Зіма — доўгачаканы сезон для аматараў падлёднага лову. Як расказвае старшыня раённай арганізацыі Таварыства выратавання на водах Юрый Амельянчук, нават пры першым з’яўленні лёдавага пакрыцця на гарадское возера пачалі выходзіць рыбакі. З-за чаго рашэнне райвыканкама аб забароне выхаду на першы лёд называе вельмі актуальным.
Марозны тыдзень напачатку снежня стварыў спрыяльныя ўмовы для ўмацавання лёду. Покрыва атрымала неабходную таўшчыню і трываласць для таго, каб вытрымаць вагу дарослага чалавека ў зімовым адзенні разам з рыбалоўнымі прыладамі. Вось толькі клімат у нашым рэгіёне такі, што «мінусы» вельмі хутка мяняюцца на «плюсы». Што мы і назіраем зараз. А такі перыяд адлігі заўсёды выклікае разбурэнне лёдавага пакрыцця.
Змяншэнне трываласці істотна павялічвае небяспеку, вось толькі гэта не ўсіх стрымлівае. Па той колькасці рыбакоў, што можна зараз убачыць на лёдзе, нават ствараецца ўражанне, што чалавецтва нарэшце вынайшла сродак для дасягнення бессмяротнасці. У чым мы пераканаліся ўвачавідкі, калі разам са старшынёй раённага ТВВАД Юрыем Амельянчуком праехалі па вадаёмах раёна.
Цяперашні лёд на азёрах — вельмі небяспечны, што бачна нават па знешнім выглядзе. Яго трываласць можа быць «умоўнай», і аматары падлёднай рыбалкі, адпраўляючыся на вадаёмы па ўлоў, вельмі моцна рызыкуюць. І дзеля чаго?
— Вельмі хочацца, каб рэпартаж пра наш рэйд прачыталі жонкі такіх аматараў ды забаранілі ім выходзіць на тонкі лёд, — спадзяецца Юрый Міхайлавіч. — З-за паўкіло малькоў можа здарыцца трагедыя.
Пацвярджэннем яго слоў выступае свежая статыстыка: літаральна днямі прахожыя выцягнулі з вады рыбака, які трапіў пад лёд на адным з азёр Брэста.
На гарадскім возеры мы папярэдзілі некалькі такіх аматараў. Адзін з іх, 70-гадовы гараджанін, патлумачыў: маўляў, захацеў парадаваць унукаў свежай рыбай. Хаця і разумее ўсю небяспеку выхаду на лёд у адлігу. Сапраўды, таўшчыня покрыва зараз захоўваецца належная — 10, а месцамі і 15 см. Вось толькі стан яго выклікае сумненні. Што адразу бачна па колеры лёду. Калі б ён быў зялёнага або блакітна-зялёнага колеру, то такое покрыва лёгка вытрымае чалавека. А вось брудны, жоўта-шэры лёд звычайна ўжо падталы і нетрывалы. Дарэчы, пры тэмпературы паветра ў 0 градусаў штодзень трываласць лёду зніжаецца на 25%. Нават пры значнай таўшчыні покрыва.
На Рудніцкім возеры рыбакоў было яшчэ больш, некаторыя збіраліся ў групоўкі па 2-3 чалавекі. Відавочна, што пружанскіх «зімовых» рыбаловаў не спалохаць не толькі холадам і калючым ветрам, але і небяспекай. Добра, што не сустрэлі дзяцей на вадаёмах, хаця некаторыя аматары бяруць малых з сабой, мяркуючы такім чынам прывучыць да «добрай справы». Гэта менавіта той выпадак, калі можна сказаць, што няхай дзеці лепш будуць сядзець у мабільніках.
— Мы рэгулярна праводзім сустрэчы ў школах і дзіцячых садах, і спадзяюся, што бацькі правялі з малымі гутарку аб небяспечных гульнях на лёдзе — зазначае Юрый Амельянчук. — Асабліва ў час канікулаў дзеці павінны быць пад пільнай увагай дарослых і не выходзіць самастойна на лёд.
Падчас рэйду мы не сустрэлі рыбакоў, якія мелі з сабой спецыяльную выратавальную камізэльку. Хаця, згодна з новаўвядзеннямі ў дзеючыя правілы паводзінаў на вадзе, на лёд увогуле забаронена выходзіць без такога адзення. З-за чаго работнікі ТВВАД маюць права забараніць падлёдную рыбалку. Пакуль жа старшыня раённай арганізацыі абмяжоўваўся папярэджаннямі, хаця работнікі ТВВАД маюць інструменты адміністрацыйнага ўздзеяння.
Да ведама. Згодна з артыкулам 24.3 КоАП РБ, непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы дзяржаўнага органа (арганізацыі) пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў пагражае накладаннем штрафу ў памеры ад двух да ста базавых велічынь (3700 руб.), або грамадскімі работамі, або адміністрацыйным арыштам. Таксама работнікі ТВВАД могуць выклікаць міліцыю, што толькі павялічыць адказнасць. Больш таго, аб складзеным пратаколе стане вядома на месцы працы парушальніка.
Пакуль жа тлумачальныя гутаркі заканчваліся папярэджаннямі. Некаторыя да іх прыслухоўваліся і пакідалі лёд. Хаця сітуацыя, як гавораць сіноптыкі, будзе толькі пагаршацца, што прымушае работнікаў Таварыства выратавання на водах праводзіць больш частыя рэйды. Таму яны папярэджваюць, што ў наступныя разы наўрад ці каму ўдасца пазбегнуць адміністрацыйнай адказнасці.
Старшыня ТВВАД дае карысныя парады:
— Правільна рыхтуйцеся да зімовай рыбалкі: бярыце з сабой мінімальны набор выратавальных сродкаў: вяроўку і абавязкова выратавальную камізэльку. Не дазваляйце дзецям выходзіць на лёд. Забараняецца выходзіць на лёд у перыяд яго замярзання або раставання, правярайце трываласць лёду ўдарам нагі. Не адыходзьце далёка ад берага на вадаёмах, дзе больш няма рыбакоў. Не выходзьце на лёд у туман, які абмяжоўвае не толькі бачнасць, але і гукі. У выпадку непрыемнасці вас могуць не ўбачыць і не пачуць.
Падрыхтаваў Алег Сідарэнка. Фота аўтара