Суббота, 18 января 2025

Репутация ПМК-22 — работа строителей

1 461

Параўнальна нядаўна вырашаўся лёс пружанскіх будаўнічых арганізацый, колькасць якіх планавалася аптымізаваць у бок скарачэння. Асаблівую ўвагу прыцягвала сітуацыя з ПМК-22. Сітуацыя змянілася калі механізаваную калону ўзначаліў Іван Паўлавіч Нінічук. Набыўшы вопыт на кіруючых пасадах у іншых будаўнічых арганізацыях, дасканала ведаючы «кухню», новы кіраўнік адразу ўзяўся за змены — кадравыя, матэрыяльныя і нават рэпутацыйныя. І сёння вынікі той карпатлівай, а часам непад’ёмнай работы відавочны.
— ПМК-22 сёння з’яўляецца агульнабудаўнічай генпадраднай арганізацыяй, якая здольная выконваць шырокі спектр работ, пачынаючы літаральна з падмурка будынка і заканчваючы выдачай ключоў ад гатовых кватэр або дамоў,— расказвае начальнік калоны.— У мінулым годзе ў свой склад мы ўключылі ўчастак СПМК-22 г.Бярозы, які «дадаў» да нашага асартыменту паслуг яшчэ і аддзелачныя работы. Попыт на іх таксама ўзрастае, таму, вядома, развіваем і іх.
Разам з гэтым, мы «падраслі» колькасна, і цяпер у ПМК-22 працуе 150 чалавек, хаця, прызнаюся, работнікаў не хапае, таму шукаем дадатковае папаўненне. Толькі выпадковых людзей, якім трэба падзарабіць месяц-другі, нам не патрэбна. У нас атрымаўся даволі зладжаны калектыў сапраўдных прафесіяналаў, у тым ліку і сярод моладзі, якая прыходзіць да нас. Увогуле сярэдні ўзрост па калоне не дасягае 40 гадоў, але ёсць сапраўдныя ветэраны, прыклад якіх карысны для іншых. Сярод такіх людзей — аўтакранаўшчык Г.В. Аляксееў, машыніст аўтапагрузчыка А.А.Рысцік, вадзіцелі А.Л.Шпарла, І.А.Шэшка, муляр В.В.Дубоўскі, маляр-тынкоўшчык М.І.Клімец. Усе яны заставаліся з механізаванай калонай не толькі на ўздыме, але і ў складаныя перыяды.
За апошнія некалькі гадоў мы здолелі істотна абнавіць матэрыяльна-тэхнічную базу, і цяпер поў-насцю забяспечылі работнікаў інструментамі і абсталяваннем, у тым ліку маем 5 аўтакранаў, па тры экскаватары і пагрузчыкі. Дзякуючы рэалізаваным мерам, зараз ПМК-22 даволі трывала «стаіць на нагах» і, можна сказаць, займае «залатую сярэдзіну» па прамысловых паказчыках. Хаця рухомы састаў у нас зношаны на 70%, і гэта застаецца балючым пытаннем, якое патрабуе неадкладнага вырашэння.
— Іван Паўлавіч, на якіх аб’ектах сёння шчыруюць будаўнікі ПМК-22?
— Самы галоўны аб’ект — 40-кватэрны дом, які мы павінны здаць у эксплуатацыю на пачатку кастрычніка. Таксама нам даручана правесці рэканструкцыю будынка аддзела ЗАГС, дзе літаральна будзе зменена ўсё. Якасць нашай работы можна будзе ацаніць ужо восенню бягучага года. У дадатак работы вядуцца на адным з найбольш сацыяльна значных для пружанцаў аб’екце — стаматала-гічнай паліклініцы. Сёлета там будзе асвоена на агульнабудаўнічы фронт 520 тысяч рублёў, але работы запланаваны і на наступны год. Не менш сур’ёзная задача — аддзелка кабінета для размяшчэння медыцынскага рэнтген-абсталявання: тут неабходна ўсё выканаць у адпаведнасці з вельмі высокімі патрабаваннямі адносна бяспекі абслугоўваючага персаналу і наведвальнікаў.
Шчыруюць будаўнікі ПМК-22 і на аб’ектах раёна. Гэта — тры сянажныя траншэі ў в.Варотнае для ААТ «Ліноўскае», тры дамы прысядзібнага тыпу ў ААТ «Жураўлінае».
А далей зноў будзем актыўна ўдзельнічаць у тэндэрах, прапануючы свае паслугі. На сённяшні дзень пэўныя намеры «вымалёўваюцца», таму, мяркую, што ў будучым запатрабаванасць нашых рук будзе не ніжэй за той узровень, што адзначаецца зараз.
— Некалькі гадоў таму механізаваная калона пачала асвойваць новы від паслуг — долевае будаўніцтва. Ведаю, што давялося прайсці няпросты шлях, часам адважыцца на пэўныя ахвяры са свайго боку, каб наладзіць гэты працэс. Ці бачны вынікі такога рашэння?
— Паўтара года таму мы здалі ў эксплуатацыю першы чыста долевы дом. З аднаго боку, гэта вельмі складаная праца, але з іншага — вельмі цікавая. Цяжкасці былі ў плане пошуку зацікаўленых дольшчыкаў, якія хацелі б скарыстацца новай магчымасцю атрымаць жыллё. Пры гэтым існавала пэўная рызыка з нашага боку, бо за свае сродкі заказвалі праект, часткова грошы ўкладваліся і ў будаўнічыя работы. Але ж попыт пачаў павя-лічвацца, і сёння схема стабілізавалася: мы хутка здадзім трэці такі аб’ект. Хаця ў ім большая частка кватэр будзе размеркавана паміж шматдзетнымі сем’ямі і іншымі сацыяльнымі катэгорыямі грама-дзян.
А попыт, тым не менш, не зніжаецца, і мы зноў пачынаем фарміраваць спіс жадаючых дольшчыкаў. Для задавальнення інтарэсаў нашых кліентаў ПМК-22 мае два ўчасткі ў новым мікрараёне «Паўночны» і адзін на скрыжаванні вуліц Заводскай і Вашкевіча, дзе можна ўзвесці дзевяціпавярхоўку.
Стаць дольшчыкам нескладана: дастаткова звярнуцца да нас, заключыць дагавор і ўнесці першы ўзнос. Далейшыя выплаты размеркаваны зручным для кліента чынам.
— Дзякуючы якім структурным падраздзяленням і канкрэтным работнікам здабыты сённяшнія дасягненні ПМК-22?
— Асноўны касцяк калоны — муляры, бетоншчыкі, цесляры і аддзелачнікі, дзякуючы якім зарабляецца аўтарытэт нашай арганізацыі, ствараецца рэпутацыя. Прыемна адзначыць, што практычна ўсе маюць высокую кваліфікацыю і свой «знак якасці». Дапаможныя структурныя падраздзяленні, якія забяспечваюць падтрымку будаўнікам, таксама выконваюць сваю працу добрасумленна. І з нагоды прафесійнага свята многія з іх будуць таксама адзначаны.
Асабліва хачу ўспомніць тых працаўнікоў, якія зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але ж падтрымліваюць сувязь са сваёй арганізацыяй, а некаторыя часцяком прыходзяць да нас, дзеляцца вопытам з маладымі спецыялістамі. Сярод іх — былыя вядучы эканаміст В.С.Крываблоцкая, машыніст экскаватара Л.М.Ваўкавыцкі, дарожны работнік В.І.Віцько, якая і зараз дапамагае нам у добраўпарадкаванні асноўнай базы, начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела В.М.Паўлюсюк.
Віншую ўсіх нашых ветэранаў і тых, хто зараз займаецца будаўніцтвам, з прафесійным святам. Жадаю трывалага падмурка ў жыцці і шчырых падзяк за работу, а таксама прыбытковых праектаў. Няхай праца будзе не ў цяжар, а стабільнасць, дастатак і здароўе прыносяць радасць.

