
Вучыцца ніколі не позна і, канечне, за гонар пасля перадаваць свае веды іншым, быць прыкладам у любой дробязі, якая датычыцца любімай работы. Такія вось людзі і працуюць на Пружанскім ільнозаводзе.
Як прыклад, механізатары Юрый Бушко, Аляксандр Сахарук і Аляксандр Музычка. Хлопцы хоць куды! І да тэхнікі адносяцца з любоўю, і работы рознага плана выконваюць на сумленне, а не на «адчэпнае». А галоўнае, для іх прадпрыемства — як дом родны, дзе прыжыліся хто без малога на дваццаць гадоў, а нехта ўжо і за гэтую рысу перасягнуў.
А пачыналася ўсё ў трох працаўнікоў з трактароў «Беларус-82», на якіх сталі заваёўваць сабе павагу ў дружным калектыве, ісці да ўсведамлення таго, што нешта і ты значыш у гэтым жыцці, недарма ясі хлеб.
То быў толькі пачатак, у апошнія гады ўсё складваецца інакш. Кожнаму вопытнаму трактарысту-машыністу кіраўніцтва льнозавода даверыла энерганасычаны трактар «Кейс». Пасядзеўшы асабіста ў кабіне, разумееш усе выгоды для механізатара. Сядзенне рэгулюецца, з падагрэвам, клімат-кантроль, мультымедыйная сістэма, поўная камп’ютарызацыя, калі задасі праграму, то можна нават руль не круціць, трактар сам будзе выконваць патрэбную работу. А як вам рухавік на 340 конскіх сіл!? Тэхніка прыдатна і для ўзворвання, і для культывацыі, сяўбы. Вось і цяпер, падрамантаваўшы жалезных коней, Юрый і два Аляксандры гатовы да веснавых работ, паказваць сваё майстэрства, дзяліцца вопытам, падымаць прэстыж прадпрыемства.
Ды на такіх трактарах падвесці вельмі цяжка! У Юрыя Бушко, напрыклад, тэхніка выглядае, як новая, хаця выпушчана з канвеера ў 2014 годзе, нават дыванкі ляжаць на падлозе. Хатняя абстаноўка, і ўсё тут! Па словах дырэктара льнозавода Мікалая Жогала, па пальцах пералічыш у краіне такую дагледжаную тэхніку.Гэта цяпер пасяўная кампанія, але ж несумненна наступіць уборка льну. І тады бравыя механізатары перасядуць на церабілкі, за якімі прыйдзе чарга і прэспадборшчыкаў. Усюды паспяваюць хлопцы, праяўляюць упартасць у працы, задаюць тэмп, запальваюць дух спаборніцтва — хто паспрабуе хутчэй справіцца з задачай? І астатнія падцягваюцца за імі, бо заўсёды прыемна быць у пераможцах, адчуваць сваю значнасць, быць задаволеным выкананай работай.
І яшчэ важная акалічнасць: калі дазваляе час, хлопцы разам з іншымі механізатарамі адпраўляюцца на дапамогу льнаводам па ўсёй рэспубліцы. У вопытных механізатараў ёсць што перайняць, дый калі тэхнічнай сілы хапае, то чаму б ёю не падзяліцца? Ведай нашых і бяры прыклад, не саромейся! Работы па церабленні льну, прасаванні льнотрасты і апрацоўцы глебы выконваюцца на выдатна.
А калі побач з табой працуе і роднае дзіця, то гэта яшчэ адзін повад, каб парадавацца. На тым жа трактары «Беларус-82», што пачынаў сам Юрый, цяпер шчыруе сын Максім. Малады чалавек паралельна навучаецца ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце і ў будучым стане кваліфікаваным інжынерам.
Паводзь сябе з людзьмі паважна і працуй на поўную сілу. За гэта табе абавязкова адплаціцца!
Вадзім Раўнейка
На здымку: механізатары з Пружанскага льнозавода
Юрый Бушко, Аляксандр Музычка і Аляксандр Сахарук за пашанай не гоняцца, яна сама іх знаходзіць.
Фота Кацярыны Масік