Воскресенье, 12 января 2025

Рэспубліканскі педсавет-2021. Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Ірына Казарэз: «Толькі сапраўдны патрыёт можа выхаваць патрыёта»

464

На Рэспубліканскі педагагічны савет з’ехаліся педагогі з усёй краіны. Пружаншчыну на ім прадстаўлялі начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама І.А.Казарэз, дырэктар Магілявецкага ВПК д/с-СШ Н.М.Малеўская і загадчыца ясляў-сада №10 г.Пружаны Ж.А.Калымага.

Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Ірына Анатольеўна Казарэз:

— Трэба адзначыць, што ўдзел Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Рэспубліканскім педагагічным савеце, несумненна, сведчыць пра пільную ўвагу Аляксандра Лукашэнкі да сістэмы адукацыі.

У першы дзень форума на секцыйных пасяджэннях абмеркавалі актуальныя праблемы сучаснай школы, падзяліліся досведам работы з калегамі па кіраўнічай вертыкалі, атрымалі адказы на хвалюючыя нас пытанні падчас дыялогавай дыскусійнай пляцоўкі з удзелам Міністра адукацыі І.В.Карпенкі.

Лічу вельмі важным, што было агучана пытанне пра статус і прафесійныя якасці настаўніка. Ад яго прафесіяналізму, грамадзянскай пазіцыі залежыць далейшае развіццё галіны. У сваю чаргу, дзяржава стварае ўмовы для годнага жыцця настаўнікаў, дае магчымасці росту для жадаючых працаваць творча, на перспектыву.

Выклікае аптымізм, што на нарадзе была нададзена асаблівая ўвага тэме патрыятызму. Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў, што грамадзянская і жыццёвая пазіцыя педагога, яго ўдзел у грамадскім або палітычным жыцці краіны — гэта прыклад для вучняў. І толькі сапраўдны патрыёт можа выхаваць патрыёта. Разам з тым было падкрэслена, што і бацькі, у сваю чаргу, не павінны быць пабочнымі назіральнікамі. Толькі сумесныя дзеянні сям’і і школы ў пытаннях навучання і выхавання могуць даць добры вынік.