтым спецыяльная літаратура, адпаведны інтэрнэт-кантэнт і нават маміна кулінарная кніга. Але калі ў заказчыкаў з’явіўся попыт на шмат’ярусныя торты, Наташа адчула: ведаў усё роўна недастаткова. І паехала па вопыт у Мінск, на заняткі да прафесіяналаў.

На сённяшні дзень Наталля можа прапанаваць кліенту каля 20 смакавых варыяцый адных толькі тортаў. А заказваюць пружанцы і іншыя дамашнія дэсерты, прычым не толькі на святы, але і для звычайных сямейных чаяпіццяў у пятнічны вечарок.

Для кандытара прынцыпова важна, каб усе інгрэдыенты ў складзе дэсертаў былі выключна натуральныя і высокаякасныя. Гэта ўплывае і на якасць канчатковага вырабу, і на яго смак.

— Возьмем хаця б мерэнгавы рулет, оду якому можна спяваць бясконца. Гэта даволі просты ў прыгатаванні дэсерт, які хочацца з’есці ўвесь і… яшчэ трошкі, — кажа Наталля.

Гэта новая старая «Казка»…

На некаторыя эксперыменты падштурхоўваюць Наталлю самі заказчыкі. Так было з рулетам «Казка» — традыцыйным дэсертам савецкіх часоў з масляным крэмам. Дарэчы, менавіта «савецкім» дэсертам прысвечана чарговая кніга, якую нядаўна набыла Наташа:

Рулет «Казка».

— Здаецца, у маім асартыменце не хапае «Напалеона», «Птушынага малака», «Кіеўскага» торта…

А сярод апошніх эфектных навінак — пірожныя ў выглядзе вазончыкаў з кветкамі.

Нечаканай навінкай ад кандытара сталі несалодкія капкейкі — з ветчыной, сырам, часнаком, зелянінай, праванскімі травамі. Гэта цудоўны варыянт для мужчын!

Арыгінальны від прадукцыі — падарункавыя боксы — Наталля стварае сумесна з мужам Яўгенам. Ён вырабляе з дрэва акуратныя скрынкі, а Наталля па жаданні заказчыка напаўняе іх далікатэсамі або дэсертамі.

Па заказах — геаграфію вучыць

Кліентамі Наталлі найчасцей аказваюцца прадстаўніцы жаночага полу, якія робяць заказы для сваіх дзетак, родных і вельмі рэдка для сябе.

— У мяне было і некалькі кліентаў-мужчын, якія заказвалі дэсерты для сваіх абранніц. Гэта дарагога каштуе! Дарэчы, з дапамогай маіх тортаў ужо не раз рабіліся прапановы рукі і сэрца.

Да слова, геаграфія заказаў, якія паступаюць да кандытара, не абмяжоўваецца нашым горадам і раёнам. Нямала дэсертаў гатуе Наталля Ануфрыенка і для жыхароў Бярозы, Брэста, радзей — Баранавічаў. «Прылятаюць» заказы нават з-за мяжы.

Капкейкі.

— Часам дзеці, якія жывуць за межамі Беларусі, заказваюць торты для сваіх бацькоў. І мы самі дастаўляем заказы. Гэта заўсёды кранальныя моманты. Увогуле, кожны раз мне неверагодна прыемна, што мае дэсерты прыносяць людзям радасць.

— Канечне, ёсць і вельмі патрабавальныя заказчыкі, якія не даюць расслабляцца, — кажа кандытар. — У той жа час я люблю, калі кліент кажа мне: «Начынка і афармленне на ваш выбар, я вам цалкам давяраю». І ў такіх выпадках таксама разумею: нельга падвесці чалавека, абавязкова ўсё трэба зрабіць прыгожа, смачна, якасна.

Адкуль бяруцца сілы?

Без перабольшвання, прыгатаваныя Наташай ласункі нясуць нейкую асаблівую эстэтыку. Няўжо гэтаму таксама можна навучыцца?

— Калі тваё сэрца гарыць, то ўнутранай энергіі абавязкова хопіць на тое, каб стварыць прыгажосць, нават калі сам ты далёка не мастак, як у маім выпадку.

Многае пра асобу маладой жанчыны кажа і той факт, што нават пры вялікай колькасці заказаў яна абавязкова знойдзе час, каб прыгатаваць што-небудзь салодкае на сямейныя святы для сваіх родных і сяброў.

Вось і юбілейны банкет свайго мужа Наталля ўпрыгожыла дамашнімі дэсертамі. Эфектны кэндзі-бар для вялікай кампаніі склалі трайфлы, капкейкі, пірожныя-эксімо, мерэнга, пернікі… І, канечне, несумненны шэдэўр – трохузроўневы торт, у цэнтры якога — ружы і электрычныя свечкі.

— Колькі начэй трэба было не спаць, каб паспець прыгатаваць усю гэтую прыгажосць? – пытаюся ў кандытара.

— Столькі, каб ледзь не ад кожнага госця падчас свята заслужыць каментарый накшталт «Нешта ты сёння сумная…» або «А чаму ў цябе такія мяшкі пад вачыма?» — увільвае ад прамога адказу мая суразмоўца.

Як жа ўдаецца маладой маме ўсюды паспяваць? Гэта толькі здаецца, што ў дэкрэтным водпуску ў жанчыны вельмі шмат часу: маўляў, на працу ж хадзіць не трэба. Здагадваюся, што сакрэт Наташынай працаздольнасці якраз у той неверагоднай бурлівай энергіі, якой яе надзяліла прырода. Сама Наталля тлумачыць сітуацыю інакш:

— Я займаюся кандытарствам толькі дзякуючы падтрымцы родных. Даглядаць Арыну дапамагаюць бабулі і дзядулі. Безумоўна, вельмі выручае муж. Ён у мяне «майстар па закупках». Я проста пішу спіс прадуктаў, і Жэня сам едзе па магазінах. Ён дакладна ведае, дзе якасней, дзе танней!

Канечне, кандытар вельмі стамляецца: на кухні праводзіць шмат часу, і ў першую чаргу — па начах.

— Аднак калі ты захоплена справай, якой займаешся, то і арганізмам усё ўспрымаецца зусім па-іншаму, і стомленасць вельмі хутка праходзіць.

Тым не менш, сітуацыі «выгарання» здараюцца. Напрыклад, пасля маштабных святаў, калі дамашні кандытар бярэ вельмі многа заказаў і стараецца ўкласці душу ў кожны дэсерт.

— У такіх сітуацыях мая галоўная аддушына — сям’я. Чаяванне з бацькамі, цікавая кніжка, сустрэча з сябрамі — гэтага дастаткова, каб зноў напоўніцца эмацыянальна.

Кавярня патрэбна! Ды хочацца ў школу

Сучаснае кандытарства — гэта творчая, запатрабаваная дзейнасць. Сёння ў буйных гарадах існуюць кулінарныя студыі, дзе ў фармаце майстар-класа па прыгатаванні дэсертаў можна адсвяткаваць, напрыклад, свой дзень нараджэння. Наталля марыць мець дачыненне да правядзяння такіх мерапрыемстваў. Ды толькі ці будуць яны, як і звычайныя кандытарскія майстар-класы, запатрабаванымі ў жыхароў нашага невялікага населенага пункта?

— Вось што сапраўды патрэбна нашым Пружанам, дык гэта добрая кавярня-кандытарская, у якой камфортна адчувалі б сябе і людзі ва ўзросце, і моладзь, — лічыць мая суразмоўца.

Дарэчы, амаль аднагалосна сцвярджалі гэта ў свой час і вучні-старшакласнікі Наталлі Васільеўны, калі на ўроках па грамадазнаўстве разам з настаўніцай абмяркоўвалі, чаго не хапае роднаму гораду.

Але сама Наталля як кандытар пакуль не гатова брацца за рэалізацыю такога рызыкоўнага праекта. На дадзены момант маладую жанчыну куды больш хвалюе іншае: хутка скончыцца дэкрэтны водпуск… Што рабіць далей: вяртацца на працу ў школу ці займацца кандытарствам на поўную моц?

— Пакуль знаходзілася ў дэкрэтным водпуску, зразумела: для жанчыны гэта цудоўны час, каб спыніцца, задумацца пра свой асобасны рост і падштурхнуць да развіцця сваю творчую натуру, калі такая ёсць, — разважае Наталля. – Канечне, мне вельмі не хацелася б развітвацца са сваім любімым хобі. Аднак, хутчэй за ўсё, я вярнуся ў школу.

Слоўнік некаторых дэсертаў ад Наталлі Ануфрыенка

Трайфл – парцыённы торцік у шкляначцы.
Мусавае пірожнае – далікатны ягадны дэсерт.
Пірожнае-эскімо – колішняя «Бульба» савецкіх часоў у сучаснай інтэрпрэтацыі.
Дэсерты-«мандарыны» – труфельныя цукеркі, якія атрымліваюцца вельмі рэалістычнымі.
Зефір – танны дамашні дэсерт, які па смакавых якасцях моцна адрозніваецца ад пакупнога.
Бента-торт – маленькі торцік, разлічаны на 1-2 порцыі.

Вольга Басак. Фота Кацярыны Масік і з асабістага архіву Наталлі Ануфрыенка