Аграгарадок Роўбіцк славіцца не толькі блізкасцю Белавежскай пушчы, калоніяй белага бусла, але і шчырымі працавітымі людзьмі, для якіх малая радзіма — не проста словы, а сапраўдная любоў і пяшчота да мілага сэрцу куточка.
Прыйшоў, убачыў, зрабіў, дапамог. Па такім прынцыпе жывуць і працуюць жыхары Роўбіцка, і такіх вельмі шмат. Сярод іх Сяргей Іванавіч Шчэрба, стараста вёскі, для якога чысціня і парадак у родным краі — справа гонару і сумлення. Ён тут нарадзіўся і вырас, ведае кожную сцяжынку і закуток, тут яго карані, сябры, сям’я і любімая работа. З’ехаць кудысьці, змяніць, як кажуць, абстаноўку, не было нават у думках. А вось зрабіць свет вакол сябе лепшым і прыгажэйшым — гэта яго крэда, па якім ён працуе і жыве.

— Колькі сябе памятаю, заўсёды працаваў на будоўлі: аздабленне, абліцоўка, дах, фасады… Заўсёды любіў пераўтварэнне, калі вынік бачны адразу. З кожным крокам, выкладзенай цаглінкай або прыбітай дошчачкай адразу вымалёўваецца карціна. Будаўнік — той жа мастак, толькі формы і маштабы другія. Адсюль і жаданне ўсё даводзіць да парадку, — падкрэслівае Сяргей. — Так бы і працаваў далей, але падвяло здароўе, і пасля некалькіх аперацый займацца цяжкай фізічнай працай ужо не змог. Паступіў у Гродзенскі тэхнічны каледж, скончыў і зараз працую ў нашай гаспадарцы інжынерам будынкаў і збудаванняў.

На гэтым Сяргей не спыніўся і вырашыў унесці свой уклад у афармленне агульнага ландшафту вёскі. Перш за ўсё сабраў вакол сябе аднадумцаў, якія ва ўсім падтрымалі старасту і, закасаўшы рукавы, узяліся за працу. Творчае мысленне, а галоўнае, вялікае жаданне дапамаглі ўвасобіць у жыццё даўнюю ідэю — зрабіць на галоўнай плошчы каля клуба інсталяцыю «Я люблю Роўбіцк». І літаральна ў канцы ліпеня, да свята вёскі, жалезныя літары з вялікім сэрцам, даўжынёю ў 4 метры, сталі ўпадабаным месцам для фотаздымкаў і, вядома, мясцовай славутасцю.

— Гэтым летам мы навялі парадак каля крыніцы. Побач выкапалі сажалку для сцёку вады, зрабілі прыступкі, паставілі лавачкі, крыж і запрасілі бацюшку для асвячэння. Па легендзе, менавіта тут даўным-даўно бачылі з’яўленне Багародзіцы, таму для мясцовых жыхароў гэта месца насычэння энергіяй і сілай. Цяпер тут можна набраць вадзіцы, пасядзець, адпачыць, — з гонарам гаворыць стараста. — Яшчэ каля клуба ўстанавілі трэнажорную пляцоўку, каб моладзь была занята карыснай для здароўя справай. Закупіць усё неабходнае дапамог Сухопальскі сельвыканкам, а для ўстаноўкі прыклалі свае рукі, — так танней і прасцей.
Але і гэта не ўсе добрыя справы, пра якія нам стала вядома. У маленькім скверы таксама наведзены парадак, зроблены лавачкі і дзіцячая пляцоўка з горкай, арэлямі і пясочніцай. Зараз у матуль з малышамі новы маршрут прагулкі: цудоўная зона для адпачынку і змены абстаноўкі, а для дзяцей — сапраўднае раздолле. Тут жа прадугледзелі стацыянарныя стойкі для веласіпедаў. Каля праваслаўнага крыжа пры ўездзе ў вёску пасаджаны туі, а яшчэ акультураны мясцовыя могілкі, пафарбаваны плот. І ўсё гэта зроблена сваімі рукамі.
Проста так у жыцці нічога не даецца, патрэбна асабістая ініцыятыва і жаданне нешта змяніць, упрыгожыць, давесці да розуму. Тут галоўнае — унутраны стрыжань, уменне дамаўляцца, знаходзіць сілы і час, якога ў нас нярэдка не хапае.

У сілу сваёй прафесіі мы часта сустракаемся з рознымі людзьмі і ў гэты пушчанскі край заўсёды прыязджаем з задавальненнем. Пабольш бы такіх ідэйных натхняльнікаў, як стараста Сяргей Іванавіч Шчэрба. Ён не кідае словы на вецер і любую распачатую справу даводзіць да канца. У яго мноства новых планаў і жаданняў, якія, мы ўпэўнены, абавязкова спраўдзяцца.
Ірына Велясевіч.
Фота Кацярыны Масік