Четверг, 25 апреля 2024

Рэпартаж са святкавання 78-й гадавіны Вялікай Перамогі ў Пружанах

569

Сонца 9 мая ззяла асабліва ярка, паветра было насычана пахам квітнеючых садоў, а ў душы гучала песня «Дзень Перамогі». Вось і прыйшоў 78-мы мірны май…

Адкрыліся святочныя мерапрыемствы ў Пружанах з мітынга на брацкім пахаванні, што на гарадскіх могілках па вуліцы Горка. Удзел ва ўшанаванні герояў, якія аддалі свае жыцці за вызваленне Пружан ад фашысцкай нечысці, прынялі старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, старшыня райсавета дэпутатаў Мікалай Кудравец, намеснікі старшыні райвыканкама, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук, прадстаўнікі ваеннага камісарыята, моладзь.

У гэты дзень не было радавога мерапрыемства, усе былі галоўнымі па-свойму. Адно з асноўных – шэсце па вуліцах Пружан святочнай калоны і мітынг каля помніка спаленым вёскам. У галаве ўрачыстай калоны ішлі прадстаўнікі маладога пакалення Пружаншчыны, члены ГА «БРСМ» неслі вялікае палотнішча Дзяржаўнага сцяга. Вялікай паўнаводнай ракой рухаліся па вуліцах горада прадстаўнікі прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый раёна, ветэраны, спартсмены, духавенства, сем’і з маленькімі дзецьмі…

Малыя выклікалі асаблівае замілаванне. Складвалася адчуванне, што яны вельмі пранікліся значнасцю светлага свята. Асаблівую ўрачыстасць шэсцю надавала музыка духавога аркестра, бой барабаншчыкаў. Па шляху следавання ўрачыстай калоны мы маглі чуць галасы дыктараў, якія расказвалі пра Вялікую Перамогу, уклад у яе пружанцаў. А яшчэ былі цікавыя пастаноўкі, жывыя інсталяцыі, харэаграфія. Удзельнікі шэсця неслі дзяржаўныя сцягі, а таксама сцягі прафсаюзаў, грамадскіх аб’яднанняў «Белая Русь», «БРСМ». Шматлікія партрэты герояў вайны, што неслі іх дзеці, унукі, праўнукі, якія прынялі ўдзел у акцыі «Беларусь памятае», утваралі сапраўдны бессмяротны полк. Гэта вельмі сімвалічна, бо Беларусь заўсёды памятае і будзе памятаць сваіх абаронцаў і вызваліцелей.

На пляцоўцы каля помніка спаленым вёскам, ля Вечнага агню, які быў запалены ад часцінкі агню з Паклоннай гары, што ў Маскве, і прывезены ўдзельнікамі міжнароднага аўтапрабега «Агонь памяці»,  прайшоў урачысты мітынг. Адкрыў яго старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. Словы Міхаіла Міхайлавіча аб гадах самай страшэннай вайны, доблесці і гераізме нашых байцоў, усяго беларускага народа, вызваленні, неабходнасці берагчы мір, не забываць сваю гісторыю, мацаваць незалежнасць і дабрабыт нашай краіны пранікалі ў кожнае сэрца, былі зразумелымі і вельмі трапнымі.

Да прысутных з цёплымі віншавальнымі словамі таксама звярнуліся ваенны камісар Пружанскага раёна Кірыл Шаўчэнка, благачынны цэркваў Пружанскай акругі протаіерэй Міхаіл Носка, пробашч касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі Павел Ярашэвіч, першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Ульяна Апаляйчук.

Пасля скорбнай хвіліны маўчання да ўзножжа помніка ляглі вянкі і жывыя кветкі ад удзячных патомкаў, якім завешчана берагчы мір на нашай зямлі. Такое завяшчанне пакінулі нашы героі Вялікай Айчыннай вайны, хто загінуў, пайшоў з жыцця ў мірны час і тыя, хто жыве, хто мае сілы прыходзіць на свята, дзяліцца сваімі ўспамінамі.

9 Мая пружанцы сустракалі і з ўсмешкамі на вуснах, і са слязьмі на вачах. У гэты дзень шмат пачуццяў змяшалася разам: радасць, сум, смутак, весялосць… Душу перапаўнялі пачуцці гонару за продкаў, якія цаной свайго здароўя і жыцця змаглі вызваліць Радзіму ад фашысцкай акупацыі.  Пасля ўрачыстага шэсця, мітынгаў і акцый удзельнікі і госці свята накіраваліся ў гарадскі парк, дзе была падрыхтавана вялікая колькасць інтэрактыўных пляцовак для карыснага і цікавага баўлення часу. Тут можна было пакаштаваць грэчку, шчодра запраўленую тушонкай, і чай: палявую кухню падрыхтаваў Пружанскі РАНС. Таксама супрацоўнікі аддзела разам са знакамітым Ратуйкам распаўсюджвалі лістоўкі і нагадвалі пра правілы бяспекі ў надзвычайных сітуацыях.

Перад палацыкам размясцілася кропка, дзе кожны жадаючы мог праверыць свой узровень ведаў па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Для гэтага работнікі культуры стварылі цікавую віктарыну.

Таксама прадстаўнікі культуры разам з ваенна-гістарычным клубам «За Радзіму!» падрыхтавалі інтэрактыўную пляцоўку «Адзін дзень з жыцця салдата». Тут можна было прайсці паласу перашкод, азнаёміцца з выставай зброі і тэхнікі. Акрамя таго, арганізатары запрашалі ўсіх жадаючых сфатаграфавацца на памяць у мудрагеліста аздобленай фотазоне, а таксама з тэхнікай ваеннага часу.

Прымераць на сябе той ці іншы элемент экіпіроўкі прапаноўвалі прадстаўнікі 210-га авіяцыйнага палігона, якія давалі магчымасць яшчэ і сабраць-разабраць аўтамат, а таксама супрацоўнікі Пружанскага аддзела Дэпартамента аховы, якія прысутнічалі на святкаванні разам з чатырохногім сябрам — службовай аўчаркай.

На працягу пяці гадзін актыўна ішла работа выязнога гандлю і забаўляльных пляцовак. Надзіманыя горкі, батуты, аква-грым, салодкая вата, продаж сувеніраў, цацак, цір і шашлыкі: адпачываючыя розных узростаў дакладна былі задаволены арганізацыяй святкавання!

А ў гэты ж час на гарадскім стадыёне праходзіў футбольны матч, арганізаваны СДЮШАР і РФСК «Мухавец». Футбалісты з ФК «Пружаны» разбіліся на дзве каманды. У склад каманды «ФК Пружаны-1» увайшлі больш сталыя гульцы, а каманда «ФК Пружаны-2» складалася з маладзейшых футбалістаў. Напружаны матч завяршыўся з лікам 5:4, перамагла каманда «ФК Пружаны-2».

РФСК «Мухавец» сумесна з клубам танцавальнага фітнэсу «Нічога лішняга» Ліноўскага сельскага Дома культуры арганізавалі на пляцоўцы перад палацыкам танцавальны флэшмоб. Тон задавала трэнер клуба «Нічога лішняга» Вольга Ільіч. Гледачы цёпла прынялі дзяўчат і нават падтанцоўвалі ў такт музыцы.

Асаблівы ўклад у стварэнне святочнага настрою пружанцаў унеслі работнікі культуры, якія тры гадзіны бесперапынна вялі канцэртную праграму «Песні Перамогі» ў амфітэатры ў гарадскім парку. Вядомыя хіты ваеннага часу і сучасныя кранальныя навінкі — выканаўцы падабралі проста выдатны плэйліст, які нікога не пакінуў раўнадушным. Пачаў канцэрт і адразу задаў добры настрой песняй «Святочная» вакальны калектыў «Клепачанка» з Кляпацкага сельскага Дома культуры. Таксама на свяце выступілі дуэты і сольныя выканаўцы з Мокраўскага, Навазасімавіцкага, Слабудскага сельскіх Дамоў культуры і аўтаклуба. Ад Пружанскага Дома культуры — трыа «Solo», народны хор «Чырвоны гваздзік», народны хор «Вербніца» і шмат сольных выканаўцаў. Сваімі запамінальнымі і прыгожымі выступленнямі гледачоў парадаваў узорны ансамбль танца «Круцёлачкі». Трэба адзначыць падрыхтаванасць і прафесіяналізм артыстаў, якія здолелі выклікаць масу станоўчых эмоцый у гледачоў, сярод якіх былі як людзі сталага ўзросту, так і моладзь, падлеткі, сямейныя пары з дзецьмі.

Даспадобы людзям прыйшлася і танцавальная праграма «І зноў у парку музыка гучыць», бо тут работнікі культуры паклапаціліся і пра пэўны інтэрактыў. Удзельнікі народнага ансамбля танца «Спадчына» за-прасілі прысутных на танцы пад песні ваенных гадоў. Акрамя таго, дзякуючы артыстам Палаца культуры пружанцы і госці горада далучыліся да акцыі «Вальс Перамогі». 

Няхай сэрца радуецца, вочы не ведаюць пакутніцкіх слёз і нішто ў краіне не зможа парушыць свабоду, шчасце і спакой, за якія змагаліся нашы дзяды і прадзеды. Няхай у нас і нашых дзяцей будзе мірнае неба над галавой, чысціню якога больш ніколі не заслоняць жахі вайны.  

Віктар Ільюшчанка, Юлія Янушка, Валерыя Адамчук, студэнтка журфака БДУ Фота Кацярыны Масік і аўтараў

Фотаальбомы з урачыстага мерапрыемства: https://vk.com/album-23306785_292933878 і https://ok.ru/budni/album/960867049096