Людзям, якія займаюцца любімай справай, можна толькі пазайздросціць. Але ж ніколі не позна памяняць працу, што аказалася руцінай, на занятак, які будзе па душы і прынясе задавальненне. Прыкладаў такіх смелых людзей не так многа, але яны ёсць. Ірына Паляжаева якраз з такіх: пару гадоў таму яна адважылася кардынальна памяняць жыццё, пра што ніколькі сёння не шкадуе.
У свой час лёс закінуў ураджэнку Ружан у горад над Бугам. І, магчыма, яна так і працавала б на «калгасным» рынку прадаўцом, каб не справа выпадку і не сяброўка, якая падштурхнула да адважнага кроку.
Гэта адбылося ў 2012 годзе перад самым Вялікаднем — у перадсвяточны перыяд, які, паводле слоў самой Ірыны, амаль кожны год становіцца для яе ў той ці іншай меры новай прыступкай у жыцці.
— Убачыла работу ў тэхніцы дэкупаж і вырашыла стварыць такую прыгажосць сваімі рукамі. Ды захапілася так, што не заўважыла, як ужо нарабіла некалькі дзясяткаў дэкаратыўных велікодных яек, —успамінае Ірына Паляжаева. — Чаго мне доўгі час не хапала, дык гэта ўпэўненасці. Многія знаёмыя хвалілі мяне за залатыя рукі, але шчыра здзіўляліся, навошта я марную час на гэтыя рэчы: маўляў, усё гэта пылазборнікі, якія нікому не цікавыя і таму не патрэбныя.
Рамесніца прызнаецца, што падобныя цяжкасці, жаданне даказаць апаненту адваротнае заўсёды падсцёбваюць яе да рашучых дзеянняў. Але напачатку Ірынінай сяброўцы давялося доўга падштурхоўваць яе да кроку, які аказаўся лёсавызначальным. Падчас перадсвяточнага кірмашу прыгожых велікодных яек ручной работы не хапіла ўсім жадаючым: пакупнікі разабралі іх літаральна за паўтары гадзіны.
Праз год, дарэчы, ізноў перад Вялікаднем, Ірына Паляжаева ўжо прымала ўдзел у выставе рамеснікаў. Шкатулкі, ёмістасці для крупаў, ключніцы, зробленыя яе рукамі, выглядалі як сапраўдныя творы мастацтва: дэкарыраванне ў тэхніцы «тэра», дзе выкарыстоўваецца спецыяльная шпаклёвачная маса і сухацветы, выгадна вылучае работы гэтай майстрыхі. Пакуль наведвальнікі «Акадэміі рамёстваў» захапляліся яе творамі ручной работы, сама жанчына не магла адцягнуць позірк ад разнастайных упрыгожанняў, зробленых рукамі іншых умеліц.
— Гэта сёння я магу адрозніць сапраўды ручную работу ад біжутэрыі, якая выдаецца за такую работу. На жаль, каля 70% майстроў сёння — псеўдарамеснікі, якія выдаюць кітайскія вырабы як арыгінальныя ўпрыгожанні, зробленыя сваімі рукамі, — са шкадаваннем дзеліцца ўласнымі назіраннямі субяседніца.
Спачатку рамесніца, як прызнаецца сама, была тым яшчэ дылетантам: апантаная жаданнем хутчэй зрабіць арыгінальныя завушніцы, бранзалецікі, каралі і брошкі, накупіла, як аказалася, няякаснай дробязі. Разабраўшыся ў нюансах па-свойму ювелірнай работы, асвоіўшы азы стварэння розных відаў упрыгожанняў, вывучыўшы асновы зборкі гэтых вырабаў і віды матэрыялаў, майстрыха закупіла натуральных камянёў, спецыяльнага ліставога металу, латуннай сеткі…
Сёння Ірына Паляжаева лепш за іншых мужчын разбіраецца ў відах круглагубцаў і танкагубцаў, умее выдатна абыходзіцца з газавай гарэлкай, любым відам нажніцаў па метале і многімі іншымі нежаночымі інструментамі.
Рамесніца з Ружан падкрэслівае:
— Я вельмі захапляюся людзьмі, якія дасканала валодаюць мастацтвам пляцення з дроту: аўтарскую ідэю вельмі нялёгка ўвасобіць у жыццё. Хаця ў гэтай справе нічога лёгкага няма.
Але ні параненыя да крыві аб латунную сетку і дрот пальцы, ні іншыя цяжкасці не адбілі ў яе ахвоту да вырабу ручной біжутэрыі. Варта зазначыць, Ірына Леанідаўна не збірае свае работы з гатовых нарыхтовак: практычна кожная дэталька ў яе ўпрыгожаннях зроблена асабіста ёю. Асаблівую прыхільнасць мае да халоднай коўкі металу.
— Перш чым авалодаць дэфоўкай, давялося перачытаць шмат літаратуры, азнаёміцца з асаблівасцямі розных відаў металу і іх апрацоўкай…
Ірына Леанідаўна з веданнем справы і непадробным задавальненнем дзеліцца набытымі ведамі: ад гісторыі з’яўлення тэхнікі халоднай апрацоўкі металу да асаблівасцей інструментаў, якія для гэтага патрэбны.
Гледзячы на работы рамесніцы, адразу бачыш, што яна выкарыстоўвае толькі ўласныя аўтарскія задумкі. Работы, падобныя на яе вырабы, наўрад ці яшчэ дзе-небудзь сустрэнеш.
Трымаючы ў руках адну са шматлікіх сваіх работ, Ірына Леанідаўна дэманструе і каментуе:
— Гэта ўніверсальная рэч: можа выкарыстоўвацца і як каралі, і як брошка, і як заколка, і як кулон. А вось гэта ўпрыгожанне ніколі не здагадаецеся, з чаго зроблена! Калі гуляла ў мясцовым дэндрарыі, дзе ў свой час былі высаджаны як характэрныя, так і нетыпічныя для нашай мясцовасці дрэвы, падабрала кару граба і грэцкага арэха. Вось такое арыгінальнае прымяненне ў вырабе біжутэрыі ёй знайшлося.
Хочацца адзначыць, што арыгінальны падыход Ірыны Леанідаўны адчуваецца нават у мокрым качанні з воўны — яшчэ адным відзе рукадзелля, якім яна авалодала.
…Вось ужо некалькі гадоў як Ірына Паляжаева вярнулася ў родныя Ружаны. У канцы 2016 года яна атрымала дазвол на правядзенне выстаў-кірмашоў вырабаў ручной работы на тэрыторыі палацавага комплексу Сапегаў. Акрамя таго, верыць, што ёй некалі ўдасца стварыць там рамесніцкі падворак — увасобіць яшчэ адну сваю ідэю ў жыццё. Увогуле Ірына Леанідаўна — сапраўдная скарбніца ідэй.
— Чаму б не праводзіць раз на тыдзень дзень беларускай культуры ў мясцовым санаторыі? Чаму б з дапамогай рамеснікаў не павышаць турыстычны патэнцыял пасёлка? У мяне шмат ідэй на гэты конт. Не хапае толькі падтрымкі, — са шкадаваннем зазначае Ірына Леанідаўна.
У прамежках паміж сваімі працоўнымі буднямі Ірына Паляжаева прымае ўдзел у выставах, кірмашах, фестывалях, удзельнічае ў жыцці абласной прафсаюзнай арганізацыі рамеснікаў Брэстчыны. Зусім нядаўна, напрыклад, адна з яе калекцый была прадэманстравана на міжнародным этна-фестывалі падчас паказу мод у Нацыянальнай школе прыгажосці ў Мінску. Вынікамі яе дзейнасці захапляліся наведвальнікі разнастайных мерапрыемстваў у Польшчы. А ўпрыгожанні носяць ужо не толькі беларускі, але і расіянкі, полькі, немкі, італьянкі і прыгажуні іншых краін. На жаль, ад многіх прапаноў, як, напрыклад, ад паездкі на выставу ў Лондан, жанчыне даводзіцца адмаўляцца з-за адсутнасці фінансавых магчымасцей.
— Без перабольшання, у тэхніцы, у якой працую я, аксесуары стварае вельмі мала майстроў (у Беларусі, наколькі мне вядома, — ніхто). Па гэтай прычыне мяне неаднойчы пераманьвалі шчыраваць у Польшчу. Мне ж хочацца спадзявацца, што і ў нас пачне больш высока цаніцца ручная рамесная праца. Я веру, што змагу пераадолець чалавечую абыякавасць і праславіць тое месца, дзе нарадзілася.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).