Суббота, 15 марта 2025

Рэпартаж з ААТ «Велікасельскае Агра», дзе вядуць другі ўкос траў

508

Здаецца, зусім нядаўна ў сельгаставарыствах нашага раёна распачыналася касавіца. А вось ужо надышла чарга і другога ўкосу. У гаспадарках разумеюць, што ў гэтай справе марудзіць нельга. Выдатна ведаюць гэта і ў ААТ «Велікасельскае Агра».

Для забеспячэння максімальнага збору ўраджаю і атрымання корму высокай якасці любому таварыству ўборку трэба правесці ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны пры правільным выбары рэжымаў работы ўборачных машын. Ды і прагноз надвор’я таксама ўлічваецца, бо, узяўшы пад увагу гэты спякотны тыдзень, немалаважную ролю адыгрываюць людзі, якія задзейнічаны на другой касавіцы.

Віктар Мелеш і Аляксандр Міхальчук ведаюць сваю справу і адказна ставяцца да даручанай работы.

Па словах агранома па кормавытворчасці ААТ «Велікасельскае Агра» Аляксандра Давідзюка, другі ўкос рэгламентавана пачынаецца праз 35 дзён пасля першага на травах ранняга паспявання, а для траў сярэдняга — праз 40 дзён. Сёлетняе надвор’е паспрыяла таму, што сельгаставарыства разлічвае на добры ўраджай кармоў.

Падчас першага ўкосу ў сельгаставарыстве ўбралі зялёную масу з 2119 га (100 % да плана). На панядзелак было нарыхтавана 462 тоны сена (38,5 %), а асноўную ўвагу цяпер удзяляюць закладцы сенажу ў траншэі — пры плане 25000 змаглі нарыхтаваць 12545 тон (50,2 %).

Палетак са злакавымі травамі каля вёскі Юхнавічы, дзе пачалася другая касавіца, займае 200 га. Пасля ўборкі гэтыя плошчы вырашана заараць пад азімыя: змена сельгаскультуры дае магчымасць зямлі аднавіць свой рэсурс. Усяго ж запланавана скасіць другім укосам зялёнай масы на 1900 га. Каб ураджай атрымаўся не горшы за першы, была праведзена падкормка азотам усіх травяных плошчаў.

На палетку «Велікасельскага Агра».

Што ўразіла падчас знаходжання на палетку, дык гэта стан тэхнікі ў «Велікасельскім Агра». Усе «МАЗы» і трактары выглядалі, як новыя, хоць некаторыя ўжо адпрацавалі не адзін сезон. На скошванні травы былі задзейнічаны энерганасычаныя трактары «Дойц» і «Фэндт» з косамі «Крона». У іх ёсць усё для камфорту механізатара, нават кандыцыянер — незаменны памочнік у рабоце ў гарачае надвор’е. Пасля ідзе трактар «МТЗ» з утваральнікам валкоў «Крона». А затым уступае ў работу кормаўборачны камбайн «Ягуар» пад кіраваннем Пятра Шырмы, які аддаў гаспадарцы ўсё сваё працоўнае жыццё. За дзень такая тэхніка можа ўбраць да 500 тон кармоў. На адвозцы задзейнічана пяць аўтамабіляў «МАЗ» і трактар «МТЗ», якія аператыўна адвозяць зялёную масу ў сянажныя траншэі. Прастояў амаль што не назіраецца: тэхніка спраўная і праблем не стварае. З абедамі таксама замінкі не існуе, бо якая праца, калі механізатар і вадзіцель не падсілкуюцца?

ААТ «Велікасельскае Агра» — не адзіная гаспадарка ў раёне, якая пачала другі ўкос зялёнай масы. Няхай кожнаму сельгаставарыству спрыяе надвор’е і не падводзяць ні людзі, ні тэхніка.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік