Работу калектыву Пружанскага раёна газазабеспячэння можна параўнаць з ручным гадзіннікам, абавязкова «швейцарскай» якасці. Менавіта з такой жа дакладнасцю выконваюць спецыялісты свае абавязкі і дзейнічае служба ў цэлым. І гэта — паўсядзённая практыка, у якой існуюць непарушныя прынцыпы, заснаваныя на надзейнасці і якасці. Адметна, што арганізацыя ідзе не толькі па адпрацаваным вектары, яна развіваецца, укладваючы нямала і ў сацыяльна-эканамічнае развіццё самой Пружаншчыны.

Пра папярэднія здабыткі і наступныя планы ў прафесійнае свята газавікоў расказвае начальнік Пружанскага РГЗ Анатоліем Рахавецкім.
— Анатолій Георгіевіч, вынікі бягучага года для вашай арганізацыі сцвярджаюць аб паступовым, але няспынным росце.
— Сапраўды так. Акрамя таго, што мы годна выконваем сваю сацыяльна значную задачу па забеспячэнні магчымасці карыстання «блакітным палівам», у дадатак працягваем газіфікацыю раёна, будуючы новыя газаправодныя магістралі. У працэнтных суадносінах узровень газіфікацыі жылога фонду Пружаншчыны вырас на адну дзясятую працэнта і склаў 99,2%.

Здаецца, што такое дзясятая доля аднаго працэнта? Але калі паглядзець на аб’ёмы выкананай работы, гэта яшчэ некалькі кіламетраў новых газаправодаў, з улікам якіх цяпер агульная працягласць сетак складае амаль 573 кіламетры. Прыродны газ сёлета прыйшоў у новыя населеныя пункты, у якіх зручную магчымасць абаграваць жыллё і гатаваць ежу займелі сотні людзей. У выніку складваецца вельмі прыемная і для нас, і для нашых абанентаў статыстыка: мы цяпер абслугоўваем 17 прамысловых і 104 камунальна-бытавыя прадпрыемствы, каля 22 тысяч кватэр.
Словам, мы ў чарговы раз пацвердзілі аксіёму, што адной з лепшых рыс нашага калектыву з’яўляецца зладжанасць у дзеяннях і ўзаемаразуменне ў дасягненні адзіных мэт.
— Але ж планы на будучыню ў вас таксама значныя?
— Так, і яны зараз поўнасцю завязаны на Лыскаўскую і Магілявецкую зону, дзе вядзецца пракладка падводзячых газаправодаў у рамках Дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе». У бліжэйшы час прыступім да падключэння бытавых абанентаў шляхам будаўніцтва размеркавальных сетак з уводамі ў дамы.

Побач з гэтым працягваем і паўсядзённую работу па абслугоўванні абанентаў. Ёй займаюцца наш аварыйна-дыспетчарскі ўчастак, участкі эксплуатацыі, транспарту, уліку і рэалізацыі газу, сектар бухгалтарскага ўліку, а таксама Ружанскае вытворчае падраздзяленне.
Сярод асноўных відаў паслуг:
— дастаўка балонаў са звадкаваным «блакітным палівам»,
— рамонт і замена бытавога газавага абсталявання,
— тэхнічнае абслугоўванне сетак,
— устаноўка газавых лічыльнікаў, іх паверка і многія іншыя.
— Любыя дасягненні арганізацыі — гэта, насамрэч, намаганні калектыву ў цэлым. Наколькі газавікі адпавядаюць такім высокім патрабаванням?
— У нас недапушчальная скідка на так званы «чалавечы фактар». Каб не дапусціць недаравальных памылак, мы карпатліва фарміруем калектыў, адбіраючы толькі адказных і дысцыплінаваных спецыялістаў. Дзякуючы чаму ў нашым асяроддзі няма выпадковых людзей, слабых духам і схільных да ляноты. За кожнага са 112 супрацоўнікаў раёна газазабеспячэння я магу паручыцца: за шматгадовую працу выявіліся прафесійныя здольнасці кожнага.

Не буду хваліцца, што ў нас усё ідэальна і беспраблемна. Цяжкасці, як і ў рабоце іншых сфер, сустракаюцца нярэдка. Але праблемы не палохаюць, а аб’ядноўваюць. Яны прымушаюць нас дзейнічаць адзінай камандай, што праяўляецца нават і падчас розных мерапрыемстваў у пазапрацоўны час. Нас нярэдка можна сустрэць разам на спартыўных спаборніцтвах, конкурсах мастацкай самадзейнасці.
Такую традыцыю з непарушнымі прынцыпамі стварылі нашы ветэраны, імёны якіх для нас выбіты сапраўдным золатам. З павагай і падзякай мы ўзгадваем Рэгіну Солад, Маргарыту Дабрэнка, Васілія Чарвяка, Івана Пстыгу, Мікалая Леўчука, Антаніну Валасевіч, Уладзіміра Радзівоніка, Мікалая Тапольскага, Ганну Сідарук, Мікалая Літвінчука, Аляксандра Ціханюка, Вадзіма Магілёва, Аляксандра Волчыка, Уладзіміра Краўца, Таццяну Лісіцкую, Святлану Рахавецкую і многіх іншых ветэранаў-газавікоў.

Асабіста ад сябе, ад імя адміністрацыі і ўсяго нашага дружнага калектыву жадаю і тым, хто на заслужаным адпачынку, і тым, хто зараз знаходзіцца на працоўных месцах, здароўя фізічнага і маральнага, непарушнай атмасферы разумення ў сем’ях і, зразумела, матэрыяльнага дабрабыту, каб адчуваць задавальненне ад прафесійнай дзейнасці. А яшчэ жадаю толькі руціннай працы, без трывожных выклікаў або іншых непрыемных сітуацый.
Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік
