Вторник, 22 апреля 2025

«Сакрэт поспеху» ад пераможцы абласнога этапу фестывалю-конкурсу “Майстар-клас: практычнае ўвасабленне творчых ідэй” Алёны Мікалаеўны Шышко

885

Ёсць вельмі сціплыя па сваёй прыродзе людзі. Доўгія гады ціха і непрыкметна для большасці яны сваімі рукамі планамерна ствараюць рэдкай прыгажосці рэчы. І калі б не яго вялікасць выпадак, мы нават не здагадаліся б, якія майстры жывуць побач з намі. Так здарылася і з Алёнай Мікалаеўнай Шышко.

Без малога трыццаць гадоў жанчына працуе ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. За гэтыя гады навучыла рукадзельнічаць мноства дзяцей, радавалася перамогам не аднаго свайго выпускніка. Нядаўна яна стала пераможцай абласнога этапу рэспубліканскага фестывалю-конкурсу “Майстар-клас: практычнае ўвасабленне творчых ідэй”, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі дваццаці шматпрофільных устаноў дадатковай адукацыі Брэстчыны.

Алёна Мікалаеўна дыстанцыйна правяла пазнавальны майстар-клас для іншых педагогаў па вырабе ў тэхніцы “Цестапластыка” падвескі “Мой горад” з выявай Пружанскага палацыка. У выніку атрымала прызнанне калег і заслужана была ўзнагароджана дыпломам I ступені. Больш за тое, па выніках адкрытага інтэрнэт-галасавання, якое праводзілася Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, яна ўвайшла ў пяцёрку фіналістаў рэспубліканскага конкурсу.

Мы сустрэліся з пераможцай на працоўным месцы і пагаварылі пра яе шлях да асабістага поспеху. Характэрна, што кабінет майстрыхі ў ЦТДМ — гэта, без перабольшання, адзін вялікі твор мастацтва, “інкруставаны” сотняй вырабаў з салёнага цеста, батыку, саломкі і іншых матэрыялаў. Гледзячы на гэтыя сувеніры, адразу разумееш, што перад табой неардынарны чалавек, з тонкім густам, асаблівым бачаннем навакольнага свету.

Сваё ўменне бачыць прыгожае і маляваць, тварыць Алёна Мікалаеўна развівала ў Кобрынскім прафесійным вучылішчы выяўленчага мастацтва і народных мастацкіх промыслаў. Пасля яго заканчэння некаторы час праходзіла практыку на Брэсцкай фабрыцы сувеніраў, дзе набыла дадатковыя навыкі. У 1993 годзе прыйшла ў ЦТДМ, з таго часу з цэнтрам не расставалася.

Сёння Алёна Шышко кіруе дзейнасцю двух аб’яднанняў па інтарэсах “Мукасолька” і “Батык” і з’яўляецца кіраўніком вучэбна-метадычнага аб’яднання педагогаў дадатковай адукацыі дэкаратыўна-прыкладнога напрамку цэнтра, сфармавала для калегаў годны метадычны фонд.

Як адзначае кіраўніцтва ЦТДМ, Алёна Мікалаеўна стараецца матываваць дзяцей на дасягненне высокіх вынікаў, стварае на занятках спрыяльную псіхалагічную абстаноўку. Выкарыстоўвае ў сваёй дзейнасці разнастайныя формы і прыёмы і ва ўсім падтрымлівае адораных вучняў. Нядзіўна, што яе выхаванцы рэгулярна перамагаюць у розных раённых, абласных і нават рэспубліканскіх конкурсах.
— Я хачу, каб веды, атрыманыя дзецьмі на занятках, спатрэбіліся ім у жыцці. Веру ў сваіх выхаванцаў, — прызнаецца настаўніца. — Заўсёды кажу ім: “У вас ёсць усё неабходнае для шчасця: талент, маладосць і ўмелыя рукі. Толькі старайцеся! Вось і ўвесь сакрэт поспеху”.

Алена Зялевіч