Среда, 19 февраля 2025

Рэпартаж з ААТ«Роўбіцкае». Ідуць касцы, звіняць іх косы…

268

А было ж некалі і такое. Мужчыны бралі ў рукі косы і з раніцы, калі яшчэ не апала раса, заўзята махалі імі, каб забяспечыць каровак духмяным сенам. А яшчэ ж трэба было высушыць траву, перыядычна пераварочваючы, пасля згрэбці ў валкі і перавезці дамоў. Вельмі, скажу вам, працаёмкая работа. Час ідзе. Але ж рагулі ўсё роўна хочуць есці. Таму ў сельгаставарыствах раёна і сёння актыўна ідзе нарыхтоўка травяных кармоў. Канечне, не косамі, для гэтага ёсць спецыяльная тэхніка. Толькі без чалавека і яго натруджаных рук ніяк не абысціся.

Надвор’е пакуль прыхільна ставіцца да аграрыяў. Таму і стараюцца сельскія працаўнікі ўхапіць кожную гадзіну, каб нарыхтаваць кармоў і потым не часаць патыліцу: а чым жа накарміць свой статак і не страціць надоі? На Пружаншчыне з першага ўкосу застагавалі 506 т сена і заклалі ў траншэі 138020 т сенажу. А некаторыя гаспадаркі ўжо другі раз прыступілі да касьбы. Чаму і не, калі ёсць што касіць? Сярод іх і ААТ «Роўбіцкае».

У сельгаставарыстве прыкладаюць усе намаганні, каб поўнасцю забяспечыць сябе фуражом, і ўпэўнены, што ў іх усё атрымаецца на 100%. Дзякуй богу, трава густая і сакавітая. А для гэтага некалькі гадоў таму аграномам гаспадаркі Андрэем Капузам была праведзена немалая работа па перазалужэнні палеткаў. У параўнанні з мінулым годам сёлета чакаецца большая колькасць кармоў. З першага разу з 780 га назапасілі 93 тоны сена (28% да плана) і 3295 т сенажу (43%). І ў разліку на адну ўмоўную галаву таксама выйшлі ў плюс — на 13 чэрвеня 5,98 ц.к.адз. (+1,24 да 2023 года).

Другі ўкос актыўна вядзецца ва ўрочышчы Бабінец. Пры плане ў 700 га на чацвер бягучага тыдня траву ўбралі з 30 га. Як расказаў дырэктар ААТ «Роўбіцкае» Сяргей Сцяпанаў, у гаспадарцы пераважаюць двухгадовыя травы, толькі 5% прыпадае на трохгодкі. Што да вільготнасці, то выходзім на норму 55-60%. Трава ў дадзеным выпадку лепш захоўваецца, а значыць, і кармы больш якасныя і пажыўныя. Што яшчэ важна пры нарыхтоўцы кармоў? Калі плануеш закладку сенажу, убіраць траву патрэбна ў фазу выхаду ў трубку, бо пасля яна прыдатная будзе толькі на сена. Усё трэба рабіць па навуцы, тады і малака будзе ў дастатку.

Штодзень убіраюць траву ў ААТ «Роўбіцкае» два падборшчыкі і восем адзінак тэхнікі задзейнічана на адвозе. Рабочы дзень пачынаецца ў
9 гадзін раніцы, калі спадзе раса, і заканчваецца прыблізна ў восем вечара. Многа працуюць? А інакш нельга, гэта праца ў сельскай гаспадарцы. Тут нармаваны час не паставіш. А каб весялей працавалася, хлопцаў без адрыву ад вытворчасці частуюць вельмі ўжо смачнымі і сытнымі абедамі і вячэрамі. Калі страўнік не булькоча, тады і жыццё весялейшае.

Пагутарым і пра захоўванне травяной масы. Калі гаварыць пра сена, то яно складуецца ў крытых збудаваннях. А для сенажу, вядома, прыстасаваны траншэі, якія папярэдне былі афарбаваны і прадэзынфіцыраваны, з бакоў у абавязковым парадку нацягнулі спецыяльную плёнку. Для павышэння якасці апошняга корму ў ААТ «Роўбіцкае» выкарыстоўваюць біякансервант «AiBi» з разліку 0,5 г на тону сіласуемай сыравіны. І не забываем пра трамбоўку! Яе праводзяць «Амкадор 352» і «Беларус 30.22» з воданаліўнымі каткамі. Здаецца, катайся туды-сюды, але ад таго, як утрамбуецца сянаж, таксама залежыць і яго якасць, і лёжкасць. Апошні штрых — укрываем зноў жа плёнкай, якую добра прыціскаем зверху. Ежа гатова!

Ці патрэбна з году ў год пісаць пра працу земляробаў? Яна ж заўжды адна і тая ж. Абавязкова! Гэтыя людзі, як ніхто іншы, заслужылі цёплых слоў у свой адрас. Бо менавіта яны з’яўляюцца яскравым прыкладам працавітасці, любові да роднай зямлі і адкрытасці душы. Такія вось мы, сапраўдныя беларусы.

Вадзім Раўнейка. Фота Алега СІДАРЭНКІ