Четверг, 5 декабря 2024

Рыбакі-браканьеры з Пружанскага раёна атрымалі па два гады хатняй «хіміі»

2 469

Пракуратура раёна падтрымала дзяржаўнае абвінавачванне па крымінальнай справе ў дачыненні да двух жыхароў Пружаншчыны — 29-гадовага К. і 36-гадовага Б.

Абодва ўчынілі злачынства, якое кваліфікуецца ч.4 арт.281 (незаконная здабыча рыбы).

Як было ўстаноўлена падчас судовага следства, «рыбакі» ў маі на возеры Гута, парушаючы правілы вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, у перыяд забароны вырашылі парыбачыць. Для гэтага выкарысталі стаўныя сеткі, якія таксама прызнаны нелегальным прыстасаваннем. Улоў браканьераў пацягнуў на 16 320 рублёў, або больш за 500 базавых велічынь.

Абвінавачваныя прызналі сваю віну ў поўным аб’ёме і чыстасардэчна пакаяліся. З улікам пазіцыі дзяржаўнага абвінаваўцы і доказаў, а таксама звестак аб асобах К. і Б., характару і ступені грамадскай небяспекі зробленага, раённы суд вынес абвінаваўчы прыгавор і прызначыў кожнаму падсуднаму канчатковае пакаранне ў выглядзе двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу са штрафам у памеры 50 базавых велічынь, ці 1600 рублёў.

Прыгавор яшчэ не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

Вераніка Манец, памочнік пракурора. Фота БелТА, мае ілюстрацыйны характар