Воскресенье, 24 сентября 2023

Рубеж перасягнуты: 100 тысяч тон зерня намалацілі аграрыі Пружанскага раёна! (+многа фота і відэаролік)

223

Вось і дачакаліся! Услед за Камянецкім раёнам Пружаншчына выйшла на 100 тысяч тон намалоту! З гэтай нагоды напярэдадні, у чацвер, адбылося ўрачыстае мерапрыемства на палетку ААТ «Агра-Калядзічы» каля вёскі Дабучын. Арганізавана яно было на ўзроўні.

Прыгожа выстаўленыя беларускія камбайны і МАЗы нібы нагадвалі, што мы, беларусы, і самі можам многае, што працавітасці і кемлівасці нам не займаць. А Дзяржаўны сцяг сімвалізаваў вялікую сілу духу кожнага працаўніка краіны, у дадзеным выпадку хлебаробаў.

Адзначыць прыемную навіну сабралася многа гасцей. Асаблівая ўвага, канечне, была скіравана на непасрэдных удзельнікаў жніва, кіраўнікоў сельгаставарыстваў раёна. Менавіта гэтыя людзі цяпер прыкладаюць вялікія намаганні, каб не згубілася ніводнае зярнятка, каб беларускі каравай быў важкім.

Павіншаваў з перамогай хлебаробаў Пружаншчыны першы намеснік старшыні аблвыканкама Валянцін Зайчук, які адзначыў, што для Пружанскага раёна 100 тысяч — гэта зусім не мяжа. У нас ёсць усё для таго, каб у будучым узняць планку да 150 тысяч. А чаму б і не? У гаспадарках раёна працуюць сумленныя і заўзятыя людзі!

Валянцін Міхайлавіч пажадаў хлебаробам моцнага здароўя, дастатку і поспехаў у нялёгкай працы. Пасля зачытаў прывітальнае слова старшыні аблвыканкама Юрыя Шулейкі з нагоды знакавай для нашага раёна падзеі.

Выканаўчы дырэктар Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза Сяргей Ашмянцаў адзначыў, што Пружаншчына — адзін з вядучых раёнаў краіны. Таму гэтую марку трэба трымаць і надалей, задаваць тэмп для іншых раёнаў. Балазе ёсць людскі патэнцыял і жаданне дамагацца поспеху. Падзячнае пісьмо за шчырую працу і каравай з Брэстчыны Сяргей Дзмітрыевіч уручыў старшыні Пружанскага райвыканкама Міхаілу Грышкевічу. Дарэчы, прыгожымі караваямі ў знак павагі былі адораны і першы намеснік старшыні аблвыканкама Валянцін Зайчук, і дырэктары гаспадарак раёна.

Велізарную падзяку за працу ўсім, хто так ці інакш мае дачыненне да працы на зямлі, адрасаваў старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. Як падкрэсліў Міхаіл Міхайлавіч, хлебароб — гэта прызванне. Толькі людзі шчырыя душой і з адкрытым сэрцам па-сапраўднаму адчуваюць сувязь з роднай зямлёй — такімі і з’яўляюцца жыхары Пружаншчыны. Адсюль — вынік, які прыносіць і маральнае, і матэрыяльнае задавальненне. У знак павагі каравай з Брэстчыны старшыня райвыканкама ўручыў непасрэдным удзельнікам жніва — камбайнерам і вадзіцелям, тым, хто без лішніх слоў робіць вялікую справу — забяспечвае свой народ хлебам.

І… у добры шлях! Уборка чакаць не будзе, значыць, трэба падцягнуць рамяні і годна завяршыць сёлетняе жніво. Чаго і жадаем усім хлебаробам!

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік. Відэа Кацярыны Масік (здымка) і Уладзіслава Шпарлы (мантаж)

Больш фотаздымкаў у альбомах: https://vk.com/album-23306785_295429815 і https://ok.ru/budni/album/965982656392