Адным з патэнцыйна небяспечных аб’ектаў у плане пажарнай пагрозы лічацца гаражныя кааператывы. Спецыфіка гэтых збудаванняў такая, што там заўсёды захоўваюцца лёгкія на загаранне матэрыялы, знаходзіцца тэхніка і нярэдка праводзяцца рамонтныя работы. Таму штогод у гаражных масівах рэгіструюцца надзвычайныя здарэнні. Не выключэннем стаў і бягучы год: 16 студзеня ў гаражным кааператыве па вул.Камерцыйнай у Брэсце адбыўся выбух. На месца здарэння адразу выехалі падраздзяленні МНС. Зафіксавана поўнае разбурэнне некалькіх гаражоў, было знішчана або пашкоджана пяць аўтамабіляў. Таксама пацярпела трое чалавек, якія былі шпіталізаваны. Мяркуецца, што выбух адбыўся з-за парушэнняў правілаў бяспекі пры правядзенні рамонту машыны з газавай устаноўкай.

Трывожны выклік сёлета зарэгістраваны і ў Пружанах, з гаражнага масіву па вул.Заводскай. Гаспадар аднаго са збудаванняў пакінуў без нагляду запаленую печку-«буржуйку», няспраўнасць якой стала прычынай задымлення. Пажарныя падраздзяленні выклікалі відавочцы, але абышлося без іх умяшальніцтва: негатыўныя наступствы былі ліквідаваны да прыезду спецмашын. Аднак падобныя гісторыі не заўсёды заканчваюцца менавіта так.
Таму, каб узмацніць кантроль за сітуацыяй на тэрыторыі гаражных забудоў, выключыць магчымыя парушэнні і праверыць цяперашні стан бяспекі на такіх участках, райаддзелам па надзвычайных сітуацыях была арганізавана маштабная праверка па ўсім раёне з фотафіксацыяй правапарушэнняў.
Як расказвае старшы інспектар РАНС Вольга Ліпко, былі правераны гаражныя масівы і асобныя будынкі шэрага грамадзян на тэрыторыі райцэнтра, а таксама ў г.п.Ружаны, аграгарадках Шчарчова, Клепачы і в.Слабудка. Увагу работнікі МНС звярталі на стан электраправодкі, свяцільняў, захоўванне лёгкіх на загаранне матэрыялаў, выкарыстанне печак-«буржуек» і своечасовую ачыстку комінаў. Праводзіліся тлумачальныя гутаркі адносна правілаў бяспекі пры курэнні.

Па шэрагу тэрыторый інспектары не знайшлі сур’ёзных недахопаў, наадварот, адзначалася, што за парадкам у асноўным людзі сочаць належным чынам. Тым не менш, станоўчую карціну правяраючыя бачылі далёка не ўсюды. Сярод асноўных парушэнняў — наяўнасць зараснікаў хмызняка, якія могуць паспрыяць распаўсюджанню агню. Нярэдка выяўлялася складзіраванне бытавога смецця непасрэдна каля гаражоў, гаспадары якіх даўно не наведвалі сваю нерухомасць.

Таксама ёсць і разбураныя аб’екты, па якіх трэба тэрмінова прымаць адпаведныя меры. На тэрыторыях гаражных масіваў ёсць незакончаныя будоўлі, уладальнікі якіх працяглы час не праводзілі ніякіх работ, пры гэтым не рэагавалі на неаднаразовыя папярэджанні.
Усе выяўленыя парушэнні былі зафіксаваны, адпаведная інфармацыя будзе перададзена старшыням кааператываў і адказным асобам, якія былі абраны калектывам уладальнікаў гаражоў. Адпаведна вынікі агляду будуць пададзены і мясцовым органам улады для прыняцця адпаведных мер па выкараненні недахопаў.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).