У ААТ “Жураўлінае” цудоўна разумеюць, што, каб у вызначаныя тэрміны правесці пасяўную кампанію, патрэбна грунтоўна падысці да падрыхтоўкі тэхнікі, якая будзе задзейнічана ў работах. Для прадпрыемства – гэта заклад будучага добрага ўраджаю, адпаведна – эканамічнай стабільнасці і ў нейкай ступені росту заработнай платы работнікаў сельгасарганізацыі. Таму стараюцца ўсе: і кіраўнікі розных звёнаў, і самі работнікі. У чым карэспандэнты ўпэўніліся падчас наведвання рамонтных майстэрняў ААТ “Жураўлінае” ў аг. Клепачы.

Галоўны інжынер прадпрыемства Дзмітрый Жалнерка расказаў, што ўся рамонтная кампанія праходзіць у тры этапы: на першым – аднаўленне тэхнікі вясенняга прызначэння: энерганасычаных трактароў, камбінаваных глебаапрацоўчых пасяўных агрэгатаў, плугоў і інш.; на другім – трэба прывесці ў поўную гатоўнасць тэхніку для нарыхтоўкі кармоў, кормаўборачныя камбайны, касілкі, граблі; на трэцім – агрэгаты для ўборкі збожжавых. На дадзены момант працэнт гатоўнасці складае не менш за 95 да запланаванага. Гэта гарант таго, што работы ў дадзеным напрамку ў сельгасарганізацыі будуць выкананы нават раней за намечаныя тэрміны.

Загадчык рамонтных майстэрняў Мікалай Макарэвіч паведаміў, што ўсе вытворчыя памяшканні загадзя былі падрыхтаваны да таго, каб работнікам было камфортна працаваць (гаворка ідзе пра цэнтральнае ацяпленне). Ёсць і спецыяльны пакой для адпачынку, тут жа могуць вельмі смачна пакарміць, на тэрыторыі майстэрні маецца свая сталоўка. Належная ўвага падчас рамонту сельгастэхнікі надаецца і камплектацыі інструментамі, бо без гэтай акалічнасці складана правесці якасны рамонт і атрымаць станоўчы вынік. Устанаўленне дэфектаў дэталяў таксама знаходзіцца на належным узроўні, бо падчас правядзення пасяўной кампаніі непажадана, каб хоць адна адзінка тэхнікі выйшла са строю, — тут ужо час лічыцца не днямі, а гадзінамі.

На пытанне, ці хапае запчастак для рамонту, Дзмітрый Жалнерка адказвае:
— Усё, што патрэбна для рамонту, закупляецца своечасова, таму з гэтай прычыны прастояў няма. Закуп запчастак адбываецца планава, для рамонту канкрэтнай тэхнікі. І робіцца гэта на пастаяннай аснове. Ды і на складзе маецца запас.
Гэта пацвярджае і механізатар Віктар Чопка, які адпрацаваў у гаспадарцы каля 20 гадоў. Ён займаецца рамонтам свайго энерганасычанага трактара “Беларус-3522”, які непасрэдна будзе задзейнічаны ў вясенніх палявых работах. Таму і адказнасць сваю Віктар Анатольевіч разумее.

Мікалай Макарэвіч звяртае нашу ўвагу на тое, што немалаважным фактарам з’яўляецца кваліфікацыя тых спецыялістаў, якія заняты на адпаведнай рабоце. І знаёміць нас з Анатоліем Матвейчуком, слесарам 6 разраду, які шчыруе на прадпрыемстве 30 гадоў. Анатолій Пятровіч рамантуе раскідвальнік мінеральных угнаенняў “РМУ-8000” і робіць гэта з веданнем справы. Між іншым, паведамляе, што не збаўляць тэмп рамонтных работ дапамагае такарны цэх, дзе таксама працуюць высокакваліфікаваныя работнікі.
Усе мы разумеем, што з цягам часу любая тэхніка зношваецца, нават пры добрым доглядзе. Таму, па словах галоўнага інжынера, на 2022 год запланавана абнаўленне парку тэхнікі. Ужо закуплены два камбайны, іх пастаўка чакаецца па працягу 2 месяцаў, набыты самаходныя кормараздатчыкі, пагрузчык “Амкадор”. У далейшым плануецца набыццё трактароў і іншай сельгастэхнікі.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік