
У Ружанскай сярэдняй школе імя Казіміра Марача прайшлі чарговыя заняткі гуртка «Юны карэспандэнт» з удзелам работнікаў рэдакцыі «Раённыя будні».
На гэты раз мы вырашылі пазнаёміць школьнікаў з асноўнымі накірункамі спартыўнай журналістыкі на старонках нашай раённай газеты. Былі прыведзены прыклады таго, як выглядае рэпартаж з месца падзеі, аналітычны матэрыял на дадзеную тэму і інтэрв’ю з вядомымі спартсменамі і трэнерамі.
Юныя журналісты атрымалі інфармацыю, што рэпартаж з месца падзеі ўяўляе сабой жывую і дынамічную карціну таго, што адбываецца. Мы паказалі, як карэспандэнты перадаюць атмасферу і эмоцыі спартыўных падзей, ствараючы эфект прысутнасці для чытачоў, а таксама разгледзелі прыклады рэпартажаў з ключавых спартыўных мерапрыемстваў нашага раёна.
Аналітычныя матэрыялы патрабуюць больш глыбокага разумення тэмы. Школьнікам былі прыведзены прыклады артыкулаў, дзе разглядаліся моцныя і слабыя бакі футбольнай каманды горада, а таксама прыклад матэрыялу, у якім чытачам была прадстаўлена карціна запатрабаванасці буйных спартыўных аб’ектаў Пружаншчыны сярод яе жыхароў у цяперашні час.
Інтэрв’ю з вядомымі спартсменамі і трэнерамі — гэта ўнікальная магчымасць атрымаць цікавую інфармацыю. Мы паказалі, як важна правільна фармуляваць пытанні, каб атрымаць інфарматыўныя адказы. Абмеркавалі прыклады інтэрв’ю з вядомымі мясцовымі спартсменамі.
У ходзе гутаркі з юнымі журналістамі мы вырашылі больш падрабязна спыніцца на рэпартажы. Дзеці правільна назвалі ўсе яго складнікі. Акрамя таго яны падзяліліся сваім меркаваннем пра тое, ці трэба прысутнічаць на самой спартыўнай падзеі, і ці патрэбны фатаграфіі для гэтых матэрыялаў. Вядома, кожны, хто адказваў, лічыў і тое, і другое неабходным у рабоце карэспандэнта.
У канцы мерапрыемства ўдзельнікам гуртка былі прапанаваны тэмы для напісання сваіх першых спартыўных матэрыялаў. Яны з энтузіязмам узялі іх сабе, і мы спадзяёмся ў бліжэйшы час убачыць гэтыя артыкулы на старонках нашай газеты.
Руслан Басак.
Фота Кацярыны Масік
