Два гады таму на Новы год Дзед Мароз прынёс дзяўчынцы Ганне незвычайны, але вельмі чаканы падарунак – шчаня пароды шы-тцу. Зразумела, выбраць пароду чараўніку дапамагала мама Алёна, бо хто, як не мама, ведае ўсе асаблівасці характару свайго дзіцяці, звычкі і патрэбы.
Размовы аб тым, каб завесці сабаку, у сям’і вяліся каля пяці гадоў. Моцнае жаданне займець чатырохногага сябра стрымлівала адна акалічнасць – алергія ў дзяўчынкі.
— Дапамог інтэрнэт, — тлумачыць мама. – Мы шукалі самую гіпаалергенную пароду. Так я даведалася пра “кітайцаў” шы-тцу, якія не ліняюць і не выдзяляюць ніякага паху. І чым больш чытала пра іх, тым больш улюблялася: яны любяць дзяцей, не вылучаюць любімчыкаў сярод членаў сям’і, як амаль усе іншыя сабакі, ласкавыя. Таму перад святамі пытанне, каго менавіта прасіць у Дзеда Мароза, нават не паўстала.
— Адзіным недахопам гэтай пароды лічыцца складаны догляд шэрсці. Як кажуць, прыгажосць патрабуе ахвяр. Нашу Марту мы расчэсваем штодня, раз у два з паловай тыдні мыем спецыяльнымі сродкамі і раз у два месяцы адвозім да грумера. Чым даўжэйшая шэрсць, тым сабака выглядае “мімімішней”, але мы стараемся прытрымлівацца “залатой сярэдзіны”: каб і выгляд быў прывабным, і каб ёй было зручна, — дзеліцца парадамі Алёна і тут жа выдае яшчэ адзін сакрэт.
— Марта вельмі чуллівая і ўмее… плакаць. Яна вельмі сумуе, пакуль нас няма дома, кожны раз даводзіцца тлумачыць, што людзям неабходна хадзіць на работу і ў школу, вось у такія моманты яна можа і заплакаць. Апошняга, хто выходзіць, яна праводзіць сумным позіркам, седзячы на падаконніку. Бадай, гэта адзінае, што нас засмучае. Здаецца, няма ў свеце больш ласкавай істоты, як наша Марта. Ну і, зразумела, калі Марта выходзіць на прагулку, то адразу трапляе ў цэнтр увагі. Дарэчы, наколькі мне вядома, сабак такой пароды ў Пружанах толькі тры.
Даведка:
Шы-тцу (сабака-леў, сабачка-хрызантэма) — адна з самых старажытных парод сабак. Карані гэтай пароды ідуць з Кітая. Да 20-х гадоў XX стагоддзя шы-тцу былі сабачкамі двара кітайскага імператара і мець іх іншым асобам забаранялася. Памылкова лічыць, што назва пароды з кітайскай мовы перакладаецца як «ільвяня». Больш правільны пераклад «сабачка-прыгажун».
Кацярына Пашкевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.