У Брэсце ў шосты раз прайшоў Афанасьеўскі інтэлектуальны турнір сярод вучняў нядзельных школ Брэсцкай епархіі. Сёлета ён быў прысвечаны 1030-годдзю Праваслаўя на беларускіх землях.
Пружанскае благачынне прадстаўляла каманда гімназіі, якая заваявала гэтае права перамогай на адборачным туры (пра гэта паведамляла «раёнка» ўжо паведамляла). У вобласці гімназісты выступалі пад назвай «Сабаране».
— Тэма была вельмі аб‘ёмнай, я нават сказаў бы, на інстытуцкім узроўні, — расказвае настаяцель пружанскага Свята-Аляксандра-Неўскага сабора протаіерэй Міхаіл Носка, які ўваходзіў у склад журы турніру. — Тым не менш наша каманда вельмі нядрэнна паказала сябе. У першым туры ўдзельнічала дзевяць каманд, якім трэба было пісьмова адказаць на 20 пытанняў. Пружанцы па выніках былі недзе пасярэдзіне. У другі этап не прайшлі, але гэта якраз той выпадак, калі важная не перамога, а ўдзел. Падрыхтоўка да падобных спаборніцтваў дае веданне гісторыі Праваслаўя ў кантэксце беларускай дзяржаўнасці, уменне арыентавацца ў падзеях і датах. Адзначу, што гэта добра разумеюць іерэй Дыянісій Папоў і настаўнік гісторыі Сяргей Саскевіч, якія рыхтавалі нашу каманду.
Пасля заканчэння да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся Архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан, які ўзначальваў журы турніру. Уладыка адзначыў важнасць духоўна-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення, а таксама неабходнасць кампетэнтнага і аб‘ектыўнага выкладання гісторыі.
Усе ўдзельнікі атрымалі дыпломы і памятныя падарункі з рук Архіепіскапа, а пераможцы — таксама падарункі ад партнёраў турніру, сярод якіх выступаў і Расійскі цэнтр навукі і культуры ў Брэсце на чале з яго кіраўніком Юліяй Сяменчанка.
Ірына Сядова. Фота прадастаўлена Свята-Аляксандра-Неўскім саборам