Понедельник, 9 декабря 2024

Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў наведаў Валянцін Калнін — чалавек, які першым правёў глабальнае даследаванне “архітэктурнай жамчужыны”

1 344

Славуты беларускі мастацтвазнаўца, рэстаўратар шматлікіх гістарычных і архітэктурных помнікаў, аўтар шэрага навукова-папулярных артыкулаў па гісторыі беларускай архітэктуры В.В.Калнін наведаў Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў.


У свой 77-ы дзень нараджэння Валянцін Валянцінавіч захацеў наведаць месцы, з якімі была звязана яго маладосць, творчае і навуковае жыццё, дзе засталіся людзі, з якімі пазнаёміўся яшчэ ў 70-х гадах.

З тых часоў многае змянілася. У адбудаваных флігелях уязной брамы ўжо дзесяць гадоў дзейнічае музей, тэатральна-манежны корпус знаходзіцца ў працэсе рэстаўрацыі. Толькі галоўны корпус так і стаіць у руінах, да болю знаёмых і таямнічых. Падчас нашай гутаркі Валянцін Калнін успамінаў свой першы прыезд у Ружаны. Некаторыя фотаздымкі, зробленыя тады групай даследчыкаў, увайшлі ў экспазіцыю выставы аналагавай фатаграфіі “Даліна Руж”, якая нядаўна дзейнічала ў Нацыянальным гістарычным музеі ў Мінску.

Сёлета Валянцін Валянцінавіч паднёс у падарунак нашаму музею і ў памяць пра свой першы візіт і ўклад у вывучэнне гісторыі нашага мястэчка два інфармацыйныя стэнды з аўтографам. У залах музея ён падоўгу спыняўся ля вітрын з экспанатамі, макетаў і старадаўняй мэблі. Каля картуша, размешчанага ў зале, распавёў: “Вы ведаеце, што, калі мы сядзелі ўвечары ля вогнішча, хтосьці з рабочых паспрабаваў падпаліць асколак, які адваліўся ад аднаго з картушаў. Усіх уразіла тое, што полымя не бралася за драўніну. Асколак не гарэў! А калі зрабілі першапачатковы аналіз сколаў, то аказалася, што гэта не мораны дуб, а нейкая хвойная малавядомая ў нашых краях драўніна”. Як пазней высветлілася, гэта была лістоўніца.

Валянцін Калнін, дарэчы, у свой час знайшоў у бібліятэцы Варшаўскага ўніверсітэта каштоўныя дакументы, звязаныя з Ружанамі, і апублікаваў іх. Напісаў шмат публіцыстычных артыкулаў і даследчых прац, у прыватнасці, “Шлях ляжыць праз Ружаны”, “Архітэктура Яна Самуэля Бекера”, “Зняволенне і пакаранне ў Вялікім княстве Літоўскім XVI–XVIII стст.” і многія іншыя, якія сталі важнай дапамогай у навуковай дзейнасці супрацоўнікаў нашага музея. Увогуле сёння на аснове даследаванняў Калніна ствараюць свае навуковыя працы многія гісторыкі, яго імя ўзгадваецца і сучаснымі рэстаўратарамі.

Час зносін з Валянцінам Калніным праляцеў незаўважна. Ён прызнаўся, што марыць напісаць кнігу, у якую павінны ўвайсці вынікі яго даследаванняў, разважанні і ўспаміны пра гады, праведзеныя ў Ружанах. На развітанне навуковец пакінуў памятны запіс у кнізе водгукаў музея. Хочацца пажадаць Валянціну Валянцінавічу доўгіх гадоў жыцця, моцнага здароўя і ажыццяўлення планаў!


На здымку: Валянцін Калнін і дырэктар ДУК “Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў” Крысціна Глушко.
Алена Паляшчук, малодшы навуковы супрацоўнік ДУК “Ружанскі палацавы ком-плекс роду Сапегаў”.