Пятница, 14 февраля 2025

Рэха вайны. Сын на ўсё жыццё запомніў растрэл бацькі…

818

Фёдар.
Дзевяцігадовы хлопчык бег з лесу ў вёску. Бег з апошніх сіл: гэта быў апошні шанец убачыць бацьку. Ён пабег туды, куды немцы зганялі мясцовых жыхароў паглядзець на расстрэл некалькіх чалавек. Хлопец не мог зразумець, як такое можа быць, што не стане яго бацькі? Як яны з матуляй і малодшым брацікам Міколкам будуць жыць без яго, дужага, добрага, роднага?..

Акім.
Сталы мужчына стаяў з некалькімі аднавяскоўцамі насупраць панурага натоўпу, які сагналі немцы паглядзець на расстрэл. Немцы нешта балабонілі, крычалі. Ён глядзеў на хаціны, на дрэвы, на аблокі, якія нізка павіслі над вёскай, на ўсё тое, што любіў маляваць у вольны ад працы час.


Напэўна, у апошнія мінуты жыццё прабягала ў яго перад вачыма. Памерла маці, а ён, будучы з бацькам у бежанстве падчас Першай Сусветнай вайны, маленькім хлопчыкам згубіўся на чыгуначным вакзале. Больш ніколі не ўбачыў свайго роднага бацьку. Дзіця ўзяў пад апеку і выгадаваў вайсковец, полк якога якраз знаходзіўся на тым вакзале. Дзяцінства хлопчык правёў, можна казаць,“сынам палка”, з прыёмным бацькам пабывалі на Далёкім Усходзе. Але ўвесь гэты час хлопчык памятаў, хто ён такі, памятаў сваё імя і прозвішча – Акім Адамчук.


Калі стаў дарослым, Акім вярнуўся на сваю радзіму, пабудаваў хату, завёў сям’ю, працаваў. Нарадзіліся два сыны. Старэйшы Фёдар кемлівы, нядрэнна вучыўся і заўжды дапамагаў па гаспадарцы, пяцігадовы Міколка ўжо цягнуўся да алоўка і фарбаў, спрабуючы нешта маляваць… Як іх пакінуць? Смяротнае пакаранне чакала за тое, што быў старшынёй сельсавета. А ён толькі хацеў жыць са сваёй сям’ёю, працаваць на роднай зямлі, гадаваць сваіх дзяцей…


Акім кінуў позірк на людзей, якіх сагналі гля-дзець на расстрэл. І раптам убачыў хударлявага хлопчыка, які ва ўсе вочы глядзеў на яго. Фёдар, сынок. Так многа не паспеў сказаць яму, не паспеў навучыць, а зараз трэба маўчаць, каб немцы не схапілі малога. Грымнулі стрэлы. Плячо апякло моцным болем, Акім пахіснуўся, але яшчэ ўстаяў на нагах, глядзеў на сына. Яшчэ стрэлы… Быццам пахіснуліся хаты і дрэвы, і аблокі ўпалі на зямлю…

Фёдар.
Ён паспеў прыбегчы да месца расстрэлу. Глядзеў на бацьку з нейкай надзеяй, хацелася крыкнуць: “Тата”, — але нібыта скамянеў, не мог гаварыць, не мог плакаць, нават зварухнуцца з месца. Першая куля трапіла бацьку ў плячо, але ён яшчэ стаяў і не адрываў позірк ад сына. Другая куля трапіла прама ў вока… Бацька нязграбна ўзмахнуў рукой, нібы хапаючыся за жыццё, і ўпаў.
Ішоў першы год вайны.


Фёдар з маці і малодшым братам зведалі яшчэ шмат гора: хаваліся ад немцаў, спазналі голад і холад, як і многія беларускія сем’і таго часу. Маці Аляксандра больш не выйшла замуж, сама падымала дзяцей, а Фёдар застаўся за старэйшага мужчыну ў хаце.


Мой дзядуля Фёдар Акімавіч пражыў доўгае жыццё, выгадаваў дзяцей, дачакаўся ўнукаў. Ужо незадоўга да сваёй смерці ён узгадваў, што самым цяжкім момантам у жыцці быў расстрэл бацькі. Яго ён яскрава памятаў, нібыта позірк бацькі запаў яму ў самае сэрца, а ў вачах засталіся водбліскі тых падаючых аблокаў…

Колькі дзяцей ваеннага часу жылі і жывуць з гэтым позіркам вайны ў сэрцы…
Чаму наварочваюцца слёзы, калі мы чуем аповеды, песні, успаміны пра вайну? Можа, мы плачам тымі слязьмі, што не выплакалі дзеці і жанчыны таго часу? І ўзгадваем, што ў Беларусі загінуў кожны трэці жыхар…
Валерыя Адамчук, студэнтка журфака БДУ.