Дрэннай работы, па сутнасці, быць не можа. Другая справа, калі чалавеку яна не па душы або ён проста шукае тую, дзе можна было б нічога не рабіць, а атрымліваць вялікія грошы. Ды нехта ж павінен і вуліцы прыбіраць, і жывёлу даглядаць, і на зямлі працаваць. Не месца ўпрыгожвае чалавека, а наадварот. Галоўнае, каб усё рабілася добрасумленна, з душой, у любым выпадку трэба любіць тое, чым займаешся, інакш…
Апошняга меркавання прытрымліваецца і сямейная пара Пішчукевічаў Анатоля Іванавіча і Людмілы Іванаўны, якія працуюць жывёлаводамі на ферме «Бярэзніца» ААТ «Ружаны-Агра». Хоць у гаспадарцы яны не так і даўно, са жніўня 2020 года, але зарэкамендавалі сябе як адказныя работнікі, якіх без сумнення можна ставіць у прыклад. А чаму б і не?
Анатоль і Людміла пражываюць на Гродзеншчыне, у Слонімскім раёне. І кожны дзень за 17 кіламетраў спяшаюцца да сваіх гадаванцаў — цялятак. А на апекаванні ў іх… 800 галоў! Проста ўявіце, што абслугоўваннем іх займаюцца толькі два чалавекі! Нягледзячы на гэтую акалічнасць, як адзначае кіраўніцтва гаспадаркі, уся работа выконваецца своечасова і якасна. А яе, зразумела, многа. Асноўны накірунак дзейнасці Пішчукевічаў — дарошчванне маладняку і наступнае ўзнаўленне статка. З ласкай дагледжаныя цяляты ў наступным папаўняюць рады дойных кароў на комплексах сельгаставарыства. Дарэчы, у рабоце мужа і жонкі першачарговая ўвага надаецца прывагам цялятак. А без належнага догляду станоўчага выніку ніяк не дамагчыся. Абавязкова трэба сачыць за рацыёнам, каб прысутнічалі комплексныя дабаўкі.Ды і санітарыя знаходзіцца не на апошнім месцы.
Падчас размовы з Пішчукевічамі высветлілася, што па спецыяльнасцях яны ніякага дачынення да работы на зямлі не маюць: Анатоль — аўтакранаўшчык, а Людміла — педагог. І, як адзначаюць муж і жонка, яны не шкадуюць, што звязалі свой лёс з сельскай гаспадаркай. Работа ім падабаецца, тым больш што разам яе выконваць удвая весялей. Заўсёды адчуваеш, што побач блізкі чалавек, якідапаможа і словам, і справай.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік