Вторник, 18 марта 2025

Рядом 24 часа в сутки. Врачи Чергейко рассказали о профессии и делах семейных

1 303

Як можна больш за чвэрць стагоддзя працаваць на адным месцы? Ці складана мужу і жонцы амаль 24 гадзіны ў суткі знаходзіцца побач? Як ставіцца да выбару дзяцей, якія абралі той жа хлеб, што і іх бацькі? Адказы на гэтыя пытанні і не толькі ведае сямейная пара Чаргейкаў з Ружан.
Аляксандр і Ларыса пазнаёміліся падчас вучобы ў Гродзенскім медінстытуце.
— У студэнцкім інтэрнаце мы жылі ў пакоях насупраць. Таму доўга шукаць сабе спадарожніцу жыцця не давялося: яна аказалася побач, — усміхаецца Аляксандр Міхайлавіч.


Да слова, ён, ураджэнец Зэльвенскага раёна, і вызначыў, дзе будзе жыць іх сям’я. У 1993 годзе малады спецыяліст, які толькі прайшоў інтэрнатуру, прыступіў да работы ўчастковым тэрапеўтам Ружанскай гарбальніцы. Малодшая на курс Ларыса Пятроўна вырашыла не шукаць працу на роднай Кобрыншчыне і прыехала сюды ў тым жа годзе праходзіць паслядыпломную стажыроўку.
Назапашаны вопыт сёння дазваляе ўрачам Чаргейкам мець сваё меркаванне наконт многіх рабочых і сямейных аспектаў.
— Ці складана амаль што цэлымі суткамі знаходзіцца побач? — цікавімся ў мужа і жонкі.
— Ёсць і плюсы, і мінусы. Безумоўна, добра, што ёсць з кім параіцца, прыемна ўсведамляць, што цябе зразумеюць, калі дома пойдзе гаворка на ўрачэбныя тэмы, — прызнаецца Ларыса Пятроўна. — З іншага боку, перажываеш за ўдвая больш праблем: не толькі за свае, але і за мужавы, а ён — за мае.
А рабочых пытанняў сёння ў іх — хоць адбаўляй: вось ужо некалькі гадоў Аляксандр Міхайлавіч назначаны загадчыкам Ружанскай паліклінікі, а яго жонка з’яўляецца загадчыцай лабараторыі і ўрачом-тэрапеўтам прыёмнага пакоя.
За шмат гадоў медыцынскай практыкі ў іх хапала складанасцей, але гэта не прымусіла расчаравацца ў адной з самых гуманных прафесій.
— Як гаварыў наш выкладчык, медыцынскі трэба закончыць для таго, каб разабрацца ў сабе, у сям’і.
Таму муж і жонка не сталі адгаворваць ні сына, ні дачку, якія вырашылі таксама лячыць. Старэйшы Міхаіл, праўда, стаў урачом ветэрынарнай медыцыны, зараз працуе ў Гродне. А дачка Марына сёлета заканчвае Гродзенскі медуніверсітэт.
— Іншы раз успамінаем, як пачыналі свой працоўны шлях, параўноўваем яго з днём сённяшнім. Здавалася б, ужо назапашаны багаты вопыт, развіта дыягнастычная галіна, а працаваць ад гэтага не стала лягчэй. Чаму? Проста людзі цяпер больш патрабавальныя, прыдзірлівыя, ці што. З развіццём інфармацыйных тэхналогій часта спачатку ставяць сабе дыягназы з дапамогай інтэрнэту, займаюцца самалячэннем. Да медыкаў жа звяртаюцца, калі хвароба ўжо запушчаная, а затым перакладваюць віну на ўрача.
Тым не менш нагод у мужа і жонкі для засмучэння заўсёды менш: дома пануе дабрабыт, а на рабоце ўсё-такі часцей сустракаюцца ўдзячныя пацыенты. А што яшчэ патрэбна для шчасця?
На здымку: апошнія два гады аказаліся для Чаргейкаў багатымі на памятныя даты: летась мінула 25 гадоў, як яны ўзялі шлюб і жывуць у Ружанах, а сёлета Ларыса Пятроўна адзначыла 50-гадовы юбілей…
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).