Суббота, 14 декабря 2024

Са святам вас, аўтамабілісты і дарожнікі!

869

Па традыцыі ў апошнюю нядзелю кастрычніка ў Беларусі адзначаюць свята, якое стала своеасаблівым прызнаннем заслуг транспартнікаў у развіцці эканомікі краіны. Сёння мы не ўяўляем сваё паўсядзённае жыццё без людзей, якія працуюць у гэтай галіне, — праводзяць працоўны дзень за рулём, развозяць грузы, вязуць пасажыраў або займаюцца будаўніцтвам дарог…

20161020_9272

Шмат гадоў працуе ў аўтапарку №11 Мікалай Літвіновіч.  Маючы пэўны жыццёвы вопыт і больш трох дзясяткаў гадоў працоўнага стажу за плячыма, вадзіцель аўтобуса перакананы: галоўнае — заўсёды быць у згодзе з людзьмі.

Залатыя рукі і працавітасць дасталіся Мікалаю Мікалаевічу ад бацькі, які  працаваў слесарам, мог узяцца за работу любой складанасці. Прыклад адказнасці і адданасці  справе паказаў  старэйшы брат, які першым абраў шафёрскую прафесію.

«Увогуле, сям’я ў нас рабочая, — кажа М.М.Літвіновіч. — І ўся мужчынская  палова звязала сваё жыццё з тэхнікай і жалезам».

Мікалай Літвіновіч  пасля школы пайшоў вучыцца на механіка. Падчас службы ў арміі атрымаў вадзіцельскае пасведчанне з усімі катэгорыямі, а калі вярнуўся дадаму, працаўладкаваўся ў  аўтапарк №11. Так і працуе на адным месцы ўсё жыццё.

Працаваць вадзіцелем аўтобуса не так проста, як можа падацца на першы погляд. Вельмі ранні пад’ём, ніякіх спазненняў нават па ўважлівай прычыне, шмат гадзін за рулём і, канешне, адказнасць за пасажыраў — усё гэта прымушае па-іншаму глядзець на прафесію.

«Але з гадамі ўцягваешся ў такі рэжым», — гаворыць Мікалай Мікалаевіч.

З разуменнем ставяцца да работы, якая часам не дае магчымасці прысутнічаць на сямейных святах і мерапрыемствах, і родныя.

Што тычыцца  стасункаў з людзьмі, то М.М. Літвіновіч стараецца ісці на кампрамісы, знаходзіць паразуменне: маўляў, пры такім падыходзе ў калектыве атмасфера здаравейшая. А калектыў, між іншым, немалы: толькі вадзіцеляў аўтобусаў у аўтапарку каля трыццаці.

Неканфліктнасць, стараннасць і спагадлівасць узнагароджваюцца павагай калег і кіраўніцтва. «Такіх работнікаў яшчэ пашукаць трэба, — гаворыць начальнік аддзела перавозак Д.В.Мацяш. — Мікалаю Мікалаевічу можна даверыць любы рэйс, даручыць стажыроўку новых вадзіцеляў. І ніколі ён не губляе пачуцця гумару».

Геаграфія рэйсаў гэтага вадзіцеля не абмяжоўваецца толькі гарадскімі вуліцамі: у свой час ён ездзіў па міжгародных і заказных маршрутах. За прафесіяналізм не раз адзначаўся граматамі, удастойваўся месца на Дошцы гонару.

Нягледзячы на напружаны рытм жыцця, Мікалай Літвіновіч знаходзіць час для хобі — «ціхага» палявання і рыбалкі. Бавіць час на прыродзе — для яго лепшы адпачынак. А тады з новымі сіламі за любімую справу: без вадзіцелей грамадскага транспарту і сёння нікуды!

Анастасія Дудко

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *