Гісторыя, якую хачу вам распавесці, мае ўсе атрыбуты навагодняй казкі. Яе падзеі развіваліся імкліва. Дзевяць месяцаў таму маладыя мастакі Сяргей Самусь і яго жонка Вікторыя распрадалі ўсю сваю маёмасць, купілі квіткі на самалёт і, не сказаўшы родным ні слова, накіраваліся на пошукі поспеху ў іншую частку свету. У тую самую Паднябесную краіну, вядомую на ўвесь свет з часоў Марка Пола сваімі непераможнымі імператарамі, саноўнікамі-мандарынамі, выдатнымі палацамі і прыдворнымі мастакамі і паэтамі…
Кітай сустрэў адчайных падарожнікаў не вельмі лагодна: цяжка было задобрыць “гаспадара” дзесяццю доларамі, якія засталіся у кішэні. Маладыя людзі начавалі на вуліцы, галадалі, дзеля кавалка хлеба не цураліся самай бруднай працы. Але аднойчы здарыўся цуд: кітайскі “дзед Мароз” глянуў на карціны беларускіх мастакоў і вырашыў, што месца ім у галоўнай кітайскай галерэі…
Маладыя людзі з задавальненнем расказалі пра сваё беларускае мінулае і падзяліліся планамі на кітайскую будучыню.
— Пачнём з Сяргея. Сёння ў Вашага мастацкага таленту мноства прыхільнікаў па ўсёй Азіі, а гадоў дзесяць таму, наколькі мне вядома, Вы здзіўлялі гледачоў яшчэ і музычнымі здольнасцямі.
— Гэта было вельмі даўно, я тады яшчэ ў Пружанскай СШ № 3 вучыўся. Наш настаўнік Мікалай Міхайлавіч Бегер сабраў аматарскі рок-гурт “Leta”, дзе я выступаў у ролі саліста-гітарыста і вакаліста. Першы канцэрт прайшоў у 2008 годзе ў Палацыку. Памятаю яшчэ, тады мы спявалі выключна на беларускай мове. Добрыя былі часы, пакалясілі з канцэртамі па ўсёй вобласці. Займалі прызавыя месцы і нават перамагалі на розных міжнародных рок-фэстах, у прыватнасці, пакарылі брэсцкі “X-Star”. Падзяка Мікалаю Міхайлавічу за добрую прадзюсарскую працу і за сапраўдную, правераную гадамі, мужчынскую дружбу!
— Аднак, як вядома, пасля заканчэння школы Вашай музычнай кар’еры вельмі хутка прыйшоў канец…
— Я, на жаль, не прыслухаўся адразу да поклічу сваёй творчай натуры і пасля заканчэння школы вырашыў паступаць на фізіка-матэматычны факультэт БНТУ, пры гэтым, адзначу, з гітарай не развітваўся. У цэлым добра вучыўся, але праз год усвядоміў, што навука — не маё прызванне. Пакінуў вучобу і пайшоў у армію, служыў у брыгадзе спецназа. Дэмабілізаваўся восенню 2014 года і па прапанове сябра пераехаў у Брэст, дзе ўладкаваўся працаваць гукарэжысёрам і ды-джэем.
— Там, калі не памыляюся, і пазнаёміліся з будучай жонкай?
— Так, Вікторыя — брэстаўчанка. Да моманту нашай сустрэчы яна паспела два гады адвучыцца на факультэце замежных моў Брэсцкага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, затым перавялася на завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі і стала, як і я, зарабляць сабе на жыццё. А паколькі мы абодва аказаліся вельмі лёгкімі на пад’ём, у адзін момант вырашылі пераехаць у Мінск, дзе бачылі больш перспектыў для свайго развіцця.
— Відаць, і ў Мінску было не ўсё так гладка, калі неўзабаве паляцелі ад яго за тысячы кіламетраў?
— У Мінску мы з Вікторыяй працавалі ў самай вялікай у Беларусі фотастудыі: я — дэкаратарам, а жонка — барыста. Нашых маленькіх па сталічных мерках заробкаў ледзь хапала на пакрыццё расходаў на арэнду жылля, транспарт, вучобу Вікторыі і ежу — для сябе і вялікага кацінага сямейства… Што рабіць? І вось прыйшла ў галаву ідэя заняцца стрыт-артам — манументальна-дэкаратыўным роспісам. Зарэгістраваліся ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў і пачалі пісаць на сценах карціны, упрыгожваць інтэр’еры і экстэр’еры дамоў.
— Добра памятаеце свой першы заказ?
— Першым нашым заказчыкам быў вядомы футбаліст Максім Валадзько. Мы распісалі яму ўсю кватэру. За атрыманыя грошы ажыццявілі мару Вікторыі — купілі ёй прафесійную фотакамеру.
За два гады працы паспелі распісаць мноства сталічных аб’ектаў: Палац спорту, розныя рэстараны і бары. Канкурэнцыя паміж мастакамі, прызнацца, была вялікая, таму мы з Вікторыяй прызначалі мінімальную цану.
— І праз паўтара года працы ўвайшлі ў топ-10 лепшых майстроў стрыт-арту краіны. Пра муралы на вуліцы Прытыцкага, у стварэнні якіх вы ўдзельнічалі, не чуў толькі лянівы. Што не задавальняла, калі зноў адважыліся на кардынальныя змены?
— Займацца творчасцю і пры гэтым не думаць пра хлеб надзённы мы ўсё ж не маглі сабе дазволіць: заказы былі непастаяннымі, канкурэнцыя расла, ды і дадаліся выдаткі на саму фарбу: як-ніяк пісаць карціны трэба было на даволі вялікіх плошчах. Пачалі шукаць спосабы падпрацоўкі. Вікторыя прагледзела мноства ютуб-каналаў з выступленнямі блогераў, якія ў свой час з’ехалі за мяжу — у Польшчу, Германію, Чэхію, Ізраіль. Ацанілі іх вопыт, узважылі ўсе за і супраць і спыніліся на… Кітаі.
— Пакруцілі глобус — і ўсляпую патрапілі пальцам у Паднябесную? Ці ўсё ж такі мелі нейкае ўяўленне аб гэтай краіне?
— Нічога мы не ведалі: ні мовы, ні гісторыі, ні традыцый. Але пачулі пра тое, што таленавітыя людзі, асабліва мастакі, у Кітаі карыстаюцца асаблівай пашанай. Гэта стала штуршком. Прадалі свае гітары, камп‘ютары і многае іншае (пакінулі толькі фотакамеру Вікі), раздалі сваякам і сябрам сваіх катоў і ступілі на борт самалёта, узяўшы курс на Пекін. Бацькам сказалі, што едзем у Маскву.
— Усход — справа тонкая. Спадзяюся, Кітай вас прыняў з асаблівай вытанчанасцю?
— Кітай — не проста іншая частка свету. Гэта іншая планета, жыхары якой маюць зусім іншы менталітэт. Прызнацца, спачатку нам было вельмі цяжка: па кітайскіх законах без працоўнай візы там нельга ажыццяўляць якую-небудзь дзейнасць або вучыцца. Мы вымушаны былі звярнуцца па дапамогу да будыстаў і сікхаў, якія ладзілі для бяздомных бясплатныя абеды. Бывала, проста заходзілі ў кафэ і прасілі ежу. У Мінску за падобнае могуць у даволі рэзкай форме выгнаць чалавека з установы. У Кітаі ж да бяздомных і жабракоў — ніякай гідлівасці: нас сустракалі з усмешкамі, кармілі, а потым яшчэ прасілі сэлфі з намі зрабіць. Здаецца, кітайцы лепш за нас разумеюць сэнс слоў “ад торбы не заракайся”. У нас склалася ўражанне, што гэты народ робіць усё магчымае, каб пераканаць замежнікаў у тым, што кітайцы добрыя.
— Таму ў вас атрымалася за некалькі месяцаў пераламаць сітуацыю?
— Нам вельмі пашанцавала: сустрэлі аднаго ўкраінца, які даў прытулак у Пекіне, а потым дапамог набыць квіткі на цягнік да горада Шэньчжэня, які знаходзіцца на мяжы з Ганконгам. 25 гадзін ехалі на стаячых месцах каля прыбіральні ў самую багатую і развітую правінцыю Кітая — Гуандун, у бок мора і свабоды…
— Няўжо розніца паміж поўначчу і паўднёвым усходам Кітая настолькі вялікая і відавочная?
— Калі Пекін сваімі шырокімі праспектамі, высокімі будынкамі ў стылі «сталінскі ампір» чымсьці нагадваў нам Мінск, то Шэньчжэнь уразіў сваёй ультрасучаснай архітэктурай — шклянымі высоткамі, складанымі транспартнымі развязкамі, асаблівым сонцам, гарамі і морам, якое мы ўбачылі ўпершыню ў жыцці . Нас вельмі цёпла прынялі ў знакамітай на ўвесь свет «вёсцы» мастакоў — Дафэне (памерам з горад Брэст), дзе цэлыя пакаленні людзей займаюцца мастацтвам. Дафэн — гэта вялікі «дом» для 5000 жывапісцаў, якія пішуць каля пяці мільёнаў карцін у год (гэта больш за палову ўсіх карцін, створаных у свеце). Тут нам далі жыллё і ежу, а калі Вікторыя захварэла, нават лекі ёй куплялі. Побач з намі жывуць і твораць майстры з Канады, Германіі, Філіпін і іншых краін свету. Гэта крута! Выстаўляемся ў дзвюх галерэях Шэньчжэня, а таксама супрацоўнічаем з вядомай дызайнерскай кампаніяй у Шанхаі. Прымаем удзел у самых буйных мастацкіх праектах рэгіёна.
— І ўсё ж такі я не ўпэўнена, што кожнаму чалавеку, які трапіў у Дафэн, так пашчасціла!
— Сапраўды, вельмі многія мастакі, у адрозненне ад нас, у Кітаі не затрымаліся. Нават поўны сацыяльны пакет не дапамог ім адаптавацца да новага асяроддзя. Справа нават не ў моўным бар’еры (як ні круці, кітайская мова вельмі складаная для разумення і запамінання). А ў тым, што кітайцы вельмі праніклівыя: гэты народ не церпіць зламыснасці і меркантыльнасці. З імі трэба быць адкрытымі. Яны адчуваюць, якія мэты ты пераследуеш. Мы з Вікторыяй прыехалі па развіццё і стасункі. А там для гэтага ёсць усе магчымасці, іх трэба толькі правільна выкарыстоўваць. Раскажы пра сябе ўсё, як ёсць — і атрымаеш у адказ поўны давер і… працу: зараз кітайскія партнёры робяць нам працоўныя візы.
— Хочаце сказаць, што пры працаўладкаванні ў Кітаі такога паняцця, як дыплом, не існуе?
— Кітайцы не любяць зазіраць у паперкі, іх цікавяць твае здольнасці. Калі ў Мінску нам адкрыта казалі: “Калі не маеш спецыяльнай мастацкай адукацыі, то і мураламі займацца не павінен”, — то ў Кітаі важны толькі вынік. Прычым у кітайскім жывапісе няма так званых акадэмічных канонаў, пад якія ты павінен падладжвацца. Кітайцы — вялікія акварэлісты-пейзажысты, віртуозна валодаюць воднымі фарбамі. Мы спрабуем зрабіць арыгінальны мікс з элементамі класічнай еўрапейскай і кітайскай школ.
— Памятаю, — кажа Вікторыя, — я не так лінію на карціне правяла і знервавалася. А кітаец падышоў і супакоіў: не выпраўляй, маўляў, пакінь: гэта памылка мастака, а захаваць яе можна толькі адзін раз. Гэтую ідэю, што твой шэдэўр абавязкова знойдзе свайго прыхільніка, мы хочам данесці нашым людзям. Дарэчы, даведаўшыся, што Сяргей — яшчэ і музыкант, кітайцы падарылі яму новую гітару. У мінуты адпачынку Сяргей спявае, а я перакладаю на англійскую, каб навакольным быў зразумелы сэнс яго песень.
— А як жа знакамітае кітайскае “Ніхао! Хуаньін!” – “Добры дзень! Сардэчна запрашаем”? Мову хоць трохі падвучылі?
— Турыстычны кітайскі : словы «прывітанне», «калі ласка», «чай-кава» — вывучылі без асаблівых праблем. Ды і перакладчыкі ў Дафэне дапамагаюць наладжваць зносіны з мясцовым насельніцтвам. Мы з Вікторыяй даказалі гаспадарам, што паважаем іх традыцыі: за пару месяцаў вывучылі не толькі «ветлівыя» словы, але асвоілі чайную цырымонію, навучыліся нават палачкамі есці (дарэчы, у іх не прынята за сталом казаць «дзякуй», досыць пальцам па століку пастукаць). Вікторыя, да ўсяго, паспела зняцца ў рэкламным кітайскім роліку, дзе запрашае замежнікаў у гасцінную Паднябесную.
— А пра свае, беларускія, традыцыі паспелі ім расказаць? Дранікамі пачаставалі?
— На жаль, простыя кітайцы наогул пра Беларусь нічога не ведаюць. Блытаюць нас з Расіяй. Нават прыкра робіцца. Таму задумалі з Вікторыяй падарыць сваім кітайскім сябрам на Новы год беларускія вышыванкі, а ў далёкай перспектыве плануем скаапераваць маладых беларускіх мастакоў і запрасіць іх у Кітай, каб яны маглі прадаваць свае работы, да прыкладу, не за сто рублёў, а за 10 тысяч долараў. У Кітаі гэта рэальна.
— Баюся нават пытацца, але ўсё ж… Ці плануеце калі-небудзь вярнуцца на Радзіму?
— Мы ўдзячныя кітайцам за тое, што навучылі нас любіць і шанаваць сваё, беларускае: сваю мову, сваю гісторыю, традыцыі. Толькі дурань можа ад гэтага назаўсёды адмовіцца! Мы абавязкова вернемся.
Гутарыла Алена Зялевіч.
Фота з уласнага архіва сям’і Самусь