Четверг, 11 декабря 2025

Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Шарашова і Пружанскі край: этнаграфічная, фальклорная, архітэктурная і мастацкая спадчына рэгіёна»

596

Напрыканцы мінулага тыдня на працягу некалькіх дзён на Пружаншчыне праходзіла рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Шарашова і Пружанскі край: этнаграфічная, фальклорная, архітэктурная і мастацкая спадчына рэгіёна», якую ініцыянаваў райвыканкам пры арганізацыі Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Мерапрыемства праходзіла на базе Шарашоўскай школы мастацтваў, музея-сядзібы «Пружанскі палацык» і цэнтральнай раённай бібліятэкі. Канферэнцыя дзялілася на некалькі секцый, у рамках якіх праводзіліся лекцыі аб здабытках вучоных-гісторыкаў. Апошнія працяглы час працавалі на Пружаншчыне, вывучаючы старадаўнія дакументы і артэфакты. Значную падтрымку ім аказвалі мясцовыя этнографы і даследчыкі, знаходкі якіх таксама былі ўключаны ў агульную працу.

А вынікам яе стаў выпуск калектыўнай манаграфіі «Шарашова і Пружанскі край: этнаграфічная, фальклорная, архітэктурная і мастацкая спадчына рэгіёна».

Менавіта з прэзентацыі гэтай кнігі і пачалася канферэнцыя. Як расказалі яе стваральнікі, зборнік змяшчае вельмі грунтоўныя даследаванні паходжання мясцовых прозвішчаў, нагадванне нашага рэгіёна ў метрыках Вялікага княства Літоўскага і многія іншыя напрацоўкі. Акрамя таго, тэксты ілюстраваны больш за 200 фотаздымкамі, факсіміле дакументаў, тагачасных гравюр. Атрымалася грунтоўная навуковая работа, якая мае і практычны характар.

Па словах намесніка старшыні райвыканкама Руслана Супрыновіча, манаграфія будзе ўнікальным падмуркам для развіцця ў нашым рэгіёне турыстычнага патэнцыялу, таму што паказвае гістарычнае багацце Шарашэва і Пружанскага раёна ў цэлым, прыцягваючы з усяго свету краязнаўцаў, этнографаў, фалькларыстаў. І ў якасці падзякі прадстаўнік мясцовай улады ўручыў аўтарам Граматы райвыканкама за неацэнны ўклад у захаванне спадчыны нашага рэгіёна.

Са свайго боку арганізатары адзначылі Граматамі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі старшыню райвыканкама Міхаіла Грышкевіча, яго намесніка Руслана Супрыновіча, начальніка аддзела культуры Канстанціна Панімаша, супрацоўніцу аддзела Наталлю Пракаповіч, а таксама нераўнадушных мясцовых даследчыкаў — протаіерэяў Міхаіла Носку, Аляксандра Сеня, Тэрэсу Панамар, Барыса Бокшу, Ірыну Сядову (на здымку) і іншых.


Алег Сідарэнка.
Фота Кацярыны Масік

Калі весці гутарку пра другі дзень работы канферэнцыі, ужо ў Пружанах, то варта адзначыць у першую чаргу не колькасць дакладаў (а было іх па трох секцыях больш за тры дзясяткі) і нават не актуальнасць узнятых даследчыкамі тэм. Радавала атмасфера агульнай зацікаўленасці ў тым, каб багатая гістарычная спадчына гарадскога пасёлка Шарашэва (навукоўцы-філолагі ўсё ж лічаць, што па беларуску назва павінна гучаць як Шарашова) і Пружашчыны ў цэлым не проста вывучалася, беражліва захоўвалася, але і перадавалася нашчадкам.

Пра гэтую перадачу, што называецца, з рук у рукі, казалі многія даследчыкі мясцовых фальклорных і сакральных абрадаў і традыцый, лексікі, народных рамёстваў і інш. Менавіта ў гэтым і заключаецца сэнс вывучэння сваёй мінуўшчыны: абапіраючыся на моцныя карані нашага агульнага «дрэва», даць магчымасць расці новым яго галінам.
Дарэчы, адно з важных пытанняў на сённяшні дзень — гэта развіццё турызму ў рэгіёне. І шэраг даследаванняў, праведзеных пры падрыхтоўцы да канферэнцыі навукоўцамі і краязнаўцамі, мне здаецца, зацікавіць экскурсантаў. Напрыклад, даклад пра гісторыю вінакурняў нашага рэгіёна — гэта амаль гатовы турыстычны маршрут. Спадзяюся, што ў далейшым з‘явіцца магчымасць больш падрабязна пазнаёміць чытачоў раённага друку з шэрагам узнятых тэм.

Значная ўвага надавалася духоўнаму жыццю. У тым ліку, адразу некалькімі дакладчыкамі аналізаваліся асаблівасці абразоў старажытнай Шарашэўскай Прачысценскай царквы (нагадаем, што іканастас і рукапіснае Евангелле адсюль захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі).

Асаблівая ўвага была і да тэмы Вялікай Айчыннай вайны, 80-годдзю Вялікай Перамогі. Пасля заканчэння работы секцый усе жадаючыя змаглі прыняць удзел у прэсканферэнцыі адпаведнай тэматыкі. Прысутныя пазнаёміліся з гісторыяй партызанскай брыгады імя П.К. Панамарэнкі, якая дзейнічала на тэрыторыі рэгіёна. Спецыяліст аддзела культуры райвыканкама Наталля Пракаповіч зрабіла агляд карных аперацый нямецкіх акупантаў на тэрыторыі былога Шарашоўскага раёна ў 1941 годзе. Навуковы супрацоўнік ДУ «Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» Ганна Ласянкова расказала пра ўдзельнікаў гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці — ураджэнцаў Пружаншчыны.


Ірына Сядова