Воскресенье, 19 января 2025

Рыхтуем сабе замену

195

На мінулым тыдні ў Ружанскай сярэдняй школе імя Казіміра Марача адбылося чарговае пасяджэнне гуртка «Юны карэспандэнт».

Журналістыка — вельмі цікавы напрамак грамадскай і вытворчай дзейнасці па зборы, апрацоўцы і перыядычным распаўсюджанні сацыяльнай інфармацыі. Падчас выканання такой работы раскрываецца творчы патэнцыял карэспандэнта, уменне наладжваць зносіны з людзьмі, знаходзіць цікавыя матэрыялы для друку, быць праўдзівым і з сабой, і з навакольнымі. Паказаць свае таленты можна праз заметку, інтэрв’ю, журналісцкае расследаванне, артыкул, справаздачу…

Усе жанры пералічваць не будзем. А на гэты раз удзельнікі гуртка вырашылі больш дэталёва пазнаёміцца з рэпартажам, так сказаць, разабрацца, «з чым яго ядуць». У такой справе лішняй не была дапамога карэспандэнтаў «раёнкі», якія не толькі расказалі падлеткам аб дадзеным жанры, але на прыкладзе ў газеце паказалі, як усё робіцца.

Адразу нагадаў юным карэспандэнтам з Ружан, што рэпартаж — гэта паведамленне з месца падзей. Возьмем сельскую гаспадарку, якая для нашага раёна з’яўляецца асноўным эканамічным складнікам. З чаго пачынаем? Канечне, тэлефануем у сельгаставарыства, каб узгадніць прыезд, растлумачыць, якая тэма цікавіць, пра каго ці што хацелі б напісаць. Пасля чаго адпраўляемся па адрасе і збіраем матэрыял, напрыклад, пра ўладкаванасць рамонтных майстэрняў для работ у зімовы перыяд, пра людзей, якія аддалі працы на зямлі многа гадоў свайго сумленнага жыцця. Па вяртанні ў рэдакцыю кіпіць работа па напісанні рэпартажу, вельмі ўважліва ставімся да лічбаў і фактаў, не дапускаем скажэння інфармацыі, толькі праўда і нічога іншага. Абавязкова адпраўляем гатовы матэрыял на праверку ў гаспадарку, дзе пабывалі, або чалавеку, пра якога ўзяліся расказаць. Чалавечы фактар, можаш дапусціць памылку несвядома, па няўважлівасці. І ўсё, чытайце, калі ласка, газету «Раённыя будні», знаёмцеся з лепшымі сельскімі працаўнікамі, даведвайцеся, чым жывуць нашы сельгаставарыствы, якія новыя тэхналогіі ўкараняюць у сваю работу.

Цікавая праца? Несумненна! Ты пастаянна знаходзішся ў руху, сустракаешся з новымі цікавымі людзьмі, паказваеш астатнім важнасць земляробства не толькі для Пружаншчыны, але і для ўсёй Беларусі. Адным словам, стараешся ўславіць тых, для каго родная зямля — не проста словы, а сэнс жыцця.

Каб сапраўды замацаваць сказанае на гуртку, яго ўдзельнікам прапанаваў замацаваць пачутае на практыцы. Дзякуй вялікі кіраўніцтву ААТ «Ружаны-Агра» за тое, што пайшло насустрач юным карэспандэнтам і прапанавала ім на выбар некалькі тэм для напісання свайго матэрыялу. Будзем спадзявацца, што ў хуткім часе мы зможам пазнаёміцца з іх творчасцю на старонках «раёнкі».

Выбіраць прафесію — вельмі важная справа, з ёю давядзецца суіснаваць усё жыццё. Таму робім выбар вельмі сур’ёзна і не перад самым сканчэннем школы. У гэтым выпадку ўдзельнікі гуртка «Юны карэспандэнт» паступаюць вельмі мудра.

Вадзім Раўнейка. Фота Руслана Басака