Среда, 19 февраля 2025

Руководитель ансамбля волонтеров Красного Креста Людмила Новик: «Поем тихо. Душой»

890

Перафразуючы вядомы выраз, скажу, што менавіта “добры чалавек таленавіты ва ўсім”. І лепшым доказам гэтага з’яўляецца дзейнасць валанцёраў Пружанскай раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа. Прыгожыя людзі ў пазнавальных чырвоных шаліках у свой вольны час паспяваюць займацца не толькі дабрачыннасцю: з задавальненнем малююць, танцуюць, вышываюць… А з нядаўняга часу, ведаю, што некаторыя з іх яшчэ і вельмі душэўна спяваюць. На чарговым мерапрыемстве ў палацыку вакальны ансамбль валанцёраў пад кіраўніцтвам Л.М.Новік так уразіў публіку сваім рэпертуарам і вакальным майстэрствам, што нават самыя прыдзірлівыя гледачы прызналіся: пад беларускія спевы ногі самі ў скокі ішлі.
– Як Вы лічыце, у чым сакрэт такога поспеху? – цікаўлюся ў кіраўніка ансамбля.
– У куфэрку маёй бабулі Аніссі…
– А што за куфэрак такі чароўны? – не сунімаюся я.
– Запрашаю да сябе ў госці, там і пагаворым, – з нейкай таямнічай усмешкай адказвае Людміла Мікалаеўна…

Якая прыгажосць! На сталах зіхацяць бялюткія льняныя абрусы і карункавыя сурвэткі, на ложках і сценах стракацяць рознымі колерамі трохпалосныя даматканыя дываны, на абразах — ручнікі з вышытымі птушкамі, валошкамі, ружамі і шыпшынай. А на крэслах раскладзены мужчынскія, жаночыя і нават дзіцячыя кашулі…
– Усё гэта – пасаг маёй бабулі Аніссі, дапоўнены ў свой час маёй матуляй, – кажа жанчына. – Як становіцца мне кепска, то я прытулюся да матчынай сарочкі і быццам яе далоні адчуваю. Як наплачуся!.. Гэтую рукатворную спадчыну перадам сваім дочкам і загадаю, каб нічога не выкідвалі і не прадавалі, лепш ужо ў музей аддаць на захаванне…
Як распавяла Людміла Новік, майстэрства калісьці нават выратавала сям’ю яе бабулі ад гібелі. Падчас вайны неяк немцы ўварваліся ў хату (а жыла сям‘я на Гомельшчыне): усё камуністаў шукалі. Зірнулі ў чырвоны кут на вялікую ікону Багародзіцы “Казанскую” і кажуць: адразу відаць, што тут бязбожнікаў няма. А потым перавялі позірк на прыгожыя ручнікі і дываны: “Фабрычнае?”. “Усё робім уласнымі рукамі”, – адказала Анісся. Яны загадалі ёй прынесці ў хату кросны і паказаць, як ткуць “беларускія халопы”.
– І адважная бабуля нават з песняю прадэманстравала ім сваё фантастычнае майстэрства. Немцы расхваляваліся ад незразумелых беларускіх спеваў, але… хутка выграблі ўсё дабро з хаты. Затое Аніссю з дзецьмі пакінулі ў жывых…

Людміла Мікалаеўна нарадзілася праз дзесяць гадоў пасля Перамогі — у вёсцы Добрынь Чачэрскага раёна.
– Ведаеце, пасля вайны вясковыя жанчыны пачалі прасці і ткаць больш звычайнага: не было “магазіннага” адзення. І мы, дзеці, не ся-дзелі склаўшы рукі: і на сена беглі, і на ток, а ўвечары разам з мамай за кросны сядалі… Паглядзіце на гэтыя сарочкі: гэтую матуля ў царкву апранала, а вось гэтую – на сенажаць. Як яны сшытыя! Радкі раўнюсенькія, быццам на машынцы. Ажурная акантовачка, карункі – мастацкі твор! Апранеш – такая прахалода! Памятаю, як у першым класе я радасная прыйшла ў такой кашулі ў школу – і… дзеці мяне высмеялі: тады акурат у моду сталі ўваходзіць трыкатажныя рэчы. А я пранесла сваю любоў да льнянога адзення праз гады, скончыла ў свой час курсы кройкі і шыцця.
Дарэчы, музычныя здольнасці маёй гераіні выявіліся яшчэ ў школе. Па-іншаму і быць не магло: бацька яе быў гарманістам на ўсю акругу, а маці – галоўнай запявалай на вячорках. Адразу пасля заканчэння школы Людміла Мікалаеўна паступіла на харавое аддзяленне ў Магілёўскае культасветвучылішча. Пасля яго заканчэння па размеркаванні трапіла ў Калядзіцкі Дом культуры, была галоўным завадатарам усіх вясковых святаў. Праз тры гады выйшла замуж і пераехала ў Пружаны.
Услед за жанчынай на Пружаншчыну пераехаў і яе гомельскі “куфэрак” з бабулінай і матулінай спадчынай.
– Пасля нараджэння дачкі я вымушана была шукаць іншую работу, каб зручней было даглядаць малую. Аднак дзе б ні была, са мною побач заўсёды былі мае народныя строі і народныя песні, з якімі вырасла… Як святы якія наладжвалі, то ад слупа да слупа нацягнем мае дываны, ручнікамі ўпрыгожым – ніякай сцэны не трэба!

Гледзячы на маці, такімі ж таленавітымі і працавітымі выраслі і яе дачушкі. Старэйшая Святлана скончыла ўніверсітэт па спецыяльнасці “Майстар народна-прыкладной творчасці” і напісала навуковую працу на тэму апрацоўкі льну. А малодшая – пявуння Надзея скончыла музычную акадэмію з чырвоным дыпломам і ў 2015 годзе ў г.Мінску на конкурсе беларускіх патрыятычных песень “З любоўю да Беларусі” ўзяла Гран-пры. Да поспеху дзяўчына прыйшла не без дапамогі таленавітай матулі.
– Гісторыя песні-пераможцы такая: неяк у літаратурным часопісе я прачытала неверагодна шчымлівы верш Антона Бялевіча “Ёсць на свеце такія краіны…” І нават заплакала ад тугі… Стала чытаць верш на ўсіх канцэртах, у якіх даводзілася прымаць удзел. Пачуўшы яго, прызнаюся, гледачы таксама плакалі, не хавалі эмоцый… І, калі дачка расказала пра фестываль, мы напісалі музыку да гэтага верша. Здавалася, што мелодыя сама вырвалася з сэрца…

Прайшло чатыры гады, і ўжо цэлы ансамбль валанцёраў-ветэранаў пад кіраўніцтвам Людмілы Новік сваім спевам расхваляваў гледачоў. Дарэчы, у валанцёрскую арганізацыю таленавітая жанчына прыйшла толькі год таму, калі, па ўласным прызнанні, надакучыла на пенсіі дома сядзець.
– Неаднаразова чытала ў “раёнцы” пра дабрачынную дзейнасць ветэранаў Чырвонага Крыжа, і дай, думаю, напрашуся… Прыём мне аказалі вельмі цёплы: распыталі, адкуль я і хто па адукацыі… Так і стала з імі спяваць, – расказвае Людміла Мікалаеўна, якая па просьбе валанцёраў стала падбіраць беларускі рэпертуар.
Адметна, што першым творам, які яны вывучылі з падачы Людмілы Новік, стала мясцовая песня, запісаная яшчэ ў 1975 годзе, “У полі сцелецца белы туман”. Потым валанцёры развучылі песню “Каля рэчкі, каля млына” – з рэпертуару “Песняроў”. Праўда, узялі аўтэнтычны варыянт слоў, які быў запісаны на малой радзіме Людмілы Новік – Чачэршчыне… На сёння ў калектыву даволі ўражальны беларускамоўны рэпертуар, годны таго, каб яго прадставілі на нашым брэндавым фестывалі “Пеўчае поле”.
– Дасць Бог, дажывём і сапраўды яшчэ пакажам сябе… Увогуле я вельмі рада, што тут, на Пружаншчыне, усе гэтыя “цёткі Машы” і “цёткі Ганны” вельмі падтрымліваюць пачынанне “дзядзькі” Рыгора Шырмы па захаванні мясцовай спадчыны. Яшчэ падчас вучобы ў культасветвучылішчы мяне вельмі кранулі яго словы: “Беларуская песня – гэта душа беларускага народа, прыгожая, як маладзічка ў бялюткім фартушку”. Згадзіцеся, як трапна сказаў майстар! Вось і я сваім спевакам заўсёды кажу: “Спяваем не гучна і доўга, а ціха, душой”.
Народная песня – нібы подых маці, якая і прылашчыць, і прыгалубіць, гэта мова нашага беларускага краю… Мы павінны ганарыцца такім “пасагам” нашых бабуль і дзядуль, які дзеля шчаслівага лёсу сваіх нашчадкаў павінны пранесці праз усё жыццё…

Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча