Четверг, 10 октября 2024

Рысы следчага — уважлівасць і спакой

450

У Пружанскім раённым аддзеле Следчага камітэта раскрыццём кіберзлачыннасці займаецца следчы Ілья Кандрацюк, стаж якога складае толькі два гады.

Ды за невялікі час працы малады чалавек паспеў займець павагу ў калектыве як добры спецыяліст і даказаць, што маладосць — гэта не загана, а магчымасць ісці ў нагу з часам, прыносіць карысць сваёй Радзіме.

У жыцці Ільі Кандрацюка быў час, калі сваю прафесійную дзейнасць ён хацеў звязаць з… хакеем: заняткам гэтым відам спорту прысвяціў восем год. Ды ўсё ж абраў для сябе дарогу ў праваахоўныя органы. Цяпер на першым плане любімая работа, а хакей застаўся ў жыцці пераважна ў фармаце праглядаў матчаў па тэлебачанні: нечым трэба ахвяраваць, бо сумяшчаць усё і адразу вельмі складана.

А цікава: што ці хто паўплывала на выбар прафесіі маладога следчага? У першую чаргу, як прызнаецца Ілья Кандрацюк, гэта тата Аляксандр Мікалаевіч, які адпрацаваў у праваахоўных органах 27 гадоў. Пачынаў службу оперупаўнаважаным, а скончыў яе на пасадзе начальніка Кобрынскага міжраённага аддзела ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці. За час працы неаднаразова ўзнагароджваўся граматамі і нагруднымі знакамі, у тым ліку і за бездакорную службу. Такі прыклад перад вачамі і стаў для Ільі Кандрацюка вырашальным пры выбары будучага прафесійнага шляху.

Ураджэнец Пружан скончыў у СШ № 3 дзевяць класаў і паступіў у Брэсцкае абласное кадэцкае вучылішча. У 2021 годзе стаў выпускніком Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь, дзе ў свой час вучыўся і тата. Заканчваў Ілья следча-экспертны факультэт і атрымаў спецыяльнасць «Правазнаўства».

— Вучоба ў Акадэміі вельмі дысцыплінавала мяне і надала ўпэўненасці, што я з’яўляюся паўнапраўным грамадзянінам сваёй краіны, у якой чалавек — самае галоўнае багацце, — зазначае следчы.

У Пружанскім раённым аддзеле Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Ілья Кандрацюк пераважна ажыццяўляе папярэдняе следства па крымінальных справах, звязаных з учыненнем злачынстваў у сферы інфармацыйных тэхналогій.

— Нашым суайчыннікам заўсёды патрэбна быць вельмі асцярожнымі да званкоў і паведамленняў ад невядомых кантактаў. Спосабы падману мяняюцца, але сутнасць застаецца тая ж: пазбавіць вас грошай. Галоўнае — пільнасць і халодная развага ў такіх сітуацыях. Губляцца не трэба, — раіць Ілья Кандрацюк.

Не мог не задаць суразмоўніку пытанне наконт таго, якімі рысамі характару павінен валодаць следчы. У адказ пачуў: уважлівасць, спакой, таварыскасць, жаданне змагацца са злом і верыць, што некалі яго на гэтым свеце будзе значна менш. Верыць у любым выпадку, бо без гэтага разлічваць на вынік вельмі складана.

У чалавека, які пэўна бачыць сваю будучыню, павінны быць і акрэсленыя мэты ў жыцці. Для Ільі Кандрацюка яны заключаюцца ў тым, каб дасягаць з года ў год лепшых паказчыкаў на службе, павышаць свае веды і навыкі, быць карысным грамадству. І, канечне, кар‘ерны рост тут не на апошнім месцы.

Хочацца спадзявацца, што ў маладога следчага ўсё складзецца на выдатна. Ён знайшоў сябе ў жыцці, цяпер застаецца смела крочыць наперад, абараняючы слабых, дапамагаючы пакрыўджаным.

А з нагоды прафесійнага свята ўсім супрацоўнікам Пружанскага раённага аддзела Следчага камітэта жадаем дабрабыту, поспехаў на службе, мудрасці і праніклівасці, здароўя. Паболей вам радасці ад жыцця і цудоўных імгненняў. Няхай кожны дзень прыносіць толькі шчасце!

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік