Вторник, 13 мая 2025

Рэспубліканскі педсавет-2021. Дырэктар Магілявецкага ВПК д/с-СШ Наталля Малеўская: «Удакладнены накірункі нашай працы»

522

Дырэктар ДУА «Магілявецкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — сярэдняя школа» Наталля Мікалаеўна Малеўская:

— Мне ўпершыню была дадзена магчымасць пабываць на такім маштабным мерапрыемстве. Таму ўражанні ад убачанага і пачутага проста незгладжальныя.

Падчас работы секцыі па тэме «Роля грамадска значных ініцыятыў моладзі ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні» атрымала магчымасць пагаварыць з калегамі з усёй рэспублікі. Асноўная ідэя, якая гучала на гэтым мерапрыемстве, а затым была агучана і Прэзідэнтам, — стварэнне сучаснага адукацыйнага асяроддзя, якое садзейнічае сацыялізацыі моладзі, забяспечвае не толькі навучанне, але і выхаванне юнага грамадзяніна краіны.

Далейшыя выступленні паказвалі што мы ўсё, вырашаючы пытанні павышэння якасці навучання і выхавання навучэнцаў, гаворым пра дасягненні і праблемы прыкладна аднолькава, толькі ў адпаведнасці са сваім узроўнем і маштабам. Але Рэспубліканскі педагагічны савет адкарэктаваў работу нашых калектываў і больш дакладна накіраваў яе, па маім меркаванні, на выхаванне моладзі, якая адрозніваецца мабільнасцю, дынамізмам, канструктыўнасцю, пачуццём адказнасці за свой лёс і лёс краіны.

Пытанні, узнятыя А.Р. Лукашэнкам, не былі абсалютна новымі для мяне. Патрыятычнае выхаванне, кадравы патэнцыял, работа з сям’ёй, бяспека дзяцей і дзейнасць установы ў «шосты школьны дзень» — гэта тыя накірункі, над якімі працуе наш калектыў пастаянна.
Яшчэ адзін момант, які не пакінуў раўнадушнай, — магчымасць азнаёміцца з праектам этычных правілаў педагога. Лічу, што іх прыняцце і выкананне дазволіць узняць настаўніцкі аўтарытэт.