
У пакецік ды ў сметнік. Няўжо так бывае?
Аднойчы ў дварах шматпавярховак па вуліцы Інтэрнацыянальнай я ўбачыў карціну, ад якой адчуў сапраўдны «культурны шок». Дзяўчына, якая выгульвала свайго сабачку, узброілася пальчаткамі і пакецікам, каб прыбраць і выкінуць у сметнік «вынікі жыццядзейнасці» свайго чатырохлапага гадаванца.
Думаю, што падобны шок адчулі б і многія чытачы «раёнкі», таму што з пастаяннай рэгулярнасцю да нас паступаюць звароты пружанцаў з просьбай пакрытыкаваць сабакаводаў-аматараў за тыя кучкі непрыстойнасцей, што пакідаюць іх пухнатыя сябры на газонах, дваравых пляцоўках, у дзіцячых пясочніцах і проста на тратуарах.
Не, пагаджуся, што нямала гаспадароў прытрымліваюцца маральных правілаў грамадства. Таму робяць усё магчымае для таго, каб утульнасцю гарадскіх вуліц і двароў маглі карыстацца не толькі яны са сваімі сабакамі, але і матулі з маленькімі дзецьмі ды гараджане, прагульваючыся ў парку ці ў іншых грамадскіх месцах Пружан. Вось толькі… яны мне дагэтуль не сустракаліся. Бачу звычайна зусім іншае.
І як гаспадар са сваім «барбосам», за якім на паўметра цягнулася сліна, заходзіў у «Белмаркет». А калі ахоўнік на ўваходзе сказаў, што з сабакам у прадуктовы магазін нельга, той шчыра здзівіўся: «Ды што ён зробіць?». І як жанчына прыйшла ў аддзяленне пошты і, пакуль чакала атрымання паслугі, пусціла свайго «кабыздоха» пагуляць па стойцы каля кас. Тады я сапраўды пераканаўся ў народнай мудрасці, што «сабака — сябар чалавека, а для некаторых яшчэ і мозг».
А яшчэ неаднойчы бачыў позірк розных сабакаводаў, калі яны справядліва чакалі заўвагу за тое, што іх сабакі «пабеглі ў кусцікі»: маўляў, толькі скажы мне ганебнае і цябе на ўвесь двор абгаўкаю.

Толькі ад «жыцця сабачага»
Безумоўна, у гэтай жыццёвай сітуацыі, як заўсёды, будуць дзве кропкі погляду. Напрыклад, «талерант» мне скажа, што раблю з мухі слана: маўляў, гэта ж жывёла, стварэнне прыроды, таму і паводзіць сябе непасрэдна.
Толькі чаму і я павінен у гарадской мясцовасці паводзіць сябе як афрыканскі следапыт: рухацца, не падымаючы вачэй ад долу, каб не праглядзець звярыныя «сляды»? Іначай на кожным дзясятку метраў можна «падарвацца на міне».
Ёсць прыхільнікі і больш радыкальных меркаванняў, якія сцвярджаюць, што проста нам не хапае «еўрапейскай культуры паводзін». Маўляў, там, на захадзе, прытрымліваюцца чысціні ў жыцці, а нам «не дазваляе навучыцца гэтаму славянскі менталітэт».
Пры гэтым «захадафілы» забываюцца, што яшчэ 300 гадоў таму еўрапейцы ўвогуле не мыліся, гадуючы на сябе насякомых. А ў сярэ-дзіне XIX стагоддзя медыцынскія свяцілы ўзнялі на смех Земельвейса, які выказаўся за мыццё рук урачамі перад аглядам пацыентаў.
На самай справе еўрапейская культура паводзін стала вынікам жорсткіх карных мер, якія дзейнічаюць і сёння. Кінуў акурак міма ўрны? Штраф 20 еўра. Парушыў правілы выгулу сабакі? Штраф ад 50 да 2000 еўра ў залежнасці ад краіны. За невыкарыстанне павадка падчас прагулкі з гадаванцам у Германіі давядзецца заплаціць 600 еўра. А ў нас?
Я прытрымліваюся «залатой сярэдзіны» і лічу абыякавую рэакцыю гаспадара на тое, што яго сабака «схадзіў у кусцікі» там, дзе гуляюць дзеці, трэніруюцца спартсмены або прагульваюцца гараджане, звычайным… вандалізмам. Чаму за зламаную сметніцу, пашкоджаную дэкаратыўную агароджу ці сапсаваны дарожны знак выпісваюцца штрафы? Пры тым, што парушальніка абавязкова знойдуць — па камерах відэаназірання, па апытаннях сведкаў. А вось за «міны» на клумбах, дзе пасаджаны прыгожыя кветкі ці на тратуарах, карпатліва выкладзеных з пліткі, яшчэ нікога не пакаралі? Ні аднаго!
Чаму ж такія паводзіны не палічыць вандалізмам? Самы звычайны вандалізм, таму што на добраўпарадкаванне горада пайшлі падаткі гараджан, быў патрачаны значны час, сілы работнікаў камунальнай і іншых службаў. У выніку ўсю прыгажосць загадзіў адзін зламыснік. Які ўрон рэпутацыі горада ён прынёс у вачах гасцей, колькі тысяч рублёў сталі непрыемным пахам для жыхароў райцэнтра?
Напэўна, надышоў час, каб тыя, хто абыякава ставіцца да чужой працы і жадання іншых атрымаць асалоду ад упрыгожаных гарадскіх вуліц і двароў, адчулі сапраўднае «жыццё сабачае». І горад павінен стаць «кусачым».
Ці па сілах гэта нам?
Упэўнена скажу, што не, на сённяшні дзень — не па сілах. Як расказваюць старажылы, некалі «за польскім часам» па горадзе ездзіў на веласіпедзе назіральнік з дубінкай. Заўважыць непарадак — і яго аўтар атрымае «ў плечы». Каб пазбегнуць кары, гаспадары як мага хутчэй імкнуліся вырваць пустазелле каля плоту, прывязаць сабак ды прыбраць падворкі ад смецця.
Цяпер у нас гуманны правапарадак і ўсё рэгулюецца заканадаўча. Вось толькі не заўсёды прынятыя правілы выконваюцца: маўляў, за гэта ніякага рэальнага пакарання не пагражае. Самае жорсткае — адміністрацыйнае папярэджанне, пасля чаго ідуць вельмі смешныя сумы штрафаў.
Цікавую гісторыю расказаў некалі адзін са знаёмых майстроў «Камунальніка». Спецыяліст доўга назіраў за сметніцай, да якой нехта выносіў хатнія і будаўнічыя адходы. Асобу парушальніка ўстанавіў і склаў пратакол, па якім той атрымаў… папярэджанне і з усмешкай паказаў майстру фігуру «з трох пальцаў». Пасля чаго апошні адмовіўся ўвогуле ад барацьбы за чысціню: маўляў, прыбяру лепш сам, каб нервовая сістэма была ў парадку.
Больш таго, разбэшчанасць узнікла па прычыне безнагляднасці: ніхто не займаецца назіраннем за парадкам у плане выгулу сабак. Вось толькі не бачу ніякай практычнасці ў адміністрацыйным прымусе камунальшчыкаў сачыць за парадкам. Упэўнены, там увядуць адзінку «назіральніка», могуць нават брыгаду абавязаць займацца такой справай. Але ўсё застанецца на паперы, а гараджане будуць далей лаяцца на «міны».
Прапаную іншае выйсце. Па-першае, зрабіць штрафныя санкцыі па «вышэйшай планцы» арт. 15.47 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Такім чынам, прымусіць уладальнікаў сабак кожны раз траціць па 600 рублёў для кампенсацыі ўрону. А па-другое, даць камунальнай службе магчымасць распараджацца тымі сродкамі, якія будуць паступаць у выглядзе штрафаў. Ім жа патрэбны грошы на далейшае добраўпарадкаванне, а таксама на навядзенне парадку там, дзе ён быў парушаны пры ўдзеле жывёл. Няхай гаспадары не носяць з сабой пальчаткі з пакецікамі, але кашалёк ёсць у кожнага, з якога яны і будуць аплачваць сваё раўнадушша і бяздзейнасць.
Акрамя таго, можна штомесяц прыводзіць агульныя сумы штрафаў, якія паступілі на добраўпарадкаванне гарадскіх вуліц і двароў з прывядзеннем канкрэтных прыкладаў: дапускаю, што знойдуцца «альтэрнатыўна адораныя», якія заплацяць на месяц не адзін ці два штрафы за адсутнасць намордніка, павадка ці «мініраванне» парку.
Пасля чаго і прырода нас будзе акружаць чыстая, і культура паводзін стане лепш за заходнюю. І адбудзецца гэта, думаю, не ў далёкай перспектыве, а яшчэ пры актыўным жыцці цяперашніх сабакаводаў-аматараў.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік
Аб правілах утрымання хатніх жывёл нагадвае ўпраўленне ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама
Бестурботнасць уладальнікаў сабак часам прыводзіць як да траўм сярод ні ў чым не вінаватых прахожых, так і да з’яўлення бадзяжных сабак. Пры гэтым бывае, што ўладальнік рэзка рэагуе на просьбу ўзяць сабаку на кароткі ланцужок ці надзець наморднік. Вядома, не ўсе жывёлы агрэсіўныя, але, на жаль, выпадкі нападу ўсё ж ёсць: за 5 месяцаў 2024 года на Брэстчыне зарэгістравана 50 паведамленняў аб фактах прычынення шкоды здароўю людзей або іх маёмасці.
Дарэчы, у нашай краіне да патэнцыяльна небяспечных адносяць 40 парод.
У Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць Правілы ўтрымання хатніх сабак. Паводле іх уладальнікі сабак абавязаны:
- рэгістраваць хатніх жывёл;
- на працягу трох дзён паведамляць арганізацыі, якая рэгіструе жывёл, пра набыццё сабакі, яго продаж, згубу, а таксама змену месца жыхарства;
- строга выконваць санітарна-ветэрынарныя нормы і правілы ўтрымання жывёл;
- не дапускаць забруджвання жывёламі агульнадаступных месцаў;
- забяспечваць бяспеку людзей.
Толькі на ланцужку, без выкарыстання намордніка, можна выводзіць на вуліцу шчанят да трох месяцаў і дэкаратыўных сабак ростам да 25 сантыметраў у карку. Акрамя таго, чацвераногіх не дазваляецца прыводзіць у магазіны, школы, дзіцячыя садкі, месцы грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання, у грамадскія будынкі, паркі, скверы, на стадыёны, рынкі. Выключэннем могуць быць толькі сабакі-павадыры.
Нагадаем: Незахаванне гэтых нормаў можа прывесці да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 16.30 КОАП Рэспублікі Беларусь (Парушэнне правіл утрымання жывёл). Пакаранне па гэтым артыкуле мяркуе папярэджанне ці накладанне штрафу ў памеры ад адной да 15 базавых велічынь.
Тое ж парушэнне, якое пацягнула прычыненне шкоды здароўю ці маёмасці грамадзян, можа пацягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь ці адміністрацыйны працэс.
Аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС
