Вторник, 18 февраля 2025

Сад пад назвай «Мір». Карэспандэнты пабывалі ў Смаляніцы, дзе жыве бежанка з Данбаса

718

Кухонны столік у Антаніны Лашаковай невялікі, за ім якраз хапае месца, каб усесціся ўтрох, паставіць кубкі для чаю, вазачку з пячэннем і талерку з сырнікамі з казінага тварагу, якія гаспадыня напякла да нашага прыезду. «Новую плітку апрабавала», – усміхаецца яна.

Газавая плітка ў кухонны закутак не ўлезла, стаіць у халодных сенцах. А тут утульнае цяпло ідзе ад печкі,  сцены ззяюць новымі шпалерамі, дзіўна падабранымі па колеры. І няспешна цячэ звычайная жаночая размова… Пра што могуць размаўляць жанчыны? Пра дзяцей і ўнукаў, пра агародныя справы, пра стары дом у Смаляніцы, які яшчэ месяц таму пуставаў, а цяпер паступова набывае ўтульнасць. Пра ваенныя дзеянні ва Украіне. Менавіта жахі вайны і прымусілі Антаніну Рыгораўну пакінуць радзіму. Яе родны горад у Данбасе зараз з‘яўляецца самай гарачай кропкай гэтага рэгіёна.

«Мне патрэбна зараз цішыня»

Шлях на Пружаншчыну аказаўся для ўкраінкі складаным і пакручастым. Пакінуць свой дом давялося яшчэ летам.

– У нас з самага пачатку стаялі «трывожныя чамаданчыкі», – расказвае жанчына. – Самае неабходнае, каб у руках унесці. З такім невялікім «скарбам» і давялося ўцякаць ад вайны. Спачатку нас прытулілі вернікі, некалькі тыдняў мы жылі ў храме, спалі на падлозе. Потым з‘ехалі ў Польшчу. Я два месяцы працавала на сельгасработах, але ўмовы аказаліся проста невыносныя, не вытрымала. Сяброўка клікала ў Беларусь, і я паехала, некаторы час прабыла ў яе, а потым вырашыла шукаць, дзе асталявацца. Так сталася, што трапіла ў Смаляніцу. Лес вакол, вясковая вуліца нібы з 18-га стагоддзя, цішыня… Так мне захацелася і гэтай цішыні, і свайго жытла… Грошай якраз хапіла на пакупку хаткі за 1000 рублёў. Цяпер абжываюся. Зямлю пад агарод мне ўзаралі, вішаньку пад вокнамі паабразала, хатку адмыла, шпалеры паклеіла – з розных рэшткаў, якія людзі давалі, бачыце, крыху страката цяпер у мяне.

Думала не спраўлюся, але ўсё атрымалася. Трэба жыць. Галоўнае ў мяне ёсць: дах над галавой, цёплая печка, вада, хлеб, добразычлівыя людзі побач… Аказваецца, як мала насамрэч нам трэба.  А яшчэ – быць некаму патрэбным. Калі ж чалавек не патрэбны сваёй дзяржаве, вось такое і атрымліваецца.

«Я з бежанцаў грошай не бяру»

Антаніна Лашакова прызнаецца: нават не чакала, што вакол акажуцца настолькі нераўнадушныя, шчырыя людзі. Без іх бы сапраўды не выжыла. Амаль усё, што ў гэтай хаце цяпер ёсць, падорана ад душы. Агародніну прывезлі, дровы, посуд, адзенне, нават закруткамі падзяліліся…

– Аднойчы дзверы адчыняюцца, заходзяць людзі, мэблю ўносяць, яшчэ і распараджаюцца: гэта тут паставіць,  гэта – там. А ўчора жанчына шалёўку ангорскую прынесла, кажа, у мяне алергія на пух, бярыце. Прадэманстравала: такая тонкая, што праз пярсцёнак пралазіць. Кажу, я ж хустак ніколі не насіла, а яна мне: дык на плечы накідвайце, для цяпла.

Аднойчы ў Пружаны паехала, а да раскладу аўтобусаў яшчэ не прызвычаілася. Ну і аказалася, што аўтобус назад толькі позна вечарам. Ногі прамоклі, замёрзла. Падышла да вадзіцеля таксі, пытаюся, колькі да Смаляніцы будзе каштаваць? Кажа, 30 рублёў. Не, не магу такую суму заплаціць, ды столькі ў мяне і не было. Адышла, села на лаўку, стукаю нагой аб нагу, каб сагрэцца. Раптам падыходзіць той таксіст, пытаецца: «Вы не мясцовая, напэўна?» «З Украіны», – кажу. «Сядайце ў машыну, адвязу, куды трэба». «Дык у мяне ж грошай няма». «А я з бежанцаў грошай не бяру, сядайце…»

Пушысты сябяр Антаніны Лашаковай

Слёзы мяне проста душылі, не ведаю, як аддзячыць можна за такое спачуванне. І ў той жа час, думаю, зараз суседзі пабачаць, скажуць, мы ёй усё нясём, а яна, як барыня,  на таксі пад‘ехала.

Спонсары – цудоўна, але патрэбна праца

Што тычыцца газавай пліты, якой так радуецца гаспадыня, то з‘явілася яна ў доме дзякуючы Пружанскай раённай арганізацыі  Беларускага Чырвонага Крыжа.

– Яшчэ ў красавіку быў арганізаваны збор спонсарскай дапамогі для бежанцаў сярод прадпрыемстваў і арганізацый раёна, – расказвае намеснік старшыні раённай арганізацыі Людміла Лелікоўская, з якой мы і прыехалі на чаяванне ў Смаляніцу. – Сабралі шмат і грошай, і рэчаў. Дарэчы, мяне да глыбіні душы ўразілі работнікі Пружанскай райбальніцы, якія сабралі проста каласальную колькасць сродкаў гігіены. Мы і зараз яшчэ не выдалі ўсе гэтыя рэчы, сярод якіх не толькі мыла, зубная паста і шампуні, але і дзіцячыя, дарослыя падгузнікі, шмат іншага. На сродкі спонсарскай дапамогі мы закупілі і газавае абсталяванне для Антаніны Лашаковай: чатырохкамфорачную газавую пліту і 27-літровы газавы балон. Сусед прывёз, а спецыялісты райгазу спрацавалі вельмі аператыўна: у той жа дзень бясплатна падключылі гэтае абсталяванне.

Наогул, раз у месяц мы выдаём прадуктовыя і гігіенічныя наборы, таксама закупленыя за спонсарскія сродкі, людзям з уразлівых катэгорый. Да іх адносяцца асобы, якім больш за 60 гадоў, сем‘і, дзе выхоўваюцца дзеці, ёсць асобы з інваліднасцю, няпоўныя сем‘і… Але тут у нас існуе і індывідуальны падыход: спрацоўвае такое паняцце, як цяжкая жыццёвая сітуацыя. Так атрымалася і ў выпадку з Антанінай Рыгораўнай, хоць ёй няма яшчэ 60 гадоў: дом стары, пячная пліта аказалася з трэшчынай, і служба МНС забараніла ёй карыстацца, а іншых магчымасцей для прыгатавання ежы не было.

З нагоды дапамогі менавіта гэтай жанчыне мне хацелася б адзначыць і вялізную работу, якую правёў раённы савет ветэранаў. Яго старшыня Уладзімір Яцкевіч і адказны сакратар Таццяна Капіца душэўна і з адказнасцю падышлі да справы. Менавіта яны прывезлі мэблю са старой кватэры ды яшчэ шмат чаго. Цяпер Антаніна Рыгораўна мае ўвесь неабходны мінімум для жыцця. Вось толькі з працаўладкаваннем пытанне пакуль не вырашана. Мы звярталіся ў розныя службы і ўстановы, але або няма вакансій, або немагчыма дабірацца са Смаляніцы. 59-гадовая жанчына па спецыяльнасці медработнік, шмат гадоў працавала фельчарам, аперацыйнай медсястрой і вельмі хацелася б, каб пытанне яе працаўладкавання вырашылася як мага хутчэй, – кажа Людміла Аляксандраўна.

«Чапляцца за зямлю, каб пусціць карані»

Антаніна Лашакова страціла многае: дом, дастатак, размеранае жыццё, радзіму. Але засталося жаданне жыць, нягледзячы ні на якія цяжкасці. Жанчына разважае, як будзе паступова добраўпарадкоўваць сваё сціплае жытло, як сустрэне тут сваіх дзяцей, якія апынуліся цяпер у розных краінах.

Тут Антаніна Рыгораўна марыць пасадзіць сад пад назвай «Мір»

– Зямля нам усё дала, і хлеб, і ўсё на свеце, а мы ёй здрадзілі. Забрудзілі, атруцілі, цяпер вось выбухамі яе нішчым, – кажа яна. – Вельмі страшная вайна, кожны дзень малюся, каб больш не зведаць яе. Таму вось тут, уздоўж плота, я мару пасадзіць сад і назваць яго «Мір». Мару зрабіць альтанку ў садзе. Вінаград пасадзіць. У мяне на сядзібе рос. Сарты не экзатычныя, але смачныя: «лідзія», «кішміш». У нас спёка была 50 градусаў, але кажуць, што зараз і ў Беларусі паўднёвыя культуры добра растуць. Дзіўная ўласцівасць вінаграду, вы ведаеце? Калі гэтую расліну пасадзіць на камяністай, не вельмі пладароднай глебе, яна сама будзе шукаць сабе сілкаванне, выпускаць шмат карэньчыкаў, літаральна чапляцца за зямлю, за жыццё. І вырастае моцнай. Вінаграду патрэбны цяжкасці, інакш ён будзе ўвесь час спадзявацца на некага. Таксама і людзі: мы павінны самі мітусіцца, самі хапацца за саломінку. Калі чалавек трапляе ў экстрэмальныя ўмовы, ён становіцца больш дужым.

Што ж, жанчына мае рацыю. Але і самай моцнай, самай жыццяздольнай лазе патрэбна шпалера-апора. У людзей гэта называецца дабрачыннай падтрымкай. Людміла Аляксандраўна мару наконт саду падтрымлівае:

– Тут мы, спадзяюся, таксама зможам дапамагчы, вясной звернемся на доследную станцыю з просьбай выдзеліць пасадачны матэрыял.

Рука дапамогі: Беларускі Чырвоны Крыж

Мы папрасілі Людмілу Лелікоўскую больш падрабязна расказаць пра тое, чым займаецца ў плане дапамогі бежанцам Беларускі Чырвоны Крыж.

– Рэспубліканскае грамадскае аб‘яднанне Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа (Беларускі Чырвоны Крыж) – гэта пярвічнае звяно, якое займаецца дапамогай бежанцам. У чым заключаецца дапамога? Мы збіраем звесткі, праводзім анкетаванне, пры гэтым выяўляем патрэбы бежанцаў. Даведваемся пра планы людзей на будучыню: збіраюцца яны заставацца ў нас або Беларусь для іх – толькі транзітная тэрыторыя для пераезду ў іншыя краіны. Мы поўнасцю ахопліваем увесь спектр дапамогі бежанцам. Таксама раённая арганізацыя перанакіроўвае бежанцаў, напрыклад, у аддзел па міграцыі, калі ёсць патрэба правільна аформіць дакументы, у аддзел па адукацыі, калі ў сям‘і маюцца дзеці. Калі бежанцы працаздольнага ўзросту, хочуць працаваць, узаемадзейнічаем з аддзелам занятасці. Шэраг прадпрыемстваў пры прадастаўленні працоўных месцаў  даюць і жыллё, гэта вельмі важна для людзей, якія не маюць ні даху над галавой, ні сродкаў для існавання. Дарэчы, першыя бежанцы, якія рэгістраваліся нашай раённай арганізацыяй, ехалі да сваіх сваякоў, якія прыбылі ў нашу краіну пасля 2014 года. А цяпер усё больш людзей, якія едуць «у нікуды», у белы свет.

Таксама ў раённых і абласных арганізацыях праводзіцца работа па аказанні псіхалагічнай і сацыяльнай падтрымкі. Людзі прыязджаюць у стрэсе, у прыгнечаным стане, перажылі пакуты, асабістыя трагедыі. Ім трэба даць магчымасць супакоіцца, каб прыняць не імпульсіўныя, а больш узважаныя рашэнні: вырашыць, ці набываць жыллё, заставацца тут або вяртацца дадому ці ехаць да сваякоў…

Нагадаю, што ў Беларусі згодна з Указам Прэзідэнта бежанцам з Украіны забяспечаны ўсе правы. Цесна супрацоўнічаюць з нашай арганізацыяй і міжнародныя фонды: ПРААН, ЮНІСЭФ і інш. Дапамогу аказвае Міжнародная федэрацыя Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца.

Што тычыцца работы раённай арганізацыі, то яшчэ ў красавіку бягучага года былі скаардынаваны дзеянні з органамі мясцовай улады. Мы былі гатовы аказаць дапамогу не толькі прадуктамі харчавання, прадметамі гігіены, інфармацыйную падтрымку, але і ў прадастаўленні жылля. У верасні дзецям школьнага ўзросту, а таксама тым, хто наведвае садкі, давалася дапамога ў выглядзе сертыфікатаў, якія можна было атаварыць у магазіне «Буслік» г. Брэста.  Таксама была адкрыта ваўчарная дапамога для найбольш уразлівых катэгорый бежанцаў.

Зараз чакаецца другі этап выдачы ваўчараў – каштоўных папер наміналам 135 руб. кожная, якія будуць дзейнічаць некалькі месяцаў. Колькасць выдзеленых ваўчараў залежыць ад колькасці членаў сям‘і (на 1-2 іх выдаецца два, на 3-4-х – чатыры, на 5-х – шэсць). Каштоўныя паперы маюць штрыхкод, і неабавязкова траціць адразу ўсю суму: у магазіне спісваецца кошт пакупкі, а астатнія грошы застаюцца, як на картцы.

Агульную колькасць бежанцаў у раёне вызначаць, напэўна, не варта: адны прыязджаюць, другія ад‘язджаюць, але рух пастаянны. Напрыклад, нядаўна жанчына з грудным дзіцём вярнулася да мужа ў Заходнюю Украіну, другая выехала ў Расію да сваякоў. У Дабучыне засталася сям‘я з чатырма дзецьмі: мужчына ўладкаваўся на працу, ім аказалі дапамогу з гаспадаркі, не толькі мы. Шэраг людзей паехалі на радзіму, каб аформіць дакументы. Вялікая праблема ў тым, што пенсіянеры не могуць атрымаць пенсію, калі яна не аформлена, і людзям даводзіцца прасіць сваякоў, каб сабралі ім дакументы, або ехаць па іх самім. А аформленую на радзіме пенсію ўкраінцы цяпер могуць атрымліваць толькі на тэрыторыі Польшчы, Літвы (з сёлетняга сакавіка з-за санкцый іх пенсіённыя карткі несапраўдныя на тэрыторыі Беларусі, але не па нашай віне).

Ірына Сядова. Фота аўтара