Сяргей Іванавіч, жыхар г. Пружаны:
— З раённай газетай знаёмы з ранняга дзяцінства. Родам з вёскі Бакуны-2, і бацькі заўсёды выпісвалі «раёнку», уся наша сям’я любіла і любіць яе чытаць.
У першую чаргу, калі адкрываю свежы нумар, праглядаю старонку з аб’явамі і рэкламай. Мы з жонкай — індывідуальныя прадпрымальнікі, у нас сямейны бізнес, таму не раз змяшчалі рэкламу ў «Раённых буднях». Можна сказаць, што пра нас ведаюць у тым ліку дзякуючы мясцовай газеце. Размяшчаць аб’явы і рэкламу ў «раёнцы» раю ўсім: яна дапамагае прасоўванню вашых тавараў ці паслуг. Так, сёння многае ёсць у інтэрнэце, але і папяровую газету адкідаць убок не варта.
Яшчэ мне падабаюцца матэрыялы пра сад і агарод, люблю пачытаць «АўтаБудні». Пытаннямі ж падпіскі звычайна займаецца жонка, будзем выпісваць «Раённыя будні» і ў новым, 2024-м. Усіх з надыходзячымі святамі! Здароўя — пружанцам, больш рэкламы і аб’яў — нашай газеце!