На адным з пасяджэнняў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч пацікавіўся работамі, якія праводзяцца ў пладовых садах нашага раёна. Нагадаем, што вырошчваннем яблыкаў у нас займаюцца ААТ «Жураўлінае», «Ружаны-Агра», філіял «Айчына» ААТ «Белавежскі» і РУП «Брэсцкая абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя НАН Беларусі». На першы погляд можа здацца: а што рабіць у садзе, калі за акном люты. А з другога боку, якая цяпер зіма!
Каб спатоліць цікавасць, карэспандэнты «раёнкі» завіталі ў сад доследнай станцыі, які размешчаны на 120 га. Аказваецца, выкарыстоўваючы спрыяльныя пагодныя ўмовы, садаводы ўшчыльную прыступілі да абрэзкі дрэўцаў. Прадпрыемству гэты від работ патрэбна правесці на 60 га. Плошча немалая, калі браць пад увагу тое, што абрэзка павінна праводзіцца ў вызначаныя тэрміны і з прафесіянальным падыходам. На сённяшні дзень удалося акультурыць яблыні на плошчы ў 5,5 га.
Стала цікава: сапраўды, а як жа правільна робіцца абрэзка і на што яна ўплывае? Каб пачуць грунтоўныя адказы на гэтыя пытанні, мы звярнуліся да старшага навуковага супрацоўніка аддзела пладаводства, кандыдата сельскагаспадарчых навук РУП «Брэсцкая АСГДС НАН Беларусі» Алены Поўх.
— Алена Васільеўна, навошта патрэбна абрэзка?
— Абрэзку праводзяць кожны год на працягу ўсяго жыцця дрэва для правільнага фарміравання кроны, а таксама для санітарнай ачысткі ад хворых, пашкоджаных і засохлых галінак. Калі яе зрабіць правільна, гэта не толькі палепшыць стан раслін, але і не дасць назапасіцца вялікай колькасці снегу на галінах і папярэдзіць іх паломы. Таксама дрэва лепш асвятляецца і праветрываецца, дае прыгожыя і буйныя плады, раней пачынае пладаносіць, а перыяд плоданашэння цягнецца даўжэй.
— Раскажыце, калі ласка, як правільна абрэзваць дрэвы?
— Выдаляюцца хворыя, заражаныя шкоднікамі галіны, а таксама тыя, што высахлі або зламаліся. Зразаюць усе каранёвыя парасткі і ваўчкі (тлушчавыя парасткі), якія толькі загушчаюць крону, цягнуць на сябе сілкаванне, але не патрэбны для плоданашэння. Прыбіраем слабыя галінкі і тыя, якія перакрыжоўваюцца і блізка растуць. Пазбаўляемся ад парасткаў, што растуць унутр кроны або вертыкальна ўверх. Галіны, якія накіраваны ўніз, таксама дрэву не патрэбны. Пакідайце толькі тыя галіны, якія адыходзяць ад ствала пад вуглом, блізкім да 90 градусаў. Яны дадуць найбольшы ўраджай. Усе абрэзаныя галіны выносяць з участка або спальваюць.
— На што звярнуць увагу пры абрэзцы?
— Важна, каб гэтая работа выконвалася ў сухі ясны дзень. Абрэзку ў садзе трэба праводзіць вострым і прадэзынфікаваным садовым інструментам (сякатарам, нажоўкай). Месцы спілаў абавязкова апрацоўваем.
Акрамя таго, не патрэбна абрэзваць дрэвы раней за тэрмін. Да прыкладу, абрэзка яблынь у верасні, якую часам практыкуюць паспешлівыя дачнікі, не дасць нічога добрага. У гэты час на дрэвах яшчэ моцна трымаюцца лісты, праглядзець крону будзе складаней. Позняя абрэзка таксама нічога добрага не дасць: расліны не паспеюць аднавіцца да надыходу халадоў і могуць загінуць.
— Дык які ж час з’яўляецца аптымальным для абрэзкі?
— Санітарную абрэзку яблыні і грушы можна праводзіць на працягу ўсёй зімы, парэчкі і агрэст трэба абразаць восенню. Костачкавыя пароды лепш абрэзаць у сакавіку. Абавязкова патрэбна закончыць абрэзку дрэў і кустоў да таго, як пачнуць набухаць пупышкі. Фармовачную абрэзку праводзім з лістапада па красавік, карэкціроўка формаў дрэў і кустоў дапускаецца і ў летні перыяд.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік