Брэстчына сабрала першы мільён тон зерневых культур (з улікам рапсу). На 26 ліпеня ў першым рэгіёне намалочана 1,061 млн т. З гэтай колькасці больш за 86 тыс. тон — уклад пружанскіх аграрыяў. Рапс ужо ўбраны поўнасцю, цяпер работы кіпяць на палетках з азімым жытам, яравым ячменем, пшаніцай, трыцікале, аўсом. Адначасова актыўна ідзе пастаўка зерня для харчовых патрэб у рамках дзяржзаказу.

Нагадаем, што ў пачатку бягучага года ўрад устанавіў аб’ёмы заказу на пастаўку (закупку) сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны для рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб на 2024 год. Згодна з Пастановай Савета Міністраў ад 16.01.2024 № 35, агульны аб’ём дзяржзаказу на пастаўку зерня для харчовых патрэб у цэлым па рэспубліцы павінен скласці 786,9 тыс. т. У тым ліку пшаніцы — 551,6 тыс. т, жыта — 155,5 тыс. т, ячменю — 19 тыс. т, аўсу — 30 тыс. т, грэчкі — 24,1 тыс. т і проса — 6,7 тыс. т.
Калі ўзяць наш раён, то ў філіял «Аранчыцкае хлебапрыёмнае прадпрыемства» ААТ «Баранавіцкі камбінат хлебапрадуктаў» трэба паставіць 4400 тон жыта і пшаніцы, у тым ліку ў кошт дзяржзаказу. На 100% выканалі план на пятніцу бягучага тыдня такія гаспадаркі, як «Агра-Калядзічы» (100 т), «Роўбіцкае» (390 т), «Пружанскі райаграсэрвіс» (460 т) і «Ліноўскае» (350 т). Астатнія сельгаставарыствы згодна з планамі таксама падвозяць зерне новага ўраджаю. Дапамагаюць гаспадаркам у гэтай рабоце аўтапарк № 11 г. Пружаны і ПГУП «Грааль-Транс». Падчас уборкі любая дапамога толькі на карысць, бо спажываць духмяны хлеб будзем усе, ад старога да малога.
Пшаніца, жыта, ячмень і авёс рэалізуецца і ў ААТ «Брэсцкі камбінат хлебапрадуктаў». Поўнасцю разлічыліся з камбінатам ААТ «Агра-Калядзічы» і філіял «Аграэнерга Зеляневічы» РУП «Брэстэнерга». Зусім мала да фінішу засталося ААТ «Велікасельскае Агра» — на 26.07.2024 года 91%. Адметна, што Брэсцкі КХП забірае зерне сваім транспартам і, тым самым, дае магчымасць нашым гаспадаркам усе сілы скіраваць на важную для краіны работу — жніво.

ААТ «Шані-аграпрадукт» выканала план у 300 тон па пастаўцы піваварнага ячменю ў ААТ «Белсолад». Дадзеную сельгаскультуру адгружаюць ААТ «Велікасельскае Агра» (64%), «Ліноўскае» (17%), «Пружанскае» (63%) — звесткі на 26.07.2024 года.
Як бачна, работа па выкананні дзяржзаказу на месцы не стаіць. І можна з упэўненасцю сказаць, што пахучыя булкі беларусы змогуць есці кожны дзень.
Вадзім Раўнейка.
Фота Алега Сідарэнкі