Воскресенье, 13 октября 2024

Сакрэт даўгалецця і актыўнага ладу жыцця пружанкі Галіны Немцавай — фізкультурныя гурткі аддзялення дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту

374

Часам сустракаецца думка, што людзі пажылога ўзросту жывуць выключна мінулым. Але ці варта з гэтым згаджацца? Сапраўды, за плячыма засталіся дастойна пражытыя гады, пра якія варта ведаць дзецям і ўнукам, значны працоўны і жыццёвы вопыт, якім проста нельга не падзяліцца з наступнымі пакаленнямі. І ў той жа час…

І ў той жа час не зацыклівацца на пражытых гадах, а радавацца кожнаму світанку і захаду сонца, усміхацца шчабятанню птушак, збіраць у букет чырвонае і жоўтае кляновае лісце, марыць пра вясну, якая наступіць услед за восеньскай слотай і зімовай сцюжай… Адным словам, паўнавартасна і шчасліва жыць сённяшнім днём і крышачку зазіраць у будучыню.

Галіна Канстанцінаўна Немцава з кіраўніком фізкультурных гурткоў аддзялення Аленай Аляксандраўнай Астапчык.

Менавіта такімі прынцыпамі кіруюцца наведвальнікі дзённага аддзялення для людзей пажылога ўзросту, адкрытага пры Пружанскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Калі сумняваецеся, завітайце ў стары будынак на рагу вуліц Піянерскай і Савецкай. Парадаксальна, але менавіта тыя, каму сёння 65+, падаюць пружанцам прыклад актыўнасці, энергічнасці, аптымізму. Але ёсць і тут свае людзі-легенды, на якіх імкнуцца раўняцца астатнія. Напрыклад, найстарэйшая наведвальніца аддзялення Галіна Канстанцінаўна Немцава.

Пра гэтую жанчыну ведаюць, напэўна, не толькі ўсе жыхары раёна, яе імя неаднойчы гучала нават на ўзроўні ўсёй рэспублікі. Не раз жанчына станавілася гераіняй газетных публікацый і тэлеперадач. У свае без аднаго месяца 96 гадоў Галіна Канстанцінаўна не кідае заняткаў фізкультурай. Зразумела, удзельнічаць у фітнэс-танцах ужо не можа, але з задавальненнем займаецца на трэнажорах, што стаяць у спартзале аддзялення. Што тычыцца скандынаўскай хадзьбы, то вялікая яе прыхільніца. Шмат гадоў штодзень у 6 гадзін раніцы ішла яна з палкамі ў гарадскі парк, «наразала» кругі па стадыёне. Ці ўсе з маладзейшых сябровак па аддзяленні пахваляцца такой вытрымкай, сілай волі? Сёлетняй восенню ўжо другі раз запар прайшоў рэспубліканскі марафон па скандынаўскай хадзьбе сярод пенсіянераў, і Галіна Канстанцінаўна стала яго найстарэйшай удзельніцай!

Самая «ўзроставая» яна і ў суполцы валанцёраў Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Гэтая маленькая хударлявая жанчына шмат перажыла на сваім вяку, не па чутках ведае, як можа выратаваць у самай, здавалася б, безнадзейнай сітуацыі простая чалавечая дабрыня. І яе сэрца адкрыта для міласэрных спраў, яе добрасардэчнасць, як і шчырая ўсмешка на твары, надаюць навакольным упэўненасці: жыццё — цудоўнае ў любым узросце.

Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік