Вторник, 13 января 2026

Рок-фестываль «Сонцастаянне» завалодаў Пружанамі больш, чым на 2 дні

808

Нехта скажа: чаму больш? Справа ў тым, што яшчэ ў чацвер, напярэдадні афіцыйнага адкрыцця свята рока «Сонцастаянне», своеасаблівую адмашку фестывалю даў беларускі рок-музыкант Алег Арлоў. Зараз пра ўсё раскажам.

«Анёл» раскінуў крылы над Пружанамі
Пра Алега Арлова, фронтмэна групы «Goffman», газета крыху пісала раней. Але 26 чэрвеня на цэнтральнай плошчы горада Алег даў сольны канцэрт, які называўся «Анёл». Можна сказаць, што ў нашым горадзе адбылася своеасаблівая прэм’ера будучага альбома музыканта. Такі падарунак быў вельмі прыемны. Нехта не ўспрымае стыль музыкі Алега Арлова, некаторыя выгляд музыканта. Гэта не важна. Як казаў Паратаў — герой п‘есы Аляксандра Астроўскага «Беспасажніца» («Бесприданница»), нехта любіць кавун, нехта свіны храсток. У кожнага свае перавагі. І гэта цудоўна. Толькі творчасць Алега Арлова нікога не пакідае раўнадушным. Музыкант завалодаў публікай, было драйвова і таямніча. Дарэчы, пасля канцэрта кожны жадаючы, а іх было даволі шмат, мог сфатаграфавацца з музыкантам, узяць аўтограф. Нам жа ўдалося папрасіць перадаць прывітанне пружанцам. На што Алег сказаў, што не блага ведае раён. Як мы паведамлялі раней, Арлоў не толькі музыкант, але і мастак, рэстаўратар. Ён піша карціны ў авангардным і класічным стылях. У Пружанскім касцёле адрэстаўрыраваў усе іконы і машчавікі. Пра гэта мы не ведалі, Алег сам расказаў. Музыкант пажадаў пружанцам міру, росквіту, дабрабыту і моцнага здароўя.

Першы дзень вялікага рока і драйву…
У першы дзень рок-фестывалю «Сонцастаянне» на вялікай сцэне, якая размяшчалася на стадыёне «Мухавец», сваёй творчасцю радавалі групы «Сурганава і аркестр», «Праект «Гаршанёў», «Аліса», «Holi-dayboy», Кі Марчэла (былы музыкант групы «Еўропа»), Вячаслаў Бутусаў і група «Ордэн Славы». Да гэтага сваё гучанне, майстэрства на малой сцэне ў парку паказалі маладыя беларускія групы: «Дзеці рока», «Астрал», «След», «Negative Zero», «Гракі», «Zlata Mai». Арганізатарам гэтага канцэрта выступіла радыё «Мір».

А гранды рока змаглі стварыць такую атмасферу рокавай эстэтыкі, густу, феерычнасці, што дух займала. Толькі тое, што мая мара здзейснілася і я ўжывую ўбачыў, пачуў Святлану Сурганаву, Канстанціна Кінчава, Вячаслава Бутусава. А са Святланай нават атрымалася пагутарыць і сфатаграфавацца. Толькі такія зоркі сапраўдныя — без фальшывага бляску, фанабэрыстасці, сваёй значнасці. Аб тым, што сказала Святлана, крыху пазней. Пакуль жа паспрабую перадаць тую атмасферу, якая панавала на фестывалі. Сэрцы, думкі, цялесную абалонку ўсіх, хто тут быў, захапіла рок-музыка. Яна была ва ўсім: у палатках, дзе гандлявалі сувенірамі, адзеннем з лагатыпамі «Сонцастаянне», назвамі і сімволікай артыстаў, груп, у ежы, напоях (аб гэтым крыху пазней), паветры, нават у кроплях дажджу, які хлынуў патокам на стадыён, але не сапсаваў настрой, а толькі распаліў яго. Людзі спявалі разам з артыстамі, танчылі, свісталі, улюлюкалі, карацей кажучы, весяліліся, як хто мог. Шматлікая кагорта журналістаў, блогераў вялі свае запісы, нават прамые эфіры, чакалі, калі любімыя артысты пройдуць да спецыяльна адведзенага месца для прэсы, дзе можна было ім задаць некалькі пытанняў. У першы дзень толькі Святлана Сурганава выйшла да прадстаўнікоў СМІ. На другі дзень, які таксама абяцаў нямала сюрпрызаў, было больш.

Другі дзень вялікага рока і драйву…
Другі дзень, як казаў вышэй, таксама быў не менш, а можа і больш насычаны.
Усе чакалі на вялікай сцэне сустрэчу з легендарнымі Армэнам Каспаранам і групай «Крэматорый», Уладзімірам Шахрыным і групай «Чайф», групай «Арыя», Uli Jon Roth (выступаў з групай «Scorpions»), «Voices of Rainbow», «Jelusik».
Малая сцэна прымала групы: «Вецер», «Mint Cats» «Broken Zip», «Глінтвейн», «Гранатавы сок», «Кацярына». Дарэчы, і ў першы, і ў другі дзень на канцэртах маладых выканаўцаў радыё «Мір» разыгрывала дзве гітары з аўтографамі удзельнікаў рок-фестывалю. Скажу дакладна, выйгрышы ў Пружанах не засталіся.

Другі дзень рок-фестывалю ўжо не пужаў непагаддзю,
таму фанаты радаваліся яшчэ больш.

Як жа было здорава пачуць любімыя песні групы «Чайф». Столькі гадоў бутэлька кефіру і паўбатона, ой-ёй, ой-ёй, Аргенціна-Ямайка — 5:0 і многія іншыя радавалі знатакоў рока. А знакамітая «Імя Жанна» «Арыі». Ды што там казаць, два дні якаснага рока вярнулі ў маладосць, калі тая самая «Арыя» яшчэ з Валерыем Кіпелавым была на вініле, а касеты «Чайфа» перамотваліся алоўкам. Хто з маіх аднагодкаў гэтага не памятае? Сумняваюся, што такія знойдуцца.
Ашаламляльным фінальным акордам стала выступленне харвацкага гурта «Jelusik». Хлопцы, як кажуць, «парвалі залу». Калі сказаць праўду, то яны для мяне сталі вялікім адкрыццём. Гэта віртуозы сваёй справы. А яшчэ добра ідуць на кантакт з журналістамі. Пра гэта зараз раскажу.

Што казалі арганізатары і госці фестывалю?

Міхаіл Грышкевіч, старшыня райвыканкама і адзін з арганізатараў рок-фестывалю «Сонцастаянне», добра пагутарыў з групай беларускіх блогераў. Міхаіл Міхайлавіч расказаў аб тым, як прыйшоў да пасады старшыні райвыканкама, што пераадолеў. Адказаў на шматлікія пытанні аб ходзе падрыхтоўкі да святаў музыкі ў 2023, 2024 і бягучым гадах.

Андрэй Гарбацэвіч, дырэктар Брэсцкай філармоніі, заверыў журналістаў, што «Сонцастаянне» пакуль атрымала пастаянную прапіску ў Пружанах. Свята стала выходзіць ледзь не на міжнародны ўзровень. Сакрэту аб тым, каго чакаюць у наступным годзе, ён не раскрыў.

Затое Дзмітрый Ракусаў, кіраўнік Першай прадзюсарскай кампаніі, суарганізатар рок-фестывалю «Сонцастаянне», раскрыў некаторыя сакрэты, як запрашаліся рок-музыканты на свята, якая з імі праводзілася работа, як ішла падрыхтоўка да фэсту.

Руслан Супрыновіч, намеснік старшыні райвыканкама, расказаў, што Пружаны заўсёды гатовы да такіх мерапрыемстваў. Падчас правядзення свята музыкі колькасць насельніцтва горада ўзрастае ў два разы. Пасля свята заўсёды робіцца работа над памылкамі, а яны, нягледзячы на ўсё, ёсць. Іх на працягу года выпраўляюць.

Святлана Сурганава, лідар групы «Сурганава і аркестр», адзначыла, што падрыхтоўцы такіх рок-фестываляў, іх правядзенню трэба расіянам павучыцца. А яшчэ яна захаплялася чысцінёй населеных пунктаў, дарогамі, смачнымі беларускімі прадуктамі.

Усхваляў беларускую кухню, асабліва дранікі, Dino Jelusik, які са ўсімі сваімі музыкантамі выйшаў на сустрэчу з беларускімі журналістамі.
Армэн Каспаран, лідар групы «Крэматорый», дзякаваў Пружанам за гасціннасць, такі драйв і незабыўную сустрэчу з прыхільнікамі творчасці.

Уладзімір Шахрын, лідар групы «Чайф», таксама добра адзываўся пра Беларусь, беларускіх фанатаў яго творчасці. Ён разам з удзельнікамі групы заўсёды з задавальненнем сюды прыязджае. Спадзяецца, што гэта сустрэча не апошняя.

Сям‘я з Башкірыі, каб прыехаць на фестываль, пераадолела не адну перасадку. Але яны задаволеныя, што трапілі сюды.
Вікторыя Маскаленка прыехала з Брэста за жывым гукам, станоўчымі эмоцыямі, сустрэчай з сапраўднымі музыкантамі. Як сказала дзяўчына, колькі б не праводзіліся такія фэсты, яна разам з аднадумцамі будзе знаходзіць магчымасць наведаць Пружаны. Такога драйву няма нідзе.

Сапраўдны панк з вялікім іракезам на галаве Вячаслаў Мечнікаў прыехаў да нас з Бранска (Расійская Федэрацыя). Як сказаў хлопец, трапіў у цудоўны свет рока, энергіі, жыццесцвярджальнай музыкі. Ён так даўно не адрываўся, станоўчыя эмоцыі запоўнілі ўсяго. Вячаслаў выказаў падзяку за гэтае свята.

Што яшчэ, акрамя музыкі?
Заняцца было чым усім, хто прыйшоў, прыехаў, прыляцеў на свята рока.
У гарадскім парку і на стадыёне можна было набыць розную сувенірную прадукцыю, стылізаваную пад «Сонцастаянне», вырабы майстроў прыкладнога мастацтва. Я, напрыклад, акрамя бейсболак з лагатыпамі фэсту і маек, набыў у кіраўніка гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва філіяла «Кляпацкі СДК» Святланы Швед бранзалет з беларускім арнаментам — цуда, а не выраб. Нашы ганчары прапаноўвалі посуд з гліны, былі тут вышыванкі і многае іншае, чым славяцца рамеснікі пружанскай зямлі.

Многа было забаў для дзяцей: кантактны заапарк, пляцоўка хакейнага клуба «Дынама», розныя атракцыёны.
Была магчымасць палятаць над горадам на самалёце, а яшчэ паказытаць нервы і выпусціць адрэналін на гоначных аўто падчас дрыфту на аўтапляцоўцы. Сваё майстэрства паказваў знакаміты пілот Аляксандр Радкавец.
А колькі было гастранамічных пляцовак з кулінарнымі, кандытарскімі прысмакамі! Ніхто не пайшоў галодным і не пакутаваў ад смагі. Хапала ўсяго.
Паклапаціліся арганізатары і пра бытавыя зручнасці. Было разбіта некалькі палатачных гарадкоў і многае іншае.

І напрыканцы
Фестываль адгрымеў у прамым сэнсе слова. Больш за два дні рока нікога не пакінулі раўнадушнымі. Былі і крытыкі, якім многае не падабалася, асабліва, што парк быў недаступны тым, хто не меў білетаў. Думаю, што ад гэтага не прыйшоў канец свету, усе засталіся жывыя. Па сцверджанні праваахоўнікаў, ніякіх сур‘ёзных здарэнняў не адбылося. Нават тэлефоны менш гублялі, у параўнанні з мінулым годам, затое плацежных картак работнікі камунальнай службы назбіралі нямала. Але гэта ўсё дробязі. Прысмакі свята застануцца на ўвесь год. Дзякую арганізатарам, абслуговаму персаналу і ўсім, хто зрабіў такое незабыўнае свята!


Віктар Ільюшчанка

Фота Кацярыны Масік