Наша краіна ў сваёй дзяржаўнай палітыцы ставіць мэту максімальнай інтэграцыі грамадзян з інваліднасцю ў жыццё грамадства на ўмовах раўнапраўя. Нагадаем, што 30 чэрвеня 2022 года быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі». Навацыі, замацаваныя ў ім, ахопліваюць розныя аспекты жыццядзейнасці інвалідаў. Для іх замацавана ўся паўната грамадзянскіх, палітычных, эканамічных і іншых правоў і свабод, устаноўлена забарона дыскрымінацыі па прыкмеце інваліднасці. Вызначаны сродкі зносін для розных катэгорый інвалідаў у залежнасці ад наяўных у іх абмежаванняў жыццядзейнасці. Таксама замацоўваецца паняцце прынцыпу інклюзіі ў адукацыі — забеспячэнне роўнага доступу да атрымання адукацыі для ўсіх з улікам разнастайнасці асаблівых адукацыйных запатрабаванняў і індывідуальных магчымасцяў. Уводзіцца механізм кватавання працоўных месцаў для інвалідаў.
Заканадаўствам на рэспубліканскім і мясцовых узроўнях прадугледжана стварэнне цэнтраў або падраздзяленняў рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў. Ёсць такое аддзяленне і ў Пружанах. Мы гутарым з яго загадчыцай Таццянай Шпарла.
— Таццяна Васільеўна, якія асноўныя напрамкі дзейнасці аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў?
— Наша аддзяленне ажыццяўляе выяўленне і дыферэнцыраваны ўлік грамадзян з інваліднасцю, удзел у рэалізацыі індывідуальных праграм рэабілітацыі і абілітацыі і ацэнцы яе выканання, абследаванне матэрыяльна-бытавога становішча такіх грамадзян з мэтай выяўлення і ўліку патрэбнасці ў розных відах сацыяльнай дапамогі. Аказваецца садзейнічанне інвалідам у аднаўленні або кампенсацыі парушаных або страчаных з прычыны захворвання здольнасцей да самаабслугоўвання і ў падрыхтоўцы да самастойнага жыцця. Аддзяленне спрыяе развіццю ў людзей з інваліднасцю здольнасцей і цікавасці да працоўнай дзейнасці, навыкам, якія забяспечваюць рэалізацыю патэнцыяльных працоўных магчымасцей. Людзі з інваліднасцю з улікам наяўных магчымасцей уцягваюцца ў розныя формы грамадскага жыцця, у творчую дзейнасць, фізкультурна-аздараўленчыя, культурна-масавыя мерапрыемствы і інш.
Па стане на снежань мінулага года ў паўстацыянарнай форме атрымлівалі паслугі 30 чалавек з інваліднасцю і на даму — пяць чалавек.
— Якія гурткі, клубы даступны для інвалідаў?
— У нас функцыянуе сем гурткоў па інтарэсах для маладых інвалідаў: «Чароўны шматок», «Умелыя ручкі», «Свет паштовак», «Цуд-бісер», «Натхненне», «Смак» і «Аператыўная памяць». Працуюць клубы па інтарэсах «Формула здароўя», «Добрае сэрца». Таксама ёсць тры рэабілітацыйна-працоўныя майстэрні: швейная, паліграфічная і «Цуды цяплічныя». Узрост іх наведвальнікаў — ад 18 да 44 гадоў.
— У чым і якім чынам, Вы лічыце, гэтыя клубы і гурткі дапамагаюць?
— Перш за ўсё, шэраг з іх дапамагае людзям з інваліднасцю развіць творчыя здольнасці. Вядома, у кожным такім гуртку гэта робіцца па-рознаму: праз навучанне дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, стварэнне вырабаў з розных матэрыялаў і г.д. Гурток «Натхненне» выхоўвае цікавасць да літаратурных твораў і беражлівае стаўленне да кніг. На гуртку «Аператыўная памяць» людзі з інваліднасцю знаёмяцца з ЭВМ, вучацца найпростым навыкам работы на персанальным камп’ютары. «Смак» навучае прыгатаванню здаровай пажыўнай ежы з даступных прадуктаў, дае веды аб рацыянальным харчаванні, выхоўвае смак да здаровай ежы.