На дымках:

Апошнія штрыхі наносяць маляры-тынкоўшчыкі Л.М.Чырко і М.В.Мяшэчка.

Малады вадзіцель В.В.Рэчыц за кароткі час паспеў набыць аўтарытэт сярод калег і кіраўніцтва калоны.На аднаўленні аддзела ЗАГС шчыруюць газаэлектразваршчык П.М.Нячай і муляр 5 разраду А.В.Малецкі.Рэканструяваны будынак стаматпаліклінікі стане новым упрыгожаннем горада. А яго тэрыторыю добраўпарадкоўваюць дарожныя работнікі І.С.Валянскі, А.М.Габец і цесляры-бетоншчыкі І.І.Зінкевіч, С.Г.Глінка (злева направа).Прараб В.І.Булавіцкі адзначае, што работа такіх маладых і адказных маляроў-тынкоўшчыкаў М.Г.Нікалайчук і І.В.Іванішчавай стварае добрае імя арганізацыі.Нават дапаможныя памяшканні павінны выглядаць належным чынам. Іх аддзелку выконваюць цясляр-бетоншчык А.А.Рысцік і маляр-тынкоўшчык Я.М.Ніканчук.

Як паведамляюць прарабы В.В.Чарота і М.В.Пашко, да завяршэння будаўніцтва 40-кватэрнага дома ў новым мікрараёне засталося няшмат работы. Для паскарэння паралельна ўстанаўліваецца дах і выконваецца аддзелка.

Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *