Суббота, 15 февраля 2025

Ружаны сустракалі ўдзельнікаў праекта «Аўтацягнік #Беларусь. Моладзь. Традыцыі»

491

Яго арганізатарамі сталі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, грамадскае аб’яднанне «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Мэта – узмацненне ролі моладзі ў дзейнасці па захаванні гістарычнай памяці, гісторыка-культурнай спадчыны і традыцый Беларусі, умацаванне інстытута сям’і, падтрымка традыцыйных сямейных каштоўнасцей.

Як расказала кіраўнік аўтацягніка Анастасія Бядуліна, удзел у гэтым праекце быў конкурсны. Маладыя сем’і, якія выказалі жаданне адправіцца ў паездку, запаўнялі Google-форму на сайце «молодежь.бел». Фінальны адбор удзельнікаў ажыццяўляўся арганізацыйным камітэтам, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскага маладзёжнага цэнтра ДУА «Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы», ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Ад кожнай вобласці адбіралася па чатыры маладыя сям’і і шэсць – ад горада Мінска.

Стартаваў аўтацягнік 14 кастрычніка са сталіцы краіны – з Мінска. Яго шлях прайшоў праз гарады Полацк, Віцебск, Орша, аграгарадок Александрыя, што на Магілёўшчыне, сам абласны цэнтр, аграгарадок Чырвоны Бераг, Бабруйск, Салігорск, Слуцк, Косава. На пружанскую зямлю аўтацягнік прыбыў 19 кастрычніка.

У Ружанах каля палацава-паркавага ансамбля роду Сапегаў удзельнікаў аўтацягніка сустракаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік, а таксама супрацоўнікі музея, якія пераўвасобіліся ў гаспадароў замка і мясцовую шляхту.

Аляксандр Канстанцінавіч уручыў Анастасіі Бядулінай падарункі. Яна, у сваю чаргу, перадала Пружаншчыне памятны знак праекта, прадстаўнікам музея – маляўнічы фотаальбом вядомых месцаў Беларусі. Для маладых удзельнікаў праекта аказалася цікавай экскурсія па залах музея, а таксама агляд ходу рэстаўрацыі астатняга замкавага комплексу і той часткі, якая будзе закансервавана.

Ад’язджаючы, госці дзяліліся сваімі станоўчымі ўражаннямі ад мерапрыемства, дзякавалі яго арганізатарам.

Іх далейшы шлях ляжаў у Слонім, Баранавічы. Фінішаваў праект 21 кастрычніка ў Мінску.

Віктар ІЛЬЮШЧАНКА. Фота Кацярыны МАСІК