Працоўныя калектывы і грамадскія арганізацыі падагульняюць вынікі дабрачынных акцый, сацыяльных выплат і іншых відаў матэрыяльнай падтрымкі, аказанай для падрыхтоўкі школьнікаў да чарговага навучальнага года.
Пружанская раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа правяла дабрачынную акцыю «Дзіця ідзе ў школу». З дапамогай скарбонак, размешчаных валанцёрамі ў магазінах «Універсам», «Белмаркет», у аддзяленні «Беларусбанка» па вуліцы Савецкай і ў Водным палацы, сабралі каля 330 дэнамінаваных рублёў. Таксама людзі перадавалі школьнікам канцылярскія прыналежнасці. А сумесна з раённым вузлом паштовай сувязі актывісты Чырвонага Крыжа наладзілі акцыю «Сям’я дапамагае сям’і!», дзякуючы чаму былі сабраны канцтавары яшчэ для дзевяці шматдзетных малазабяспечаных сем’яў. Чатыры шматдзетныя сям’і атрымалі адзенне для сваіх школьнікаў.
Больш 35 тысяч дэнамінаваных рублёў было выплачана ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама ў рамках дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2016-2020 гады. Аднаразовую матэрыяльную падтрымку атрымалі бацькі школьнікаў, якія выхоўваюцца ў шматдзетных сем’ях. Грашовая дапамога была выдзелена амаль на 1200 дзяцей.
Раённая арганізацыя ГА «Беларускі фонд міру» дапамагла набыць канцтавары для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дзяцей-сірот, якія выхоўваюцца ў замяшчальных сем’ях.
Традыцыйную рэспубліканскую акцыю «Прафсаюзы — дзецям» падтрымалі і на Пружаншчыне. У рамках мясцовай акцыі «Дзеці ў школу» прафсаюзнымі пярвічкамі была ініцыявана падтрымка сем’яў школьнікаў не толькі за кошт прафсаюзных грошай, але і за сродкі наймальнікаў. У ліку арганізацый, якія выдзелілі матэрыяльную дапамогу на збор дзяцей работнікаў у школу, ДЭУ-25, ПМК-22, ПМК-21, СТАА «Нятканы свет», СТАА «Данон Пружаны», раённае прадстаўніцтва «Белдзяржстраху», БТІ. У сукупнасці сем’ям школьнікаў дапамаглі на суму звыш 48 тысяч новых рублёў. Акрамя таго, як удакладніў старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў, у цэнтры ўвагі аб’яднання апынуліся дзеці-сіроты, якія засталіся без апякунства бацькоў, і якія пражываюць у апякунскіх сем’ях.
Адрасатамі дапамогі дабрачыннай акцыі, аб’яўленай тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, таксама сталі школьнікі.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