На базе ААТ «Пружанскі льнозавод» у чацвер прайшоў рэспубліканскі семінар-нарада па пытаннях развіцця льняной галіны. Яго ўдзельнікамі сталі кіраўнікі і спецыялісты Мінсельгасхарчу, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, РА «Белаграсэрвіс», старшыні камітэтаў па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкамаў, кіраўнікі абласных структур па ільнаводстве, дырэктары льнозаводаў.
Адкрыў семінар намеснік Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь У.У.Гракун.
Потым удзельнікі семінара-нарады азнаёміліся з вытворча-тэхнічнай базай ААТ «Пружанскі льнозавод». У прыватнасці, была паказана арганізацыя захоўвання пасяўной і льноўборачнай тэхнікі на перапрацоўчым прадпрыемстве. У цэхах прадпрыемства ішла размова пра асноўныя настройкі і рэгуліроўкі тэхналагічнага абсталявання пярвічнай апрацоўкі лёну.
Падчас плянарнага пасяджэння перад прысутнымі выступіў У.У.Гракун. У сваёй прамове намеснік Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання закрануў пытанні завяршэння ўборкі даўгунцу, выканання паставак валакна ў лік рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб, падбору пасяўных плошчаў пад ураджай 2021 года.
Слушным было выступленне генеральнага дырэктара Аршанскага льнакамбіната У.В.Несцярэнкі. У сваёй прамове ён спыніўся на пытаннях пастаўкі льновалакна на камбінат і рэгуляванні цэн на сыравіну, якая закупляецца для дзяржаўных патрэб.
Перад удзельнікамі нарады выступіў таксама дырэктар ААТ «Пружанскі льнозавод» М.С.Жогал. Мікалай Сцяпанавіч падзяліўся з калегамі вопытам вырошчваня і ўборкі льну-даўгунцу на сваім прадпрыемстве.
Падвёў вынікі семінара-нарады намеснік Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь У.У.Гракун. Мікола Архуцік.