Для рыбаловаў-аматараў пасядзець з вудай на беразе вадаёма — гэта адпачынак, задавальненне і асалода. Але калі звыклы рытм жыцця мяняецца, з’яўляюцца перашкоды ці забароны, незадаволенасць адразу нарастае.
Такое «здарэнне» адбылося ў вёсцы Асошнікі. Мясцовыя рыбакі сцвярджаюць, што на звыклым месцы рыбалкі, дзе можна было ў любы час лавіць рыбу, нядаўна ўсталявалі шыльды аб платных паслугах. Незразумела, з чым гэта звязана, маўляў, раней такога не было, а білет на рыбалку каштуе аж 20 рублёў. Рыбакі сцвярджаюць, што на спінінг лавіць драпежнікаў — акуня або шчупака — заўсёды было бясплатна. Разабрацца ў дадзенай сітуацыі мы паспрабавалі разам з кіраўніцтвам гаспадаркі, якой належаць вадаёмы.

Па словах мясцовых жыхароў, яшчэ ў 90-я на тэрыторыі вёскі перакрылі раку і стварылі дзве сажалкі, прыкладна па 11 га кожная. Вадаёмы першапачаткова належалі саўгасу «Праца», туды выпускалі рыбу, і мясцовыя жыхары спакойна рыбачылі. Пасля сажалкі былі перададзены Магілявецкай псіхіятрычнай бальніцы, але праз некаторы час былі закінуты, берагі зараслі, вадаёмы сталі безгаспадарнымі.
Зараз сажалкі знаходзяцца на балансе ААТ «Радзіма» і прыведзены ў належны выгляд. Прыбярэжная тэрыторыя знаходзіцца ў поўным парадку, пабудаваны прычалы, туалеты, устаноўлены кантэйнеры для смецця. Вясной бягучага года вадаёмы былі зарыблены, малькі карпа, белага амура і таўсталобіка выпушчаны для далейшага развядзення. У сувязі з гэтай дзейнасцю і была ўведзена часовая забарона на лоўлю рыбы. Работа вядзецца на належным узроўні, і робіцца ўсё для аказання якасных паслуг насельніцтву. Але большасць нашых грамадзян прывыкла жыць па-даўнейшаму, бегаць па кустах, смяціць дзе прыйдзецца, галоўнае, усё бясплатна.
— Згодна з рашэннем райвыканкама, у 2015 годзе водны аб’ект здадзены ў арэнду для рэкрэацыйных мэт, гэта значыць для стварэння спрыяльных умоў для рыбакоў-аматараў, — падкрэслівае дырэктар ААТ «Радзіма» Дзяніс Кулеша. — Гэта ўсё запатрабавала сур’ёзных фінансавых укладанняў. Пасля зарыблення сажалак абнавілі інфармацыйную дошку з падрабязнай інструкцыяй, якая, дарэчы, з’явілася не ўчора, і вісіць ужо дзевяць гадоў. Але для браканьераў закон няпісаны, і, каб прадухіліць супрацьпраўныя дзеянні, мы нават звярталіся да супрацоўнікаў РАУС. У канцы кастрычніка рыбалоўны сезон зноў адкрыўся. Уведзены пэўныя нормы і ўмовы, якія рэгулююць лоўлю рыбы.
І, як паказала практыка, іншага шляху няма. Калі нашым «свядомым» грамадзянам даць свабоду дзеянняў і ўчынкаў, бардак не скончыцца ніколі.
Згодна з пастановай Савета Міністраў ад 25 красавіка 2015 года № 333 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку арэнды паверхневых водных аб’ектаў для рыбаводства» арандатар мае права часова забараніць любы від лоўлі рыбы, напрыклад, пры ачышчэнні, рэкультывацыі, нарыхтоўцы. Згодна з актам аб стварэнні спрыяльных умоў, з 18 кастрычніка дазволена рыбная лоўля. Для гэтага трэба купіць дазвол і лавіць удосталь, не аглядаючыся па баках. Пры гэтым распрацавана гнуткая сістэма скідак: для мясцовых жыхароў і бліжэйшых вёсак — 50% (10 руб.), для сваіх работнікаў — 65% (7 руб.), для дзяцей да 16 гадоў і інвалідаў — бясплатна. Пагадзіцеся, гэта не такія вялікія грошы, каб шукаць праблему там, дзе яе няма.
Атрыманыя сродкі трапляюць на агульны рахунак ААТ «Радзіма» і накіроўваюцца на неабходныя патрэбы гаспадаркі, у тым ліку і на развіццё рыбаводства.
Ірына Велясевіч
Фота прадастаўлена ААТ «Радзіма»