Адпаведна і клубы: «Формула здароўя» займаецца арганізацыяй масавай фізкультурна-аздараўленчай работы сярод людзей з інваліднасцю ў рамках нашага аддзялення, «Добрае сэрца» спрыяе ўключэнню ў рэабілітацыйны працэс сям’і, пашырэнню сацыяльных кантактаў людзей з інваліднасцю, іх удзелу ў грамадскай дзейнасці.
У працоўных майстэрнях атрымліваюць практычныя навыкі ў розных сферах, вучацца шыццю і рамонту адзення, тэхналагічнай дзейнасці па вырабе грамадска значных прадуктаў працы, вырошчванню агародных культур, правілам догляду за імі.
— Таццяна Васільеўна, фактычна, многае з гэтага існавала ў нашым раёне і да ўступлення ў сілу новага закона. Ці з’явіліся якія-небудзь новыя паслугі для інвалідаў?
— Так, гэта паслуга персанальнага асістэнта. Скарыстацца ёй могуць інваліды, якія маюць рэзка выяўленае абмежаванне здольнасці да самастойнага перамяшчэння і (або) здольнасці да арыентацыі. Таксама інваліды, якія маюць абмежаванне здольнасці кантраляваць свае паводзіны. Паслуга персанальнага асістэнта можа аказвацца ў форме нестацыянарнага сацыяльнага абслугоўвання, тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання або ў форме сацыяльнага абслугоўвання на даму. Яна прадугледжвае аказанне любой дапамогі, неабходнай для нармалізацыі паўсядзённай жыццядзейнасці і забяспячэння самастойнасці. Напрыклад, садзейнічанне ў асваенні навыкаў самаабслугоўвання, сацыяльна-бытавых, планавання распарадку дня і паўсядзённых спраў, навыкаў па распараджэнні сваім бюджэтам і ажыццяўленню розных плацяжоў.
Асістэнт аказвае дапамогу ў арганізацыі вольнага часу. Гэта і суправаджэнне падчас прагулак і наведванне тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання, канцэртаў, выстаў і іншых мерапрыемстваў, а таксама аб‘ектаў аховы здароўя. Таксама асістэнт аказвае псіхалагічную, камунікатыўную падтрымку ў розных паўсядзённых сітуацыях і інфармацыйную падтрымку. Апошняя ўключае ў сябе пошук інфармацыі, тлумачэнне, аказанне дапамогі ў запаўненні дакументаў, бланкаў, падачы заяў і іншае.
У 2023 годзе ў аддзяленні аказваліся паслугі персанальнага асістэнта для 15 чалавек. Гэта дзевяць адзінокіх інвалідаў ІІ групы непенсіённага ўзросту, два адзінокія інваліды І групы непенсіённага ўзросту, адзін адзінокі інвалід ІІ групы, тры інваліды І групы па зроку.
— Асаблівай дапамогі патрабуюць інваліды І і ІІ груп, незалежна ад іх узросту. Нагадайце, калі ласка, якія льготы прадастаўляе дзяржава такім людзям?
— Інваліды І і ІІ груп маюць права на:
- 90-працэнтную скідку з кошту лекавых сродкаў, якія выдаюцца па рэцэптах урачоў;
- бясплатны выраб і рамонт зубных пратэзаў (за выключэннем пратэзаў з каштоўных металаў і дарагіх матэрыялаў) у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя па месцы жыхарства;
- бясплатнае або льготнае забеспячэнне тэхнічнымі сродкамі рэабілітацыі;
- бясплатны праезд на чыгуначным, водным і аўтамабільным пасажырскім транспарце агульнага карыстання рэгулярнага прыгараднага паведамлення, акрамя таксі (асоба, якая суправаджае інваліда І групы, таксама карыстаецца правам бясплатнага праезду);
- першачарговае бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне (пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў і адсутнасці супрацьпаказанняў) або аздараўленне (для непрацуючых інвалідаў пры адсутнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў).
Інваліды, якія не маюць працаздольных членаў сям’і, абавязаных па законе іх утрымліваць і пражываюць адны альбо толькі з інвалідамі I ці II групы і (або) з непрацуючымі пенсіянерамі, чый узрост дае права на пенсію па ўзросце на агульных падставах, маюць права на 50-працэнтную скідку з платы за тэхнічнае абслугоўванне і камунальныя паслугі.
Гутарыла Валерыя Адамчук, студэнтка журфака БДУ