Четверг, 10 октября 2024

Ростані Юзафа Крашэўскага і стыкерпакі са шляхетнай гаворкай: у Пружанскім палацыку адкрылася персанальная выстава Анастасіі Балыш

459

Сувязь мінулага з сучаснасцю, годны жыццёвы шлях знакамітых беларусаў, якія сваімі дзеяннямі «пісалі гісторыю», уплыў продкаў-суайчыннікаў на сённяшняе грамадства… Менавіта такія тэмы хвалююць і натхняюць заслаўскую мастачку Анастасію Балыш, персанальная выстава якой адкрылася напачатку сакавіка ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык».

Імпрэзу пад назвай «Гасцёўня Юзафа Крашэўскага» пачала дырэктар музея Ангеліна Маруфенка, па запрашэнні якой у Пружаны завіталі сталічныя госці: мастачку суправаджалі не менш таленавітыя паплечніцы — кандыдат музыказнаўства Святлена Немагай і лаўрэат міжнародных конкурсаў Галіна Сакольнік.

На экспазіцыі прадстаўлены творы, прысвечаныя дзейнасці і жыццю выбітных дзеячаў беларускай гісторыі розных стагоддзяў. Цэнтральнае месца ў выставачным праекце заняў партрэт «Ростані Юзафа Ігнацы Крашэўскага», напісаны мастачкай спецыяльна да гэтай выставы.

Анастасія Балыш узгадвае, што, калі азнаёмілася з дзейнасцю знакамітых ураджэнцаў Пружаншчыны, асабліва яе ўразіла асоба Юзафа Крашэўскага — сусветнавядомага пісьменніка, гісторыка,фалькларыста, рэдактара, выдаўца і публіцыста.

— Той факт, што Юзаф Крашэўскі напісаў 600 тамоў літаратурных твораў і трапіў у Кнігу рэкордаў Гінэса, не можа пакінуць раўнадушным. Важна ведаць і расказваць пра нашых беларускіх герояў. Таму большую частку сваёй творчасці я менавіта ім і прысвячаю, — кажа Анастасія Іванаўна.

Апроч карцін, выкананых у тэхніцы традыцыйнага станковага жывапісу, тут можна пабачыць унікальныя маляваныя дываны. Звычайна на такіх дыванах-маляванках — узорах народнай творчасці — можна ўбачыць выявы кветак, птушак, жывёл, але Анастасія Балыш значна пашырыла тэматыку. Яе карціны ў старажытнай беларускай тэхніцы прысвечаны Полацку, Боне Сфорца, Барбары Радзівіл.

Таксама заслаўская мастачка вядома як ілюстратар мастацкіх твораў. У гэтым можна пераканацца ўвачавідкі, бо на выставе ёсць ілюстрацыі, якія распавядаюць пра беларускіх святых. А яшчэ ў палацыку прадстаўлены праект «Шляхетная гаворка», над якім Анастасія Балыш працуе сумесна са Святленай Немагай больш за год. Жанчыны стварылі стыкерпакі, прысвечаныя Напалеону Ордзе, Міхаілу Клеафасу Агінскаму і Анджэю Снядэцкаму. Дарэчы, кожны жадаючы можа спампаваць набор стыкераў у Viber і Telegram і самастойна навучыцца асаблівым (выкшталцоным!) беларускім выразам.

— Мы вывучалі біяграфіі герояў, працавалі з іх арыгінальнымі пісьмамі, уважліва шукалі цікавыя слоўцы і выразы, і цяпер прыкладна ведаем, як гістарычныя дзеячы паводзілі б сябе ў інтэрнэце. Да слова, стыкеры не толькі распавядаюць пра ключавыя старонкі жыцця вядомых беларусаў, але і перадаюць усю сакавітасць, непаўторнасць нашай мовы. Таму, калі ласка, лістуйцеся шляхетна, — заклікала Анастасія Балыш.

Асаблівую чароўнасць галоўнай гераіне вечара надавала адметная, сапраўды шляхетная сукенка. Здавалася, быццам бы пані Анастасія прыйшла да нас не з суседняга пакою, а з мінулых стагоддзяў — так пасаваў ёй вытанчаны ўбор! У прыгажосці мастачцы не саступалі і надзвычайныя сяброўкі.

Кранальныя спевы ў выкананні лаўрэата міжнародных конкурсаў Галіны Сакольнік суправаджаліся акампанементам і цікавымі, захапляльнымі расказамі кандыдата музыказнаўства Святлены Немагай.

Святлена Мікалаеўна нагадала, што ў палацыку існавала традыцыя салонных сустрэч, калі гаспадары запрашалі ў госці родных і блізкіх. Сталічнай інтэлігенцыі захацелася аднавіць салон Швыкоўскіх, дзе гучыць музыка і сустракаюцца цікавыя людзі. Так узнікла літаратурна-музычная праграма «Гасцёўня Юзафа Крашэўскага».

— Анастасія вельмі плённая ў сваёй творчасці. Карціны, якія выстаўлены перад вамі, намаляваны літаральна за апошнія некалькі гадоў. Прычым пра кожнага свайго героя мастачка рупліва чытае, знаёміцца з яго жыццём, паглыбляецца ў тагачасную атмасферу, слухае музыку, вершы, словам, спрабуе пабачыць свет яго вачыма, — ахарактарызавала сяброўку Святлена Немагай. — На карцінах Анастасіі мы бачым не толькі партрэты, але і будынкі, кнігі, інструменты, звязаныя з намаляванымі асобамі. Увогуле з яе твораў можна шмат даведацца пра гістарычнага дзеяча. І пра некаторых герояў мне хочацца крыху распавесці…

Шмат славутых імёнаў было названа ў той дзень — і здавалася, што нашы выбітныя продкі лагодна назіралі за творчай сустрэчай.

Дзякуй вам, шаноўныя спадарыні Анастасія, Святлена і Галіна, за магчымасць паглыбіцца ў летуценні, трапіць у мінулае і адчуць сябе сапраўднай прадстаўніцай шляхецкага саслоўя!

Скарыстайцеся і вы такой цудоўнай магчымасцю, шаноўныя чытачы: наведайце персанальную выставу твораў Анастасіі Балыш, якая будзе працаваць у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» да 31 мая.

Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік