
25 красавіка маладзёжны кірмаш вакансій прайшоў і ў Ружанскай сярэдняй школе імя Казіміра Марача. На мерапрыемства былі запрошаны вучні 9, 11 класаў не толькі нашай школы, але і суседніх — Варанілавіцкай, Магілявецкай і Навасёлкаўскай СШ. Арганізатарам кірмашу выступіла ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
Форум праводзіўся з мэтай прафарыентацыі і аказання дапамогі вучням у вызначэнні іх будучай прафесіі, паколькі праблема такога выбару — адна з самых складаных і актуальных задач для будучых выпускнікоў школ. Вядома, што прафесія павінна не толькі падабацца, але і быць запатрабаванай.
Рынак працы нашага раёна арыентаваны ў асноўным на рабочыя прафесіі. Да ведама падлеткаў была даведзена інфармацыя аб тым, як паводзіць сябе, калі не ўдасца адразу паступіць у навучальную ўстанову, якую выбралі. Ім параілі звярнуцца ў службу занятасці. Там накіруюць на вучобу, дзе выпускнікі змогуць атрымаць пасведчанне дзяржаўнага ўзору і набудуць пэўную спецыяльнасць.
Старшакласнікі мелі магчымасць атрымаць індывідуальныя кансультацыі спецыялістаў, а потым усе сабраліся ў актавай зале школы, дзе ім расказалі таксама шмат цікавага. Перад прысутнымі выступіла начальнік кадравай і юрыдычнай службы ААТ «Ружаны-Агра» Вольга Бурдук. Яна паведаміла аб тым, якія спецыялісты патрэбны гаспадарцы, колькі складае заработная плата. Школьнікі даведаліся, у якіх навучальных установах можна набыць прафесіі аграпрамысловага профілю, а таксама пра ўмовы мэтавага накіравання на вучобу. Спецыяліст прапанавала працаўладкавацца ў гаспадарку падчас летніх канікулаў і распавяла, як гэта можна зрабіць.
Галоўны ўрач УАЗ «Пружанская ЦРБ» Юрый Юзько расказаў аб важнасці працы медыцынскіх работнікаў. Юрый Віктаравіч патлумачыў, дзе можна набыць адпаведныя прафесіі, акцэнтаваў увагу вучняў на тым, як важна самім клапаціцца аб захаванні здароўя.
Менеджэр па персанале ААТ «Санаторый «Ружанскі» Таццяна Кудашава апісала работу ў санаторыі. Яна паведаміла аб тым, што ўстанова мае патрэбу ў кадрах: тут запатрабаваны ўрачы, медсёстры, масажысты, а таксама повары, кандытары і адміністратары.
Яшчэ перад вучнямі выступілі прадстаўнікі ДЛГУ «Пружанскі лясгас», філіяла «Пружанскія электрычныя сеткі», райаддзела па надзвычайных сітуацыях, бальніцы «Магілёўцы».
Паводле меркаванняў удзельнікаў, такія мерапрыемствы вельмі патрэбны для будучых выпускнікоў, якія не застаюцца сам-насам са складаным выбарам, а атрымліваюць слушныя парады.
Марыя Вішнявецкая і Юлія Яраховіч, юныя карэспандэнты Ружанскай СШ імя К. Марача. Фота аўтараў.