Свята-кірмаш «Пружанская восень», нягледзячы на розныя акалічнасці, адбыўся. У чым сёлетняе мерапрыемства мела адметнасці? Менш попыту было з боку пакупнікоў. На маю думку, гэта аб’ектыўна, бо ў бягучым годзе добры ўраджай атрымалі не толькі сельгаставарыствы, але і прыватныя гаспадары на сваіх градах.

Вялікага ажыятажу не назіралася ні каля машын з бульбай, ні ля тых прычэпаў, што былі да самага верху завалены капустай, морквай і буракамі. Напрыклад, летась рэкордныя чэргі выстройваліся каля грузавікоў з яблыкамі. Цяпер жадаючых набыць салодкія вітаміны ад доследнай станцыі (сарты «фрыдом» і «беларускае») і ААТ «Ружаны-Агра» («каштэль», «беларускае», «каваленкаўскае») бадай што і не назіралася.

Вялікія чэргі сёлета можна было назіраць за іншымі таварамі. Больш за сотню пакупнікоў адразу сабралася, як толькі пачала работу «мясная лаўка» з ружанскай гаспадаркі. Праз некалькі гадзін яе паліцы апусцелі, але жадаючыя набыць прысмакі былі задаволены, таму што такі ж гандаль мяснымі паўфабрыкатамі працягнула ААТ «Жураўлінае». Не менш інтарэсу выклікала і прадукцыя малочнага камбіната: перад пакупкай госці кірмашу маглі паспытаць на смак розныя сыры.

Менш было прапаноў і з боку саміх прадаўцоў, хаця сельскагаспадарчая частка была прадстаўлена не менш насычана за леташні аб’ём: сваю прадукцыю рэалізоўвалі ААТ «Ліноўскае», «Пружанскае», «Агра-Калядзічы», «Ружаны-Агра», «Шані-аграпрадукт», філіял «Айчына» і доследная станцыя. Запоўненай аказалася пляцоўка каля «белых лавак», якую традыцыйна займаюць фермеры з Пружаншчыны і суседніх раёнаў. Да слова, з Камянецкага прывезлі саджанцы буякоў (галубікі), садовых дрэваў, са Століншчыны — агародніну, з Малеча і Пінска — кветкі ў вазонах.

Найбольш багатай, здаецца, была палатка ад сялянска-фермерскай гаспадаркі «Каштанаўскае», у якой можна было набыць не толькі цыбулю, моркву ці буракі, але і памідоры, перцы балгарскі ці востры, баклажаны і іншую рэдкую для нашага клімату агародніну. Побач гандлявалі грыбамі з вёскі Козі Брод, грэцкімі арэхамі з добры яблык, а таксама журавінамі, грушамі, яблыкамі… Вельмі зацікавіла прапанова галінак з лісцем лаўра, якія, як сцвярджаў прадавец, прывезены з самога Крыма. Паверылі ў гэта многія, бо літаральна праз паўгадзіны яму давялося зварочваць гандаль… з-за адсутнасці тавару.

А вось рамеснікаў было нямнога. Дзіўныя вырабы з дрэва выстаўляў госць са Слоніма, прапаноўваліся цікавыя рэчы з тканіны, штучных матэрыялаў.

Калі летась Савецкая была застаўлена прылаўкамі паабапал, то сёлета хапала пустых месцаў. Традыцыйную пляцоўку, на якой раней стаяў грузавік з жывой рыбай, цяпер заняла машына з яйкамі з Аранчыцкай птушкафабрыкі. Не так багата былі прадстаўлены і пчаляры раёна, гонар якіх «абараняў» толькі райаграсэрвіс. Затое можна было набыць мёд са Спорава і нават пушчы.

Але, лічу, не гэта было галоўным на кірмашы восені 2022 года. Больш за ўсё ўвагу прыцягвалі… цэннікі. І яны ўражвалі сваім змяншэннем. Для параўнання, у гэтым годзе ячмень застаўся па тым жа кошце — 50 капеек, трыцікале на 5 капеек стала таннейшым (50 кап.). Такія прапановы былі ад ААТ «Шані-аграпрадукт». Самую танную пшаніцу прадавалі «Ліноўскае» і «Агра-Калядзічы» — па 60 кап. за кілаграм. Істотна знізіўся кошт бульбы: сарты «скарб», «даната», «каралева ганна», «беллароза», «гала», «каломба» можна было набыць у неабмежаваным аб’ёме па 60 кап. (летась 80-90 кап.). ААТ «Пружанскае» рэалізоўвала буракі «прыгажуня», капусту па 50 капеек (у 2021 — 70-71 і 80-92 кап. адпаведна), а таксама моркву «нантэс» — 60 кап (летась 70-71 кап.). Крыху вышэйшыя былі цэны ў фермераў, з розніцай у 5-7 капеек. Яны ж прапанавалі і цыбулю, у асноўным па рублі за кіло, што на 20 капеек менш за леташні кошт.

Усім, хто набыў больш, чым здолеў падняць, дапамогу аказвалі валанцёры БРСМ. Даступная была і паслуга «Сацыяльнае таксі» па дастаўцы пакупак дадому.

Па папярэдніх падліках выручка ад кірмашу «Пружанская восень 2022» склала больш за 72 тысячы рублёў —амаль удвая больш за мінулагодні паказчык. Хаця па асобных пазіцыях папярэдняе сцвярджэнне пра нізкі попыт пацвердзілася. Да слова, рэалізавана 2,5 тоны бульбы (летась 15), 14,5 тоны капусты (17), 1,5 тоны буракоў (4), крыху больш за 4 тоны цыбулі (3) і… 250 кілаграмаў яблыкаў замест 3,5 тон на мінулагоднім кірмашы.

Спадабаўся той святочны дух, што панаваў на кірмашы. Для дзяцей працавалі забаўляльныя пляцоўкі, дзіўнай для нас была прапанова пакатацца на поні верхам або ў вазку. Бесперапынна гучала музыка, а потым пачаліся і выступленні ад мастацкіх калектываў раёна — з Навасёлкаўскага, Мокраўскага, Белавусаўшчынскага, Ліноўскага, Слабудскага клубаў і гарадскога Палаца культуры. Народныя і эстрадныя песні ў выкананні «Вербніцы», «Жамчужыны», «Каханачкі», «Шчырым сэрцам», «Сузор’я», «Надзеі», «Дзявішніка», «Смаляначкі» не пакідалі раўнадушных у імправізаванай зале.

Свята дапоўніла і цырымонія падвядзення вынікаў і ўзнагароджання пераможцаў раённага конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне падворкаў сярод маладых сем’яў. Як зазначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, прыемна, што вяскоўцы дбаюць не толькі пра харчовую бяспеку дзяржавы, але і пра прыгажосць роднай Беларусі, ствараючы дабрабыт як на працоўных месцах, так і ў сваім доме. Удзел у конкурсе прыняло нямала жадаючых, і журы ў складзе прадстаўнікоў райвыканкама, раённага аб’яднання прафсаюзаў, райкамаў прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу, адукацыі і навукі, а таксама раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» вылучыла тройку прызёраў. Трэцяе месца было прысуджана сям’і Быкавых з Хараўскога, другое — сям’і Пацапня з Сухопальскага сельсаветаў. А гран-пры атрымала сям’я Раманоўскіх — таксама з Сухопальшчыны. Дыпломы пераможцаў і каштоўныя падарункі ўручылі Мікалай Кудравец і Дзмітрый Чайкоўскі.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік
Фотаальбомы з кірмашу глядзіце па спасылках: https://vk.com/album-23306785_287434850 і https://ok.ru/budni/album/948895436168