Суббота, 12 октября 2024

У Пружанах адбыўся рэспубліканскі семінар-вучоба ЖКГ па ахове працы

338

На мінулым тыдні на базе Пружанскага КУВП «Камунальнік» прайшоў рэспубліканскі семінар-вучоба ЖКГ «Дзень аховы працы», у якім прынялі ўдзел кіраўнікі абласных галіновых структур.

Мерапрыемства складалася з дзвюх частак. Падчас першай — практычнай — госці азнаёміліся з дзеяннямі мясцовых камунальшчыкаў ва ўмоўных аварыйных сітуацыях. Варта адзначыць, што аказанне сучасных паслуг ЖКГ насельніцтву патрабуе выкарыстання складанага абсталявання. Таму пры ліквідацыі няштатных сітуацый работнікі «Камунальніка» нярэдка падвяргаюцца небяспецы, з улікам чаго кожнаму з іх неабходна дакладна ведаць правілы бяспечных паводзін. Гэта яны і прадэманстравалі падчас правядзення ліквідацыйных работ на каналізацыйных сетках каля Лядовага палаца, у рамонце вулічнага асвятлення на вул. Майскай, а таксама на аднаўленні цеплазабеспячэння ў аг. Лінова.

У гэтай практычнай частцы мерапрыемства дзейнасць работнікаў ацэньвалі першы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Андрэй Бекета, намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Сяргей Гук, намеснік гендырэктара абласнога ўпраўлення ЖКГ Юрый Міхайлоўскі і старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Юрый Дарагакупец. Пры падвядзенні папярэдніх вынікаў дырэктару КУВП «Камунальнік» Сяргею Бабруку была выказана падзяка за арганізацыю работ і захаванне патрабаванняў па ахове працы.

Потым, на пленарным пасяджэнні, аналізаваліся вынікі выканання патрабаванняў Дырэктывы № 1 у падраздзяленнях сістэмы МЖКГ за 1 паўгоддзе 2024 года, падрыхтоўка да асенне-зімовага перыяду ў Брэсцкай вобласці, а таксама выпадкі вытворчага траўматызму ў галіне.

Алег Сідарэнка.

Фота аўтара