Суббота, 15 марта 2025

Рэпартаж са святочнага мерапрыемства, прысвечанага Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК, якое прайшло ў Палацы культуры (+многа фота)

1 460

Сваё прафесійнае свята аграрыі Пружаншчыны адзначылі ўрачыстым мерапрыемствам, якое прайшло ў Палацы культуры 19 лістапада.

Дзе можна яшчэ ўбачыць адразу столькі працавітых людзей, як не на свяце. У Палацы культуры г. Пружаны сабраліся механізатары, паляводы, аграномы, жывёлаводы, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў. Радаваліся сустрэчы, жыва абменьваліся навінамі. Добра папрацавалі, можна крыху і адпачыць. Пра вынікі аграрнага года мы расказвалі ў суботнім нумары газеты.

Пышны каравай, спечаны з мукі ўраджаю 2021 года, быў уручаны старшыні Пружанскага райвыканкама Юрыю Бісуну.

Павіншаваць працаўнікоў вёскі і ўручыць заслужаныя ўзнагароды прыехаў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Шчуплянкоў. Ён выказаў словы ўдзячнасці аграрыям за іх нялёгкую працу, пажадаў трываласці, плёну ў дзейнасці, здароўя. Анатоль Леанідавіч уручыў узнагароды пераможцам спаборніцтва на жніве, нарыхтоўцы кармоў.

Юрый Бісун узнагародзіў граматамі, грашовымі прэміямі механізатараў, жывёлаводаў, птушкаводаў, вадзіцеляў.

На сцэну паднімаліся як маладыя, так і больш сталага ўзросту людзі. Усе яны сваім працоўным подзвігам даказваюць, што маладосць і вопыт ідуць поплеч.

Вялікая група прадстаўнікоў аграрнага сектара атрымала ўзнагароды з рук першага намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Вольгі Васютовіч і старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Дзмітрыя Чайкоўскага.

Ну, а якое ж свята без добрай песні, вясёлых танцаў, заліхвацкіх мелодый?! Свае музычныя нумары працаўнікам дарылі майстры мастацтваў Пружанскага раёна. Сваім хараством, мелодыкай зачароўвалі фальклорныя кампазіцыі, непасрэднасцю і лёгкасцю, выверанасцю рухаў — танцы юных выканаўцаў.

Святочны вечар удаўся на славу. Наперадзе аграрны 2022 год. Пастаўлены новыя задачы, даведзена, што трэба зрабіць, колькі надаіць, вырасціць, а затым перапрацаваць і паставіць на стол беларусам. Не сумняваюся, што з такім прафесійным патэнцыялам усё намечанае нашым аграрыям удасца выканаць.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік

Яшчэ больш фотаздымкаў: https://ok.ru/budni/album/931186844808