Кажуць, што дазволена Юпітэру, тое не дазволена быку? Як бы ні так! Ва ўсякім выпадку, у нядзелю ў Пружанах Белы Металічны Бычок, пад знакам якога наступае 2021 год, ужо паказаў свой характар і пачаў ламаць стэрэатыпы. Адмяніў традыцыйны парад Дзядоў Марозаў, замяніўшы яго на не менш маляўнічае навагодняе шоў. Прыбраў старую сцэну, узвёўшы на яе месцы велізарны шацёр. І, нягледзячы на складаную эпідсітуацыю і сырое надвор’е, сабраў на гарадской плошчы гледачоў больш, чым чакалася.
У прамым і пераносным сэнсе “запальная” цырымонія пачалася з тэатральнага прадстаўлення, дзеючымі асобамі якога сталі беларускія міфічныя героі з пружанскімі прозвішчамі. Жеўжык Мухавецкі — добры апякун рэк і азёр, Гаёвка Ружанская — апякунка лясоў і яго жыхароў, Балотніца Хараўская — захавальніца балот, Посвіст Туманны — грозны ўладар бур і непагадзі, які лётае па свеце і сее вецер, туманы, снег, Пушчавяк Белалясоцкі — ахоўнік першароднай прыроды і рэдкіх пушчанскіх жывёл. І, вядома ж, галоўны пружанскі Дзед Мароз і Снягурка (у іх ролях дэбютавалі Вячаслаў Краўчук і Марыя Чепялевіч), на чале з навагоднім сімвалам Бычком.
Астатнія Дзяды Марозы і Снягуркі, якія са сваімі світамі прыехалі з усіх клубных устаноў раёна, растварыліся ў натоўпе гледачоў і разам з імі спявалі, танцавалі, гулялі і карагодзілі.
На баку зла выступіла дзяўчына Напасця, якая сама сябе прызначыла “галоўнай зоркай” і ўсімі сіламі імкнулася сарваць пазітыўны настрой публікі. Гэтая гарэза замяніла ключы ад пяці шкатулачак, у якіх захоўваліся чароўныя словы, неабходныя для запальвання Ёлкі, чым давяла да слёз і роспачы станоўчых герояў.
Аднак, як бывае ва ўсіх казках, дабро перамагло. Усе злыя нападкі Напасці былі спынены запальнымі танцорамі з ансамбляў “Рубікон”, “Круцёлачкі”, групы “Teens-format”, цудоўнымі спевакамі з вакальнай студыі “Меладзін”, а таксама салісткамі гуртка сольнага спеваў “SOLO” гарадскога Палаца культуры.
Не засталіся ў баку ад навагодняга супрацьстаяння “дабра і зла” і гледачы, якія з задавальненнем прынялі ўдзел у музычных гульнях і флэшмобах, наладжаных Снягуркай і яе світай. Галоўнай “зброяй” у іх арсенале былі добрыя сэрцы, шчырыя ўсмешкі і вера ў тое, што цуды здараюцца, нягледзячы ні на што.
Цуд і здарыўся: шкатулкі адкрыліся, чароўныя словы: “Раз, два, тры, ёлачка, гары”, — прагучалі, агеньчыкі запаліліся. І, да радасці гледачоў, свята нарэшце закруцілася вакол галоўнай віноўніцы імпрэзы — высокай, статнай зялёнай прыгажуні.
Дзед Мароз загадаў усім весяліцца, спяваць, скакаць, смяяцца і дарыць адзін аднаму добры настрой. Гледачы ўзяліся за рукі і закруціліся ў карагодзе пад навагоднія песні.
І нават на гэтым цуды не скончыліся. Шкодніца Напасця з зайздрасцю глядзела на гледачоў. Зразумела, застацца адной на такім свяце — сумная справа. Але сітуацыю выратаваў Бычок, які прынёс усім радасць і весялосць: з яго лёгкай рукі, дакладней капыцечка, Напасця ператварылася ў Дабранку. І ўручыла падарункі дзецям, якія вызначыліся ў конкурсе на лепшую казку “Навагоднія прыгоды Дзеда Мароза ў Пружанах”. Спецыяльныя заахвочвальныя прызы — квіткі на музычнае-шоў “Добрае каралеўства Эльзы”, атрымалі пяць юных казачнікаў. А галоўнымі прызамі і дыпломамі былі ўзнагароджаны вучань СШ № 1 Арцём Бушук, які заняў трэцяе месца, Таццяна Лаптановіч — другое месца і пераможца Сафія Міраноўская (абедзве дзяўчынкі вучацца ў СШ № 3).
А таксама Бычок нагадаў гледачам, што ў Пружанах працягваецца навагодні маладзёжны марафон віншавальных паштовак “21 мара для Пружан: якім я бачу родны горад у 21 годзе XXI стагоддзя”. Свае мары, жаданні, чаканні і віншаванні роднаму гораду і яго жыхарам трэба апублікаваць да 15 студзеня 2021 года на старонках у сацыяльных сетках, пад хэштэгам #21мечта_дляПружан, адзначаючы групу @_teens_format.
Бычок паабяцаў, што ўсе жаданні ў новым 2021-м годзе абавязкова спраўдзяцца. Ва ўсякім выпадку, ён пра гэта паклапоціцца.
Алеся Смайлік. Фота аўтара.