Беларусь і Узбекістан пацвердзілі прынцыповую нацэленасць на выбудоўванне супрацоўніцтва ва ўсіх напрамках. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што перагаворы прайшлі ў выключна адкрытай, дружалюбнай, братэрскай абстаноўцы, былі змястоўнымі і рэзультатыўнымі.
«Мы разгледзелі шырокі спектр пытанняў і пацвердзілі прынцыповую нацэленасць на выбудоўванне супрацоўніцтва ва ўсіх напрамках, дзе ў Мінска і Ташкента ёсць сумесныя праекты», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, у першую чаргу размова ідзе аб гандлёва-эканамічнай сферы. У цэлым краіны маюць тут нядрэнныя вынікі. За мінулы год тавараабарот перасягнуў новы гістарычны максімум у памеры паўмільярда долараў.
«Тым не менш разумеем, што рэзервы вялікія», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Аб міжрэгіянальным супрацоўніцтве
Адзін з іх — стварэнне новых і пашырэнне ўжо існуючых партнёрскіх сувязей на ўзроўні абласцей дзвюх краін. «І форум рэгіёнаў, які прайшоў напярэдадні ў Ташкенце, гэта пацвердзіў. На жаль, за перыяд пандэміі кантакты недзе аслаблі. Але цяпер самы час іх аднавіць і напоўніць канкрэтнымі праектамі. Іх нямала», — заўважыў беларускі лідар.
Аб вытворчай кааперацыі
У якасці прыярытэтных пытанняў у час перагавораў абмяркоўвалася паглыбленне вытворчай кааперацыі, стварэнне сумесных прадпрыемстваў, забеспячэнне спрыяльных умоў для абмену таварамі і паслугамі.
«Пры гэтым у арганізацыі сумесных вытворчасцей мы нацэлены на доўгатэрміновае супрацоўніцтва і планамерную іх лакалізацыю, што забяспечыць стварэнне новых працоўных месцаў ва Узбекістане. Галоўныя арыенціры — імпартазамяшчэнне і тэхналагічны суверэнітэт, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — З улікам вытворчых і інтэлектуальных рэсурсаў нашых краін бачым велізарны патэнцыял у машынабудаванні, аграпрамысловым комплексе, лёгкай прамысловасці. Мы асобна спыніліся на тэме паглыблення кааперацыі ў сферы фармацэўтыкі, уключаючы пытанні вырабу ва Узбекістане беларускіх лекавых прэпаратаў і стварэння новых сумесных вытворчасцей».
Аб супрацоўніцтве з трэцімі краінамі
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у час перагавораў размова ішла ў тым ліку аб супрацоўніцтве з трэцімі краінамі, у прыватнасці, з Афганістанам. Гэтай тэме прэзідэнты ўдзялілі шмат увагі.
«Суседнія дзяржавы, асабліва шматпакутны Афганістан (аб чым шмат мне расказваў Шаўкат Мірамонавіч), маюць патрэбу ў нашай дапамозе і падтрымцы. А гэта перш за ўсё лекавыя прэпараты, прадукты харчавання і адзенне — тое, што патрэбна чалавеку. Мы шмат у гэтым напрамку можам зрабіць і працаваць з Афганістанам. Усе ўмовы для гэтага ва Узбекістане створаны. Для нас гэта вельмі цікавая тэма», — сказаў Прэзідэнт.
Аб падрыхтоўцы спецыялістаў і навуковых абменах
Абедзве рэспублікі надаюць важнае значэнне пашырэнню ўзаемадзеяння ў культурна-гуманітарнай сферы. Краіны цяпер актыўна супрацоўнічаюць у галіне навукі і адукацыі, рэалізуюць сумесныя праекты па абмене вопытам, навучанні і стажыроўцы спецыялістаў.
У беларускіх ВНУ і па сумесных праграмах навучаюцца больш за 5 тыс. узбекскіх студэнтаў, а некалькі гадоў таму іх было ўсяго некалькі дзясяткаў.
«Я паабяцаў свайму сябру, блізкаму чалавеку, што мы зробім усё, што ён пажадае, у галіне адукацыі. У тым ліку і створым тут філіялы нашых школ і ВНУ пры неабходнасці, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Мы таксама гатовы да рэалізацыі планаў па навуковых абменах. Форум рэктараў ВНУ і медыцынскі форум, якія прайшлі ў канцы мінулага года, паказваюць запатрабаванасць і вялікія перспектывы нашага супрацоўніцтва ў гэтых сферах».
Ён таксама адзначыў пашырэнне ўзаемадзеяння ў галіне спорту і турызму. Беларускі бок гатовы развіваць кантакты і паміж моладдзю дзвюх дзяржаў, актывізаваць правядзенне сумесных мерапрыемстваў, тым больш што ў гэтым годзе Ташкент стаў маладзёжнай сталіцай СНД.
Аб супрацоўніцтве на міжнародных пляцоўках
«Мы не маглі абмінуць міжнародны парадак дня і будзем далей развіваць наша супрацоўніцтва на міжнародных пляцоўках. Мы ўдзячны ўзбекскаму боку і асабіста Прэзідэнту за пастаянную падтрымку Беларусі ў міжнародных арганізацыях», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што дасягнутыя ў час перагавораў дамоўленасці адкрыюць добрыя перспектывы для выбудоўвання доўгатэрміновага раўнапраўнага партнёрства Беларусі і Узбекістана. Кіраўнік дзяржавы запрасіў свайго ўзбекскага калегу наведаць з афіцыйным візітам Беларусь у любы зручны для яго час. «Спадзяюся на прадаўжэнне нашага плённага дыялогу ў Мінску», — рэзюмаваў беларускі лідар.